Мары аб фестывалі

Яшчэ бліжэй сталі родныя мясціны і іх гісторыя для выхаванцаў і бацькоў на пачатку гэтага лета: у Гродне адбыўся Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур.

Пазнаёміць глыбей з культурай розных народаў і нацыянальнасцей, тых, хто жыве побач з намі з дашкольнага ўзросту, каб выхоўваць патрыятычныя пачуцці, талерантнае стаўленне да дзяцей з асаблівасцямі развіцця, жаданне застацца на роднай зямлі і быць ёй патрэбным, паспрабавалі работнікі нашага цэнтра разам з творчай групай дарослых, выкарыстоўваючы незвычайныя падыходы ў афармленні тэрыторыі установы.

“Намалюем родны край!” — вырашылі самыя маленькія жыхары нашага Парэчча. І з’явіліся на асфальце знаёмыя дамы, іншыя будынкі, сярод якіх і наш цэнтр развіцця дзіцяці. Цудоўны настрой для малявання і цікавыя старонкі гісторыі народаў Парэчча дапамагалі стварыць казачныя героі і заснавальнік мясціны віцэ-аканом Іосіф Недзялкоўскі. “Пасяліліся” на вуліцы і транспартныя сродкі, і дрэвы, і паветраны шар. А выхаванцы інтэграванай групы прапанавалі аграгарадок будучыні — з новымі высокімі дамамі, гульнявымі пляцоўкамі і мноствам цацак.

Мараць дзеці самі праз гады паўдзельнічаць у фестывалі. Так з’явілася кветачка-вясёлка, зробленая з выкарыстаннем каляровых апілак — сімвал свята. З надыходам восені не завяне, а будзе натхняць. Музычная школа, якую з дашкольнага ўзросту наведваюць нашы выхаванцы — удзельнікі фестывалю вось ужо на працягу больш дзесяці гадоў, упэўнены, дапаможа ажыццявіць мары.

Леакадзія ЦІМАФЕЕВА,
загадчык Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці
аграгарадка Парэчча Гродзенскага раёна.