Мару, фантазірую і гуляю разам з выхаванцамі

Васямнаццаць гадоў працуе выхавальніцай дашкольнай адукацыі ў яслях-садзе № 5 Смалявіч Наталля Васільеўна Мінкевіч. Яе маці, Раіса Мікалаеўна Ламаносава, таксама шмат гадоў працавала ў гэтым садку выхавальніцай. Маленькая Наташа дапамагала маме ўпрыгожваць памяшканне групы перад ранішнікамі або святамі, а ў гульнях з іншымі дзецьмі яна заўсёды выконвала ролю выхавальніка.

Фота да матэрыялу: Мару, фантазірую і гуляю разам з выхаванцамі.

І якім жа вялікім здзіўленнем для ўсіх калег нашай установы было тое, што юная Наталля не пайшла вучыцца ў педагагічную ўстанову! Дзяўчына скончыла Жодзінскі прафесійна-тэхнічны ліцэй, дзе набыла практычныя навыкі па пашыве адзення, пасля паступіла ў Барысаўскі дзяржаўны каледж на спецыяльнасць “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”.

Каб быць сапраўдным педагогам, трэба пастаянна цікавіцца навінкамі метадычнай літаратуры, выкарыстоўваць сучасныя педагагічныя тэхналогіі. Наталля Васільеўна павышала свой прафесійны ўзровень праз наведванне раённых метадычных аб’яднанняў, павышэнне кваліфікацыі на базе МАІРА, самаадукацыю. У 2016 годзе атрымала дыплом аб заканчэнні Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” з прысваеннем кваліфікацыі “педагог”.

Выхавальнік — цудоўная прафесія, якая спалучае многія іншыя: мастака, цырульніка, экскурсавода, дыктара, артыста. У сваёй практыцы Наталля Васільеўна выкарыстоўвае матэрыялы Н.С.Старжынскай “Тэхналогія працэсу беларускамоўнага развіцця дашкольнікаў і навучанне грамаце ў дзіцячых садах з рускай і беларускай мовай навучання”, А.А.Петрыкевіч “Тэхналогія працэсу выхавання гуманных адносін да прыроды”, А.А.Страхі “Тэхналогія выкарыстання гульняў з прыроднымі матэрыяламі ў працэсе экалагічнага выхавання дашкольнікаў”. Асноўныя прынцыпы гэтых тэхналогій рэалізуюцца ў педагагічным праекце “Фарміраванне экалагічнай культуры ў выхаванцаў ва ўзаемадзеянні з бацькамі”. Наталля Васільеўна ўваходзіць у склад творчай групы па рэалізацыі гэтага праекта. Выкарыстоўвае выхавальніца і інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі, электронныя адукацыйныя рэсурсы Нацыянальнага адукацыйнага партала (у яе ёсць магчымасць праводзіць заняткі і гульні з дзеткамі з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі).

Наталля Васільеўна гаворыць, што ў жыцці няма большага шчасця, чым пастаянна адчуваць сябе патрэбнай дзецям. У адносінах да кожнага выхаванца яна праяўляе любоў, шчырасць, прызнае індывідуальнасць дзіцяці. Не заўсёды проста быць у форме, адказваць на ўсе “чаму?” дзяцей і бацькоў. А сучасныя бацькі вельмі патрабавальныя. Па-першае, яны чакаюць ад выхавальніка, што ён навучыць іх дзіця таму, на што ў бацькоў не хапае часу ці нават цярпення; па-другое, бацькі ўпэўнены, што кожнае дзіця павінна быць адорана ласкай, увагай сваёй “другой мамы” на працягу ўсяго працоўнага дня. Вечарам у гардэробным пакоі дзеці адно перад адным расказваюць сваім бацькам пра цікавыя падзеі дня: як хадзілі на экскурсію на чыгуначны вакзал, як даглядалі хатнія расліны, як падарожнічалі ў краіну Матэматыкі з Катацікам-Матэматыкам, як гулялі ў пажарных. І разам з імі была добразычлівая, ветлівая іх Наталля Васільеўна. Яна шмат ведае, з захапленнем расказвае, прыгожа спявае, адказвае на ўсе дзіцячыя пытанні. Менавіта таму ўдзельнічала ў раённым конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” ў 2014 годзе, з’яўляецца настаўнікам для маладых педагогаў.

Наталля Васільеўна мае вялікі вопыт работы з дзецьмі па папулярызацыі беларускай мовы ва ўмовах білінгвізму. Асноўнымі метадамі навучання дзяцей беларускай мове ў дашкольнай установе з рускай мовай навучання, якія выкарыстоўвае выхавальніца, з’яўляюцца прамы, супастаўляльны і камбінаваны метады. Навучанне выхаванцаў беларускай мове на аснове прамога метаду арганізуецца шляхам пагружэння іх у моўнае асяроддзе. У куточку беларускай мовы абсталяванне пашыта з любоўю рукамі прафесійнай швачкі, таленавітай выхавальніцы, сапраўднай беларускі, носьбіта нацыянальнай культуры. Педагог знаёміць дзяцей з развіццём ручнога ткацтва ў Беларусі на занятках габеленапляцення. Яна падрыхтавала картатэку беларускіх гульняў, вершаў, забаўлянак, загадак. З творчым падыходам Наталля Васільеўна аднеслася да стварэння лэпбука (тэматычнай папкі) “Зямля пад белымі крыламі”. Яе выхаванцы ўмеюць маляваць беларускі арнамент, васількі, плесці вяночкі. Прыгожай атрымліваецца і аплікацыя на фартушках, сукенках, хустачках. Паспяховаму авалоданню дзецьмі маўленчымі навыкамі на беларускай мове спрыяе арганізацыя не толькі заняткаў, але і ўвядзенне ў нерэгламентаваную дзейнасць беларускіх гульняў, праслухоўванне запісаў казак, вершаў на беларускай мове, падрыхтоўка інсцэ-ніровак, ролевых гульняў, гульняў-драматызацый на беларускай мове.

Наталля Васільеўна лічыць, што, каб выхаваць дастойных грамадзян, трэба, каб малышы ведалі і разумелі родную мову, спявалі песні на ёй, чыталі вершы, расказвалі казкі.

Галіна САДОЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 5 Смалявіч.