З Марынай Жукавай з Кіраўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла пра сутнасць настаўніцкай працы, работу педагога-арганізатара, міжпрадметныя сувязі і прафесійнае прызванне.
У педагагічнай дзейнасці маёй суразмоўніцы ярка праяўляецца ўласцівы нашым суайчыннікам білінгвізм. Настаўніцкі шлях яна пачала з выкладання беларускай мовы і літаратуры на спеўнай Ушаччыне. Аднак радзіма неадольна клікала да сябе, таму праз некаторы час віцяблянка вярнулася дадому. І тут сутыкнулася з праблемай: не было на той час у родным горадзе вакансій па яе спецыяльнасці!
Затое ў Віцебскім раёне дзяўчыне прапанавалі паспрабаваць сілы ў якасці педагога-арганізатара. Спроба выйшла ўдалай, тым не менш пры першай магчымасці ў той жа Кіраўскай сярэдняй школе (са снежня мінулага года носіць імя Героя Савецкага Саюза У.Ц.Курыленкі) яна зноў папрасілася весці ўрокі мовы і літаратуры — толькі цяпер, так атрымалася, рускай. Варта дадаць: ва ўніверсітэцкім дыпломе настаўніцы пазначана і гісторыя як спецыяльнасць. З улікам гэтага і несумненнага прафесійнага таленту перамога яе вучаніцы Яны Салаўёвай на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” мінулай восенню бачыцца заканамерным развіццём падзей.
У вясковай глушы
— Марына Мікалаеўна, калі шчыра: чаму вы пры размеркаванні выбралі Ушаччыну? Для маладога спецыяліста знайсці першае рабочае месца ў сваім горадзе выглядае лагічней за імкненне ў глыбінку…
— Ці ж можна было прапусціць шанс бліжэй пазнаёміцца з радзімай майго любімага Васіля Быкава, яшчэ цэлага сузор’я класікаў беларускай літаратуры? Не па-турысцку, а грунтоўна, каб дзень за днём жыць побач з іх землякамі, вучыць дзяцей. Гэта і прывабіла.
Для настаўніка важна прыслухоўвацца да сэрца. Нават важней, лічу, за прафесійную падрыхтоўку і агульную эрудыцыю.
Вось убачыла ў прапанаваным пераліку Ушацкі раён і адчула, што лёс мне туды паехаць. У выніку давялося працаваць непадалёк знакамітых Бычкоў. Мяне накіравалі ў вёску Касары, якая знаходзіцца кіламетраў за трыццаць ад саміх Ушач. Невялікая сярэдняя школа, вясковы побыт, мясцовыя жыхары размаўляюць па-беларуску… На трасянцы, зразумела, але надзіва багатай, трапнай, сакавітай. Тое ж слова “камарэй” ніколі не забуду. Акрамя вучэбнай нагрузкі, мне адразу далі класнае кіраўніцтва і — зусім нечакана — танцавальны гурток. Проста феерычна! На хвіліначку, я ні разу не харэограф.
— Адмовіліся?
— Прыняла выклік. Вырашальнае заўсёды жаданне, астатняе — справа тэхнікі. Плюс выратаваў вопыт, набыты ў ВДУ імя П.М.Машэрава: “Студэнцкая вясна”, КВЗ, аматарскі тэатр. Студэнты рэдка задумваюцца, што гэта таксама прафесійная падрыхтоўка, а насамрэч так. Танцаваць мы з вучнямі навучыліся добра. У нашым рэпертуары былі розныя танцы — ад беларускіх народных да класічных, танцаў народаў свету. Чаго толькі не прыдумае душа паэта! Яшчэ грамадскай, пошукавай работы ў нас было многа.
Ушаччына — славуты партызанскі край у гады Вялікай Айчыннай вайны: здаецца, кожны пералесачак дыхае ваеннай гісторыяй, чакае даследчыкаў!
Абавязкова мы са школьнікамі ў сваёй і суседніх вёсках дапамагалі ветэранам: дровы калолі, ваду насілі, на падворку наводзілі парадак. А галоўнае — размаўлялі, слухалі і запісвалі аповеды відавочцаў пра вогненнае ліхалецце, адраджэнне краю ў мірны час. Было здорава. У маім сённяшнім успрыманні гэта ўсё — каштоўныя старонкі педагагічнай дзейнасці і шчаслівыя моманты жыцця.
