Мары пра космас збываюцца

- 11:35Навіны рэгіёнаў

Смарт-цэнтр астраноміі і астрафізікі “Сірыус” адкрыўся ў ліцэі № 1 Гродна ў верасні і ўжо запрашае на экскурсіі і заняткі вучняў і педагогаў устаноў адукацыі вобласці.

Цэнтр дазваляе зрабіць працэс навучання школьнікаў цікавым і займальным. Найноўшыя IT-тэхналогіі, тэхналогіі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, сучасны тэлескоп і інтэрактыўны глобус нікога не пакінуць абыякавымі. З іх дапамогай можна адправіцца ў палёт на Марс ці на міжнародную касмічную станцыю, апусціцца ў нетры Зямлі. А для назіранняў за зоркамі, планетамі, спадарожнікамі планет праз тэлескоп, аб якім можна толькі марыць, ліцэісты адпраўляюцца за горад. 

— Развіваць астранамічныя веды не толькі ў старшакласнікаў, але і ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту, фарміраваць навуковы светапогляд — вельмі важная задача. З гэтай мэтай і быў створаны смарт-цэнтр, — расказаў дырэктар ліцэя № 1 Гродна Ігар Маслаў. — На працягу апошніх дзесяці гадоў у нашым ліцэі практычна штогод былі пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд па астраноміі, удзельнікі міжнародных алімпіяд па астраноміі і астрафізіцы, у тым ліку і бронзавы прызёр 2012 года ў Рыа-дэ-Жанэйра Яўген Абухоўскі. А ў мінулым годзе ўся каманда Гродзенскай вобласці на рэспубліканскай алімпіядзе была прадстаўлена вучнямі ліцэя. 

Цэнтр складаецца з трох зон: віртуальнай рэальнасці, інфармацыйнай і дыскусійнага ўзаемадзеяння. Гэта смарт-клас, таму і ўсе аб’екты незвычайныя. Касмічная смарт-галерэя распрацавана навучэнцамі ліцэя, у прыватнасці, у яе стварэнні прымала ўдзел выпускніца ліцэя, а сёння ўжо студэнтка факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы Ксенія Гаравенка. Смарт-галерэя скаладаецца з некалькіх блокаў: астранамічныя з’явы на Зямлі, аб’екты Сонечнай сістэмы, чалавек у космасе і аб’екты далёкага космасу. Але ў чым яе асаблівасць? Гэта не проста ілюстрацыі, размешчаныя на сцяне памяшкання, яны дапамагаюць дзіцяці пашырыць прастору і выйсці за межы гэтага кабінета.

На некаторыя аб’екты напластавана дапоўненая рэальнасць — аэратэхналогіі. Вучань наводзіць мабільны тэлефон, сканіруе малюнак, і тут жа ажывае відэаролік. Напрыклад, навёўшы тэлефон на фотаздымак Гагарына, можна выйсці ў музей касманаўтыкі. Магчымасцей шмат. Гэта не проста традыцыйныя QR-коды. З дапамогай створанага вучнямі ліцэя мабільнага дадатку экран тэлефона становіцца акном, у якім дэманструецца дапоўненая рэальнасць у выглядзе адукацыйнага роліка з праверачнымі заданнямі. Прычым кожны вучань можа адкрываць свой малюнак, такім чынам адначасова задзейнічана шмат дзяцей класа. Пакуль усё гэта на стадыі распрацоўкі. У выніку павінна атрымацца, што кожны аб’ект смарт-галерэі стане асобным відэаролікам з заданнямі. Унікальнасць смарт-галерэі ў тым, што яна будзе пастаянна абнаўляцца.


Смарт-галерэя дапамагае дзіцяці пашырыць прастору і выйсці за межы кабінета.

Ёсць у смарт-цэнтры і іншыя разумныя аб’екты. Напрыклад, глобус, распрацоўка расійскіх навукоўцаў. Пэўныя аб’екты на глобусе праецыруюцца на экран. Дзіця можа ўбачыць славутасці свету ці нават унутраную будову Зямлі ў разрэзе. Прадстаўлена розная тэматыка: касмічная, геаграфічная і фізічная. Такія заняткі падыходзяць больш для маленькіх, ім вельмі цікава. Дарэчы, у ліцэі плануюць арганізаваць цыкл мерапрыемстваў для рознаўзроставай аўдыторыі, у іх ліку і заданні з разумным глобусам для малодшых школьнікаў.

Акрамя аэратэхналогій, у смарт-цэнтры прадстаўлены тэхналогіі віртуальнай рэальнасці. Адпаведнае абсталяванне дазваляе на ўзроўні максімальных адчуванняў, эмоцый аказацца на МКС, убачыць касманаўтаў і нават адчуць сябе сярод іх. У адрозненні ад аэратэхналогій, дзе проста паказаны відэаматэрыял і дадатковая інфармацыя, тут ужо іншы ўзровень адчуванняў — максімальнай прысутнасці. І канечне, гэта важна для выкладання астраноміі, бо ўсе касмічныя аб’екты знаходзяцца далёка ад нас і іх вывучэнне дзецям вельмі цікава. 

— У будучыні плануем супрацоўнічаць з факультэтамі мастацтваў і дызайну, матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ імя Янкі Купалы па стварэнні сумесных адукацыйных распрацовак, у якіх прымуць удзел нашы навучэнцы фізіка-тэхнічнага профілю і студэнты. Ёсць задума зрабіць цэлую бібліятэку такіх адукацыйных праграмных прадуктаў у супрацоўніцтве з рэгіянальнай УВА, — падзяліўся планамі дырэктар ліцэя. — Работа са студэнтамі і з навучэнцамі — гэтыя два кірункі будуць рэалізоўвацца ў бягучым навучальным годзе. Таму запрашаем да нас не толькі школы абласнога цэнтра, але і ўсёй Гродзенскай вобласці. Гэта можа быць і экскурсія, і заняткі або проста дыдактычная гульня па тэматыцы космасу. Мы можам падрыхтаваць заняткі па тэме, якая будзе цікавай педагогам альбо вучням. 

Смарт-цэнтр толькі адкрыўся, а яго наведвальнікамі ўжо сталі не толькі ліцэісты, але і навучэнцы іншых устаноў адукацыі Гродна. У рамках курсавой падрыхтоўкі ў ГрАІРА цэнтр наведалі настаўнікі фізікі Гродзенскай вобласці. Смарт-цэнт становіцца сапраўдным рэсурным цэнтрам, які да таго ж актыўна развіваецца. 

— Мы імкнёмся не проста асвойваць тэхнічныя магчымасці новага цэнтра, а выкарыстоўваць іх на карысць адукацыі і выхавання, — падкрэсліў Ігар Маслаў. — Ніхто не адмяняў карты, падручнікі, але тэхналогіі віртуальнай рэальнасці дазваляюць зрабіць працэс адукацыі больш цікавым, яркім. Дзякуючы таму, што ў нас вельмі грунтоўна прадстаўлены фізіка-тэхнічны профіль, у перспектыве плануем, што ліцэй стане гарадскім цэнтрам робатызаванай іжынерыі. У гэтым годзе ўступілі ў рэспубліканскі эксперыментальны праект “Апрабацыя варыянтаў выкарыстання 3D-прынтараў у адукацыйным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Будзем вучыць дзяцей першасным інжынерным навыкам лічбавых тэхналогій.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.