Марцін Сайдзік: мінскія пагадненні неабходныя і безальтэрнатыўныя

- 12:15Інфармацыйная гадзіна

Спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны Марцін Сайдзік па выніках праведзеных у Мінску перагавораў падкрэсліў сваю прыхільнасць да мінскіх пагадненняў.

“Абапіраючыся на свой больш як трохгадовы вопыт работы, хачу яшчэ раз падкрэсліць маю поўную прыхільнасць да мінскіх пагадненняў і асабістую перакананасць у іх неабходнасці і безальтэрнатыўнасці для мірнага ўрэгулявання канфлікту на ўсходзе Украіны, — сказаў Марцін Сайдзік. — Гэта наша агульная задача — мая, каардынатараў рабочых груп і ўсіх удзельнікаў мінскага працэсу — зрабіць усё неабходнае для іх поўнай імплементацыі (мінскіх дамоўленасцей. — Заўв.БелТА.)”.

Як адзначыў дыпламат, захаванне бяспекі і дастойных умоў жыцця для насельніцтва ў зоне канфлікту з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў дзейнасці ТКГ. У мінулым годзе ўдалося істотна скараціць колькасць ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва — да самага нізкага ўзроўню з пачатку канфлікту. І гэтая тэндэнцыя ў бягучым годзе пакуль захоўваецца. Пры гэтым, згодна з папярэднімі данымі СММ АБСЕ, з пачатку года па стане на 28 студзеня не было зарэгістравана ні адной грамадзянскай ахвяры. Паводле слоў Марціна Сайдзіка, гэта відавочны доказ таго, што работа трохбаковай кантактнай групы ў Мінску дае вынікі.

Спецпрадстаўнік нагадаў, што 25 студзеня адбылася відэаканферэнцыя дыпламатычных саветнікаў “нармандскай чацвёркі”, дзе было вырашана ўдзяліць першачарговую ўвагу гуманітарным пытанням: паляпшэнню ўмоў перасячэння лініі сутыкнення, абмену ўтрыманымі асобамі, забеспячэнню захаванасці жыццёва важнай грамадзянскай інфраструктуры і многім іншым. Гэтыя тэмы сталі прадметам абмеркавання ТКГ і яе рабочых груп.

Эканамічная рабочая група абмяркоўвала, у прыватнасці, актуальныя пытанні водазабеспячэння. Спецпрадстаўнік падкрэсліў, што гэта было першае пасяджэнне эканамічнай падгрупы пад кіраўніцтвам яе новага каардынатара — былога пасла Германіі ў Расійскай Федэрацыі Ульрыха Брандэнбурга.

У рабочай групе па бяспецы асноўнай стала дыскусія аб агульным стане бяспекі ў зоне канфлікту і захаванні рэжыму спынення агню. Гуманітарная падгрупа таксама ўдзяліла ўвагу пытанням абмену ўтрыманымі асобамі. Палітычная падгрупа прадоўжыла дыскусію па імплементацыі формулы Штайнмаера, амністыі і мадальнасцях мясцовых выбараў у АРДВ і АРЛВ.

Гаворачы аб абмене ўтрыманымі асобамі, спецпрадстаўнік падкрэсліў, што ў гэтай сферы па ўсіх напрамках працуе шмат людзей, аднак вынікі мінулага года не радуюць. “У мінулым годзе не было ні аднаго абмену — гэта сапраўды сумна. Мы спадзяёмся на лепшыя вынікі ў гэтым годзе”, — сказаў ён.