Марына Грынюк: «Варта арыентаваць моладзь на самаразвіццё і ў грамадзянскім аспекце»

- 13:05Моя гражданская позиция

Пра важнасць інфармацыйнай работы з маладымі кадрамі, членства ў палітычнай партыі “Белая Русь” карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала загадчыца дзіцячага сада № 10 Ліды Марына Грынюк.

—  25 лютага ў Беларусі ўпершыню пройдзе адзі­ны дзень галасавання. На выбарах будзе сфарміраваны новы склад парламента, таксама грамадзяне выберуць дэпутатаў мясцовых Саветаў розных узроўняў. Для мяне гэта вельмі адказнае мерапрыемства. Як кіраўнік лічу сваім абавязкам право­дзіць адпаведную інфармацыйную работу ў працоўным калектыве. Хачу данесці людзям, наколькі гэта важны перыяд у жыцці краіны, як ён будзе ўплываць на наш дабрабыт. Асаблівую ўвагу ўдзялю рабоце з моладдзю.

З юных гадоў трэба арыентаваць маладых людзей на тое, што іх місія — не толькі стаць прафесіяналамі сваёй справы, але і працаваць на карысць Радзімы.

Моладзь — гэта наша будучыня, і варта арыента­ваць яе на самаразвіццё як у прафесійным, так і ў грама­дзянскім аспекце з моманту, калі яны пераступаюць парог дашкольнай установы. Сярод 30 педагогаў нашага дзіцячага сада, якія кожны дзень узаемадзейнічаюць з дзецьмі, 8 — гэта маладыя спецыялісты ва ўзросце да 30 гадоў.

Добра развіты ў нас інстытут настаўніцтва: за кожным маладым работнікам замацаваны вопытны. Грамадзянскай актыўнасці шмат у чым садзейнічае ўдзел маладых педагогаў у разнастайных мерапрыемствах. Так, у раённым маладзёжным форуме “Праслаўляю Беларусь” сёлета атрымалі тры дыпломы. З асаблівым пачуццём рыхтавала сваіх маладых калег да ўдзелу ў інтэлектуальнай гульні “Маладыя выбаршчыкі — будучыня Беларусі”. У маі яна праходзіла ў лідскім Палацы культуры і аб’яднала мо­ладзь самых розных прафесій. Прадстаўнікі нашай установы выглядалі вельмі годна і прадэманстравалі добры ўзровень ведаў у галіне права. Увогуле, сістэму адукацыі рэгіёна на інтэлектуальным спаборніцтве прадстаўлялі толькі дзве ўстановы адукацыі.

З вялікім задавальненнем наш калектыў у верасні прыняў удзел у рэспубліканскім патрыятычным сямейным фестывалі “Час”, які праводзіўся на Міншчыне. А ў раённым конкурсе на лепшую сацыяльную рэкламу “Лідчына для жыцця” наш плакат заняў 1-е месца.

З’яўляюся членам партыі “Белая Русь”. Ганаруся, што прадстаўляла Лідчыну на ўстаноўчым з’ездзе. Удзел у такім адказным і важным мерапрыемстве стаў выдатнай магчымасцю не проста пагутарыць з людзьмі розных прафесій, але і выказаць сваю жыццёвую пазіцыю, праявіць палітычную актыўнасць.

Увогуле, актыўная грамадзянская пазіцыя — гэта тое, без чаго немагчыма будаваць планы. Прычым гэта актуальная тэма для кожнага чалавека і без прыналежнасці да такіх маштабных аб’яднальных падзей, як выбары. І ўсё ж напярэдадні электаральнай кампаніі яна набывае асаблівае гучанне і значнасць. Лічу, што, праявіўшы сваю грамадзянскую пазіцыю і прыняўшы актыўны ўдзел у адзіным дні галасавання, кожны з нас стане на абарону нацыянальных інтарэсаў і будзе спрыяць умацаванню дабрабыту нашай моцнай, квітнеючай і незалежнай Беларусі.