Мары здзяйсняюцца

- 12:01Людзі адукацыі

У дзяцінстве яна марыла аб журналістыцы і рэжысуры, а стала настаўнікам, але такім настаўнікам, які ў сваёй дзейнасці аб’ядноўвае педагогіку… з журналістыкай і тэатрам.

— Школа стала для мяне тым месцам, — гаворыць настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Скідзеля Наталля Іванаўна Чаркес, — дзе я рэалізавала свае мары.
Шмат гадоў Наталля Чаркес кіравала школьным тэатрам, была аўтарам і рэжысёрам шматлікіх пастановак. У 2012 годзе арганізавала ў школе клуб юных журналістаў “Твой фармат”. Поспехі яе вучняў такія, што на працягу апошніх гадоў яны па выніках рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі “Свежы вецер” узнагароджваюцца адпачынкам у лагеры “Зубраня”. А яшчэ ў школе выпускаецца газета “Твой фармат”, дзе Н.І.Чаркес — галоўны рэдактар. А яшчэ Наталля Іванаўна — пастаянны аўтар “Настаўніцкай газеты” і мясцовых выданняў “Перспектыва” і “Гродзенская праўда”. Такіх “а яшчэ” можна дадаць шмат, але галоўнае тое, што Наталля Іванаўна — выдатны настаўнік, настаўнік-метадыст. А такая кваліфікацыя пакуль толькі ў васьмі педагогаў Гродзенскай вобласці. Вучні Н.І.Чаркес — пастаянныя ўдзельнікі прадметных алімпіяд і творчых конкурсаў. Вось і выдатніца Ліза Пазняк, якую вы бачыце на здымку разам са сваёй настаўніцай, а таксама навуковым кіраўніком, у паслужным спісе мае шмат дасягненняў. Толькі ў гэтым годзе яна ўзнагароджана дыпломам III ступені Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі навучэнцаў старшых класаў, студэнтаў і аспірантаў “Памяць аб Вялікай Перамозе супраць фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны”, арганізаванай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі Расійскай Федэрацыі, дыпломам II ступені Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ, арганізаванага Інстытутам тэалогіі БДУ, дыпломам II ступені Гродзенскай абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Край Гарадзенскі”, дыпломам III ступені Гродзенскай раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Першыя крокі ў навуку”. Нядаўна стала пераможцай Рэспубліканскага конкурсу сачыненняў “За што я люблю сваю вёску?”, які праводзілі Беларускі саюз жанчын і Беларускі прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу.
Вучні Наталлі Іванаўны тройчы станавіліся пераможцамі алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, тройчы былі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Дыпломам фонду адзначана і сама Н.І.Чаркес.
Наталля Іванаўна адкрывае сваім вучням не толькі свет граматыкі і літаратуры. Яна дае магчымасць адкрываць свет у прамым сэнсе гэтага слова. Так, школьнікі з невялікага беларускага гарадка неаднаразова ўдзельнічалі ў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў “Санкт-Пецярбург. Царскае Сяло. Пушкін і культура”. У выніку — два дыпломы лаўрэата, два дыпломы Сусветнага клуба пецярбуржцаў “За пецярбургскі стыль у навуцы”. Уд зел у Міжнароднай алімпіядзе па рускай мове “Святлазар” дазволіў скідзельскім школьнікам тройчы пабываць у Маскве.
Мае адзнакі і сама Наталля Іванаўна: у 2006 годзе яна стала лаўрэатам VI Міжнароднага Пушкінскага конкурсу для настаўнікаў рускай мовы краін СНД і Балтыі. У 2010 годзе ёй была прысуджана прэмія Гродзенскага райвыканкама “Лепшы настаўнік устаноў адукацыі Гродзенскага раёна”. У мінулым годзе Н.І.Чаркес стала пераможцай раённага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”.
Шмат часу прысвячае Наталля Іванаўна рабоце з маладымі настаўнікамі, з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры.
Настаўнік моцны сваімі вучнямі, а вучні не могуць рэалізаваць сябе без сапраўднага педагога. Вучаніца філалагічнага класа Ліза Пазняк марыць стаць эканамістам. А яе настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Іванаўна Чаркес гаворыць, што вельмі добра, калі эканаміст будзе філалагічна выдатна адукаваны.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.