Марыць, любіць і спяваць

Сёння ў 18.00 у сталічнай канцэртнай зале “Верхні горад” пры поўным аншлагу адбудзецца канцэрт-прэзентацыя дыска “Мечтай, люби и пой” інклюзіўнага хору “Радасць душы” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Цэнтральнага раёна Мінска. Ідэя выпусціць дыск належыць маме аднаго з харыстаў члену ГА “Ротары-клуб Мінск” Вользе Кузьміной. Кіраўнік ансамбля “Песняры” Раман Козыраў падтрымаў гэтую ідэю.

“Радасць душы” — першы ў Беларусі інклюзіўны харавы калектыў, які быў створаны педагогам Аленай Іванаўнай Маславай. Сярод удзельнікаў хору 40%  складаюць дзеці і маладыя людзі з інваліднасцю. Сёння тут займаецца 91 чалавек, у тым ліку дзеці ад 4 да 6 гадоў. Прыхо­дзяць і маладыя людзі да 31 года. Але асноўны творчы касцяк — школьнікі 10—15 гадоў. Калектыў неаднаразова ўдастойваўся званняў лаўрэатаў і дыпламантаў рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў — як спецыяльных, так і агульных. Як кіраўнік і дырыжор калектыву Алена Маслава была ўзнагароджана прэміяй “Чалавек безбар’ернага асяроддзя — 2019” Міністэрства культуры і Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “БелТІЗ”. 

Дыск “Мечтай, люби и пой” быў запісаны ў прафесійнай студыі ансамбля “Песняры”, у яго ўвайшлі 11 кампазіцый. Гэта творы свецкай, духоўнай музыкі, беларускія народныя песні, джазавыя і эстрадныя песні. Таксама на дыску прадстаўлена любімая ўсімі “Белавежская пушча”, якую ў якасці салісткі з “Песнярамі” выконвае ўдзельніца хору Маргарыта Бекцінеева. Падчас сённяшняга канцэрта прагучаць запісаныя на дыску творы, а таксама перад гледачамі высту­пяць сябры калектыву — беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, спявак Васіль Сушко, выпускніца хору ўдзельніца шоу “Голас” Патрыцыя Курганава, кампазітар і музыкант Вячаслаў Бабкоў, спявак Аляксей Крэчат. Сябры і прыхільнікі калектыву змогуць памарыць пра самае дарагое і мілае сэрцу і праспяваць свае любімыя песні. Вядучы канцэрта — тэлевядучы Алег Лепешанкоў.

“Хор “Радасць душы” акадэмічны, таму дзеці вучацца вакальнай пастаноўцы з акадэмічнай манерай выканання і адпаведным гучаннем, — гаворыць Алена Маслава. — Не заўсёды я імкнуся гаварыць пра статус свайго калектыву, пра тое, што ён інклюзіўны, каб пяпярэдне не сфарміраваць асаблівага стаўлення да яго. Наш хор імкнецца да прафесійнага выканання праграмы. Мы не можам дазволіць сабе непрафесійную твор­часць, інакш у гледача яна выкліча толькі жаль у адносінах да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Наадварот, нашых выхаванцаў заўсёды сустракаюць з авацыямі, білеты на нашы канцэрты разыходзяцца вельмі хутка. Неаднойчы я чула, што інклюзіўны хор выступіў цудоўна, што ў музычным плане ён не саступае іншым вядомым дзіцячым музычным калектывам”.

Надзея ЦЕРАХАВА.