Покліч паэзіі
— Пра “душу паэта” — невыпадковая агаворка? Вершы пішаце?
— У школьныя і студэнцкія гады — так. Друкавацца не імкнулася: складала вершы для сябе і крыху для блізкіх сяброў. Увогуле, захапленне мастацкім словам прыйшло да мяне ў роднай віцебскай школе № 40 (з 2020 года носіць імя Героя Савецкага Саюза М.М.Громава) дзякуючы цудоўнай настаўніцы Марыне Пугачовай. Калі гэты педагог у нас стала выкладаць, то большасць класа пачала актыўна і ахвотна чытаць. Запомнілася атмасфера творчасці ў класе на вучэбных занятках і мерапрыемствах, якія яна вяла: узаемаадносіны настаўніцы з вучнямі складваліся на аснове ўзаемнай павагі, супрацоўніцтва і сяброўства.
Любоў да літаратуры не толькі натхніла мяне на пробы пяра, але і моцна паўплывала на выбар спецыяльнасці. А ўрокі Марыны Мікалаеўны — на маё ўяўленне, якім павінен быць ідэальны ўрок. У ВДУ мне таксама пашанцавала з выкладчыкамі, вельмі ўдзячна кожнаму з іх. Імпанавала на факультэце стаўленне да нас як да калег. Тактоўнасць, інтэлігентнасць і, я сказала б, гуманітарнасць настолькі прыцягвалі да нашых выкладчыкаў, што хацелася не проста займацца, вывучыць тэму, а зрабіць штосьці адметнае, выдатнае.
— Сярод студэнтаў было нямала паэтаў-пачаткоўцаў?
— Так. Мы збіраліся, чыталі свае творы адно аднаму. Зараз на паэтычныя сустрэчы з сябрамі не хапае часу. Прызнацца, і на вершаванне: амаль не пішу. Разам з тым адчуваю, што гэта ўва мне засталося: стан душы, калі яна адкрытая свету, метафарычнае мысленне. Добры рэсурс, дарэчы, асабліва пры дапамозе дзецям у напісанні творчых работ. Уласна паэтычная эстафета ад настаўніка да вучня — яна адвечная, ніколі не перапыніцца. У маім 7 класе вучыцца Веньямін Кузняцоў. У яго творах сёння пакуль нясмела, але ўжо гучыць покліч высокай паэзіі.
Як у паход схадзіць
— Наколькі паспяхова вы праявілі сябе на пасадзе педагога-арганізатара?
— Напрыклад, нашу школьную каманду КВЗ “Куба” прызналі лепшай на Віцебшчыне. Нашы юныя інспектары дарожнага руху, ратавальнікі-пажарныя на вобласці трывала замацаваліся ў лідарскай тройцы.
— Што, па-вашаму, самае прывабнае ў гэтай рабоце?
— Сяброўства, калі педагог — старэйшы сябар. Якасна іншы ўзровень узаемадзеяння ў параўнанні з узаемадзеяннем у парадыгме “настаўнік-вучань”. Менш абавязацельстваў, больш асабістай зацікаўленасці, прасторы для творчасці і рэалізацыі сумесных ініцыятыў. Гэта спараджае давер, адкрытасць, такія кранальныя моманты, якія больш характэрны для сямейных адносін. Узяць хаця б рэпетыцыі: ніхто на іх дзяцей не зганяў, самі ахвотна прыбягалі. Хтосьці прынясе гітару — і вось мы ўжо дружна спяваем песні. Разумееце, гэта нібы ў паход са школьнікамі схадзіць — толькі пастаянна, на працягу года. Мне, ва ўсялякім разе, так бачыцца.
— А самае складанае?
— Як першая старонка ў сачыненні: з чаго пачаць? Калі гаварыць пра мае першыя крокі ў гэтай якасці, то тут зноў жа спатрэбілася літаральна ўсё, чаму я раней навучылася. Дзякуй за падтрымку калегам, адміністрацыі школы і асабіста завучу па выхаваўчай рабоце Святлане Анашка. Большасць таго, чаму я навучылася ў арганізатарскай дзейнасці, і многае з таго, што на сённяшні момант выкарыстоўваю ў класным кіраўніцтве, — плён яе навукі. Такі захоплены справай чалавек, што часам здаецца — яна дрэва можа ўгаварыць расці хутчэй! І прафесіянал выдатны. Жаданне перамагаць, ісці наперадзе, весці дзяцей за сабой — гэтым я загарэлася ад нашай Святланы Іванаўны. Калі ж размова, скажам, пра канкрэтны конкурс, то складана прыдумаць, чым здзівіць, каб не паўтарыцца, свежы вецер прынесці ў залу сваім выступленнем. Каб штосьці ўнікальнае было абавязкова. Тую самую іскрынку знайсці цяжка.
— Дзе ж яе ўзяць?
— Самастойна шукаць і з дзецьмі. Яны часам проста геніяльныя рэчы выдаюць! Да калег прыслухоўвацца: адна галава добра, а дзве лепш. Гэта сумесная работа з вучнёўскім калектывам, настаўнікамі-прадметнікамі, класнымі кіраўнікамі. Аднаму справіцца нерэальна, затое адзінства гарантуе поспех.
— Чым вы кіраваліся, калі перайшлі на выкладанне рускай мовы і літаратуры?
— Мне камфортна ў школе, хацелася і хочацца менавіта тут працаваць. Толькі па настаўніцкай дзейнасці засумавала. Кіраўніцтва мае ваганні заўважыла. І, калі пайшоў на пенсію настаўнік рускай мовы і літаратуры, мне прапанавалі ўзяць адзін клас, паспрабаваць весці гэты прадмет. Як паспрабавала, так і не магу пераключыцца ні на што іншае. Праз пэўны час з’явілася магчымасць поўнасцю перайсці на выкладанне. Беларуская мова засталася ў актыве. Абавязкова праводжу на ўроках міжпрадметныя паралелі. Літаратурныя, зразумела. Аднак жа і на ўроках мовы, хачу сказаць, вельмі карысна: дзеці якасней засвойваюць вучэбны матэрыял. Просты прыклад: калі пры тлумачэнні арфаграфіі слова “чувствовать” нагадаць беларускае слова “адчуваць”, то правільнае напісанне становіцца для школьнікаў зразумелым і празрыстым. Яшчэ мне падабаецца, што ў сучасных падручніках па рускай мове і літаратуры дзеці многа могуць даведацца пра Беларусь, сваіх землякоў, іх дасягненні. Відавочная і надзвычай важная паралель з гісторыяй і грамадазнаўствам.
— Як выбудоўваеце работу з адоранымі навучэнцамі?
— Раскажу наглядна на прыкладзе. Традыцыйна я ўваходжу ў журы школьнага этапу конкурсу “Жывая класіка”. Там і звярнула ўвагу на трэцякласніцу Яну Салаўёву: дзяўчынка так пранікнёна прачытала верш пра кацяня! На той момант я ўжо ведала, што буду весці ўрокі ў гэтым класе. Яна старанная, добрасумленная, працавітая вучаніца. Паступова ўдалося зацікавіць яе алімпіядным рухам. Прыкладна з 8 класа мы з ёй пачалі мэтанакіравана рыхтавацца да ўзелу ў алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Леташні вынік, безумоўна, нас парадаваў. Гэта першая падрыхтаваная мной пераможца міжнароднай алімпіяды.
— Для вас прафесія настаўніка…
— Лепшая. Таму што настаўнікі — захавальнікі дзяцінства. Таму што мы ўдзельнічаем у духоўным нараджэнні Сапраўднага Чалавека. Таму што наша прафесія патрабуе пастаяннага руху, развіцця. Таму што прызванне настаўніка — убачыць і развіць у вучнях тое лепшае, чаго яны самі, магчыма, не адчулі б ніколі. Таму што гэта шчасце — дастукацца да сэрца дзіцяці і застацца там назаўсёды.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара