Мары збываюцца са Scratch!

У Оршы прайшоў фінал Віцебскай абласной алімпіяды па праграмаванні ў асяроддзі Scratch сярод навучэнцаў 5—6 класаў. Яе арганізатары — упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, Віцебскі абласны ІРА, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава і аддзел адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама.

У першым (дыстанцыйным) туры алімпіяды прынялі ўдзел больш за 200 навучэнцаў 5—6 класаў устаноў адукацыі Віцебшчыны. У фінале спаборніцтваў сустрэліся 30 лепшых скрэтчараў.

Заданні алімпіяды былі падрыхтаваны выкладчыкамі ВДУ імя Машэрава пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры інфарматыкі і інфармацыйных тэхналогій, кандыдата фізіка-матэматычных навук, старшыні журы алімпіяды Таццяны Алейнікавай. Дарэчы, Таццяна Рыгораўна сама практыкуе курс праграмавання ў асяроддзі Scratch у ІТ-акадэміі “Свет будучыні” на факультэце матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій універсітэта.

Па словах начальніка аддзела па падтрымцы і развіцці педагагічных ініцыятыў у рабоце з адоранымі дзецьмі Віцебскага абласнога ІРА Аляксандра Кандратовіча, у вобласці праводзіцца шмат мерапрыемстваў па праграмаванні ў асяроддзі Scratch. У мінулым годзе прайшлі дыстанцыйная алімпіяда сярод вучняў 2—4 класаў, якая аб’яднала 950 удзельнікаў, абласны конкурс “Юны скрэтчар” сярод вучняў 2—7 класаў (больш за 300 работ). А ўвогуле вывучэнне гэтага асяроддзя ў навучальных установах пачалося ў 2011 годзе. Першапраходцамі ў гэтым напрамку былі настаўнікі інфарматыкі Святлана Іванова (Орша), Лідзія Раманчук (Глыбокае), Алена Кемстач (Наваполацк).

Сапраўдным падарункам для педагогаў і навучэнцаў, якія займаюцца праграмаваннем у асяроддзі Scratch, стала сустрэча з Мітчэлам Рэзнікам, прафесарам Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, стваральнікам мовы праграмавання Scratch, прыезд якога ў Оршу быў арганізаваны адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій. Прафесар пагутарыў з фіналістамі і пажадаў ім поспехаў у вырашэнні складаных заданняў алімпіяды. Дарэчы, з 2016 года на Віцебшчыне рэалізуецца інавацыйны праект Міністэрства адукацыі “Укараненне мадэлі арганізацыі пазаўрочнай праектнай дзейнасці навучэнцаў на І і ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем асяроддзя праграмавання Sсratch”. У цяперашні час у вобласці толькі на факультатыўных занятках вывучаюць праграмаванне ў асяроддзі Scratch 2255 навучэнцаў 2—6 класаў, што складае 43,39% ад агульнай колькасці тых, хто вывучае яго ў нашай краіне, прычым больш за 53% навучэнцаў — вучні 2—4 класаў.

На закрыцці алімпіяды пераможцы атрымалі дыпломы з рук Мітчэла Рэзніка і членаў журы. Так, дыпломамі І ступені ўзнагароджаны Андрэй Караткоў (Псуеўская дзіцячы сад — сярэдняя школа Глыбоцкага раёна), Дзмітрый Антоненка (гімназія Барані), Данііл Аўчыннік (сярэдняя школа № 1 Новалукомля).

Дыпломаў ІІ ступені ўдастоены Арсеній Сідоркін (сярэдняя школа № 2 Оршы), Максім Осіпаў (сярэдняя школа № 17 Оршы), Максім Раманенка (сярэдняя школа № 6 Оршы), Іван Вашкевіч (сярэдняя школа № 15 Барані), Георгій Цюніс (сярэдняя школа № 31 Віцебска).

Дыпломы ІІІ ступені атрымалі Даніла Манькоўскі (сярэдняя школа № 12 Оршы), Мікіта Самцоў (Яновіцкая сярэдняя школа Віцебскага раёна), Мікіта Кліменка (сярэдняя школа № 15 Барані), Дзмітрый Буевіч (сярэдняя школа № 1 Новалукомля), Вікторыя Мядзведзева (сярэдняя школа № 21 Оршы), Эвеліна Шуран (Глыбоцкая раённая гімназія), Віталія Куўшынава (сярэдняя школа № 2 Глыбокага).

Ва ўсіх удзельнікаў мерапрыемства надоўга застанецца ў памяці шмат прыемных уражанняў, а аўтографы і фотаздымкі будуць нагадваць пра сёлетнюю алімпіяду.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *