Марыць пра прафесію можна і ў першым класе

У гэты суботні дзень у сярэдняй школе № 16 Гродна навучэнцы пачатковых класаў школ і гімназій Ленінскага раёна абласнога цэнтра рабілі першыя крокі ў прафесійны свет.

“Мая мама пра ўсе навіны даведваецца першая. Яна бярэ інтэрв’ю ў вядомых людзей, расказвае ўсім пра жыццё нашага горада”. “Мая мама — настаўніца англійскай мовы. Яна вучыць дзяцей у 5 і 6 класах. Яе вельмі любяць дзеці. Гэтая работа вельмі важная і неабходная”. Пазналі прафесіі? Так цікава і вобразна расказвалі ўдзельнікі раённага конкурсу малюнкаў “Прафесія маіх бацькоў” пра бухгалтараў і шафёраў, урачоў і ратавальнікаў, швачак і кухараў. І нават вершаваныя радкі прысвячалі прафесіі сваіх бацькоў.

— Дзеці ў пачатковай школе часам не ведаюць, дзе і кім працуюць іх бацькі, а калі і ведаюць месца работы, дык змест прафесіі і ўяўленне пра яе адсутнічаюць, — расказвае метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Ленінскага раёна Гродна Марына Аляксандраўна Ярома. — Таму і вырашылі праводзіць конкурс малюнкаў, а таксама падвядзенне яго вынікаў суправаджаць цэлай праграмай прафарыентацыйнай работы, якая адпавядае ўзросту малодшай школы.

У гэтым годзе для дзяцей былі арганізаваны віктарыны, майстар-класы, якія праводзілі настаўнікі працоўнага навучання. Паспрабавалі сябе дзеці і ў ролі членаў журы — яны таксама ацэньвалі малюнкі, галасавалі за іх.

Першакласнік сярэдняй школы № 8 Артур Мацевасян прыйшоў на свята прафесій разам з мамай Наталляй Іванаўнай і бацькам Вармікам Арташэсавічам. Наталля Іванаўна працуе швачкай і на выставе ўбачыла малюнкі аб сваёй прафесіі. А тата разам з Артурам пабываў на майстар-класе настаўніка працоўнага навучання сярэдняй школы № 2 Ігара Аляксандравіча Грыгуся. Артур не толькі цвікі забіваў, але і з лобзікам папрацаваў.

Дзяўчынкі акружылі настаўніцу працоўнага навучання гімназіі № 10 Марыю Аляксандраўну Цісевіч і разам з ёй рабілі з нітак і пацерак бранзалеткі.

— Напярэдадні ў школе пабывалі прадстаўнікі камбіната будаўнічых матэрыялаў і прадпрыемства “ЗОВ-Мебель”, паглядзелі выставу малюнкаў, вызначылі сваіх пераможцаў і зрабілі дзецям падарунккі, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 16 Таццяна Вітальеўна Ленец.

Пераможцаў вызначалі ў дзвюх узроставых групах: 1—2 класы і 3—4 класы. Сярод пераможцаў у першай групе — навучэнка сярэдняй школы № 16 Настасся Полуднева, якая намалявала ветэрынара, Антон Ганчарук з 27-й школы стаў пераможцам па выніках глядацкага галасавання за малюнак “Дальнабойшчык”. У другой групе лепшымі прызнаны работы вучня сярэдняй школы № 7 Яўгена Лукуця (“Тата-міліцыянер”) і навучэнкі гімназіі № 6 Паліны Ціцянковай (“Стаматолаг”). Глядацкае журы вылучыла “Пагранічніка” (Караліна Езафілава, сярэдняя школа № 27) і “Чыгуначніка” (Марк Леснік, сярэдняя школа № 8).

У гэтым годзе на конкурс былі прадстаўлены 92 малюнкі з 14 устаноў адукацыі. А ўсяго пабывалі ў 16-й школе ў гэты суботні дзень 320 чалавек.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.