Масавая вучэбная кніга

- 11:18Сродкі навучання

Сучасная сістэма адукацыі дыктуе новыя формы і метады работы настаўніка, якія дазваляюць актывізаваць вучэбную матывацыю вучняў. У пагоні за новымі педагагічнымі тэхналогіямі, у намаганнях зрабіць урок “спектаклем” часта губляюцца формы работы з вучнямі, якія смела можна аднесці да класічных, якія правераны багатым вопытам многіх лепшых педагогаў. Часам прыходзіцца назіраць, як выкарыстанне, напрыклад, няўдала створанай, а то і проста ўзятай з інтэрнэту прэзентацыі на ўроку не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі, толькі выконвае забаўляльную ролю.

На мой погляд, многія традыцыйныя формы работы не страцілі сваёй значнасці і ў наш час. Адной з такіх форм з’яўляецца работа з падручнікам.
У дыдактыцы тэрмін “падручнік” мае на ўвазе масавую вучэбную кнігу, якая выкладае прадметны змест адукацыі і вызначае віды дзейнасці, прызначаныя школьнай праграмай для абавязковага засваення вучнямі з улікам іх узроставых асаблівасцей.
Падручнік выступае ў ролі галоўнай крыніцы пабудовы ўсяго вучэбнага працэсу настаўнікам. Яго матэрыял складае большую, а часам і ўсю праграму сумеснай з вучнямі дзейнасці. Падручнік прызначаны ў першую чаргу для кожнага вучня, аднак значную дапамогу ён аказвае настаўніку. Яшчэ К.Д.Ушынскі заўважыў: “Пры добрым падручніку і разважлівым метадзе пасрэдны настаўнік можа быць добрым, без таго і другога лепшы педагог… доўга, а, можа, і ніколі не стане на сапраўдны шлях”.
У метадычнай літаратуры можна знайсці вялікую колькасць магчымых форм работы з падручнікам. Хочацца звярнуць увагу на той факт, што значным патрабаваннем сучаснага ўрока з’яўляецца правільнае вызначэнне настаўнікам задач урока, іх умелая рэалізацыя. Таму толькі загадзя прадуманы ўрок мае значнасць.
Падручнік носіць нарматыўны характар, але разам з тым канкрэтная вучэбная сітуацыя вызначае спосаб і аб’ём выкарыстання закладзенага ў ім матэрыялу. Таму настаўніку прыходзіцца пры распрацоўцы ўрока вырашаць праблему аб інварыятыўным (які нельга змяніць) і варыятыўным (зменным) змесце матэрыялу, які вывучаецца. Інварыятыўны матэрыял складае ядро кожнай тэмы. Галоўнае праяўляецца праз азначэнні, тэрміны, паняцці, змест якіх раскрываецца ў адпаведным тэксце. Настаўніку неабходна дакладна выдзяліць ядро тэмы ў падручніку, звярнуць увагу вучняў на асноўныя палажэнні тэмы. Педагог мае права распрацаваць найбольш прымальны ў канкрэтнай вучэбнай сітуацыі варыянт выкладання матэрыялу, аддзяляючы варыятыўнае ад нязменнага.
Адна з важных задач падручніка — забяспечыць высокую інфарматыўнасць тэксту. У большасці падручнікаў інфармацыя падаецца ў сціслым выглядзе. Вучням дастаткова вывучыць прапанаваны падручнікам матэрыял, успомніць тлумачэнні, дапаўненні настаўніка, каб грунтоўна засвоіць тэму. Таму педагог павінен не проста выкладаць прапанаваны матэрыял, а даваць дадатковую інфармацыю. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць тлумачэнню незразумелых слоў, выразаў. Узровень падрыхтоўкі класа розны, у той час як падручнік прыводзіць адзінае тлумачэнне. Задача настаўніка — дапамагчы кожнаму вучню разабрацца ў новым матэрыяле.
У залежнасці ад этапу ўрока работа з падручнікам можа быць арганізавана па-рознаму. Адным з вызначальных звёнаў гэтай работы на любым этапе ўрока з’яўляецца актыўны ўдзел вучняў, а не пасіўнае ўспрыманне матэрыялу.
Пры вывучэнні новага матэрыялу вучні працуюць з падручнікам пад кіраўніцтвам настаўніка. Прыёмы і формы работы вызначаюцца зместам матэрыялу, які вывучаецца. Гэта можа быць складанне плана, канспекта, тэзісаў параграфа, знаходжанне ў падручніку адказу на пастаўленае пытанне і тлумачэнне яго сваімі словамі, устанаўленне сувязей паміж асобнымі тэмамі, жыццёвай практыкай, прывядзенне сваіх прыкладаў.
У добра падрыхтаваным класе настаўнік можа даць некаторую частку тэксту для самастойнага вывучэння. Аднак педагогу загадзя неабходна вызначыць тэму, мэту і задачы ўрока, звярнуць увагу вучняў на тыя пытанні, якія яны павінны засвоіць (часам карысна іх запісаць на дошцы або аформіць у форме табліцы), а таксама даць падрабязныя парады аб правядзенні самастойнай работы. Настаўніку варта назіраць за ходам самастойнай дзейнасці вучняў, задаваць некаторым з іх пытанні, выяўляючы, як яны разумеюць матэрыял. У выпадку цяжкасцей неабходна дапамагчы ім разабрацца ў незразумелых палажэннях.
Часам самастойнай рабоце з падручнікам можа папярэднічаць дэманстрацыя доследаў і наглядных дапаможнікаў з мэтай стварэння на ўроку праблемнай сітуацыі і стымулявання вучняў да больш удумлівага асэнсавання матэрыялу, які вывучаецца.
Пры замацаванні матэрыялу выкарыстоўваюцца тыя ж формы работы з падручнікам, што і пры вывучэнні новай тэмы. На гэтым этапе яны яшчэ больш канкрэтызуюцца. Настаўнік сам выбірае від практыкавання і яго прызначэнне. Важна навучыць вучняў папярэдне вызначаць правілы, формулы, якія неабходны для выканання практыкавання, знаходзіць адпаведныя заданні з папярэдніх тэм. Пасля выканання кожнай вучэбнай задачы вучань павінен умець падвесці вынік сваёй працы.
Выкарыстоўваючы тую ці іншую форму работы з падручнікам, вучні адначасова звяртаюцца да прыёмаў разумовай дзейнасці — аналізу, сінтэзу, параўнання, абагульнення. Чым складаней прыём работы, тым большая колькасць прыёмаў разумовай дзейнасці хаваецца за ім. Задача настаўніка — выбраць аптымальны варыянт суаднясення прыёмаў вучэбнай і разумовай дзейнасці.
Асаблівая роля належыць такім кампанентам урока, як абагульняючыя заключныя тэксты, заданні, пытанні для паўтарэння. Яны дапамагаюць сістэматызаваць атрыманыя веды.
Выкарыстанне падручніка на ўроку садзейнічае выпрацоўцы навыкаў самастойна рыхтавацца да заняткаў дома. Вучні павінны ведаць, як скласці план адказу, падрыхтаваць канспект, напісаць тэзісы.
Работа з падручнікам ні ў якім разе не павінна займаць увесь урок. Яе трэба сумяшчаць з іншымі формамі і метадамі навучання. Пасля работы з падручнікам неабходна праверыць якасць самастойна засвоенага матэрыялу, даць практыкаванне, якое звязана з выпрацоўкай уменняў і навыкаў.
Настаўнік мае шырокі выбар разнастайных форм і метадаў работы з падручнікам. Галоўнае, каб кожны выбраны метад быў апраўданы і карысны для вучняў.

Наталля ФІЛІПЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Пачапаўскага
дзіцячага сада — сярэдняй школы Баранавіцкага раёна.