Масавы прабег, фотавыстава і сіняя падсветка будынкаў

- 17:41Спецыяльная адукацыя

У Мінску адзначаць Сусветны дзень інфармавання аб праблеме аўтызму

Сусветны дзень інфармавання аб праблеме аўтызму з’явіўся ў календары па ініцыятыве ААН. Аўтызм — такое парушэнне развіцця, якое ўплывае на камунікатыўнасць чалавека, яго зносіны з іншымі людзьмі, на ўспрыманне ім навакольнага свету. Праблема дзіцячага аўтызму для Беларусі надзвычай актуальная.
Мерапрыемствы, якія пройдуць у нашай краіне сёння, 2 красавіка, закліканы актывізаваць грамадства да абмеркавання гэтай тэмы. Іх арганізатарамі выступілі мабільны аператар Velcom, грамадская арганізацыя “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” і спартыўная каманда “Крылы анёлаў”.

Далучаемся да акцыі “Запалім сінім”

Увечары 2 красавіка Мінск упершыню прыме ўдзел у сусветнай акцыі Light It Up Blue (“Запалі сінім”). На адзін дзень падсветка буйных сталічных будынкаў стане сіняй у знак увагі да праблем людзей з аўтызмам і салідарнасці з імі. Адметным святлом зазіхацяць спартыўныя комплексы, аб’екты грамадскага прызначэння, гандлёвыя і бізнес-цэнтры. Больш за ўсё будынкаў з сініяй падсветкай у сталіцы будзе на асноўных транспартных магістралях — праспектах Пераможцаў і Незалежнасці.
Першым афарбуе свае лагатыпы ў незвычайны колер галаўны офіс кампаніі Velcom: два велізарныя банеры на яго даху будуць бачны на вялікай адлегласці. Плакаты з сіняй падсветкай сустрэнуць наведвальнікаў у 85 цэнтрах паслуг мабільнага аператара па ўсёй краіне.
“Для кампаніі гэта эксперымент, свайго роду зварот да грамадскасці, каб яна больш уважліва адносілася да праблем людзей з абмежаваннямі. Толькі забяспечыўшы ім сацыяльную інклюзію, мы маем права гаварыць пра іх лёс і будучыню. У Еўропе, напрыклад, лічыцца нормай, калі дзіця з аўтызмам сябруе са звычайнымі дзецьмі. У нас жа гэта хутчэй выключэнне, — падкрэсліў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom Вячаслаў Смірноў. — Праблемы дзіцячага аўтызму ў Беларусі вырашаюцца, праўда, пакуль што больш звыклымі для нас спосабамі. У прыватнасці, МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” пры падтрымцы Velcom выпусціла “Камунікатар ДАР”, які прызнаны прадуктам года ў 2015 годзе. Гэта мабільны дадатак, які спрашчае зносіны людзям з аўтызмам. Праграма, закладзеная ў ім, змяшчае больш за 200 малюнкаў з 19 інфармацыйных раздзелаў і заснавана на прынятай у свеце сістэме альтэрнатыўнай камунікацыі. Дадатак знаходзіцца ў адкрытым доступе ў інтэрнэце, спампаваць яго можа кожны жадаючы. У гэтым годзе плануем заявіць аб новым праекце — разам з МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” мы адкрываем дзіцячы інклюзіўны тэатр, у якім звычайныя дзеці будуць выконваць ролі побач з асаблівымі. Спадзяёмся, што гэта пасадзейнічае іх хутчэйшай адаптацыі ў грамадстве. Мастацкі кіраўнік тэатра — Ірына Пушкарова”.

На “крылах анёлаў”

Інфармаванню аб праблеме аўтызму прысвечаны і першы ў Беларусі масавы інклюзіўны прабег з удзелам дзяцей з інваліднасцю і здаровых людзей, які пройдзе сёння ў парку “900-годдзя Мінска” каля комплексу “Чыжоўка-Арэна”.
Адзін з арганізатараў прабегу — дырэктар спартыўнай каманды “Крылы анёлаў” Дзмітрый Цімашкоў: “Наша каманда забяспечыць удзел у прабегу дзяцей з цяжкай інваліднасцю. Нашы дарослыя бегуны — бацькі — стануць “крыламі” для сваіх дзяцей-“анёлаў” у калясках. У гэты дзень15 “крылаў” пранясуць 5 “анёлаў” у спартыўных калясках па пяцікіламетровай дыстанцыі. Такім чынам, дзеці з абмежаваннямі паспаборнічаюць у хуткасці і вынослівасці з іншымі бегунамі. Для таго каб сумесны бег дарослага ўдзельніка каманды і дзіцяці з інваліднасцю стаў магчымы, мы выкарыстоўваем спецыяльныя гоначныя каляскі. У прабегу паўдзельнічаюць і супрацоўнікі каманды Velcom на чале з намеснікам генеральнага дырэктара Крысціянам Лаке. Разам з камандай “анёлаў” ён будзе штурхаць каляску са сваімі маленькімі звычайнымі дзецьмі. Гэта стане сімвалам таго, што ўсе дзеці роўныя: і тыя, хто развіваецца тыпова, і тыя, у каго ёсць асаблівасці ў развіцці.
З моманту стварэння каманды “Крылы анёлаў” прайшло некалькі месяцаў. За гэты час у нашых трэніроўках і прабегах прынялі ўдзел 12 дзяцей з цяжкай інваліднасцю, а таксама іх бацькі, браты і сёстры. Аднойчы ў адным з нашых прабегаў удзельнічалі 20 дзяцей з інваліднасцю з Івянецкага дома-інтэрната, і многія з іх упершыню ў жыцці, дасягнуўшы фінішнай прамой, адчулі сябе сапраўднымі пераможцамі.
За кароткі час да нас у каманду ў якасці “крылаў” далучыліся 33 удзельнікі, у іх ліку члены сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю. Толькі шасцёра з іх раней займаліся бегам, усе астатнія пачалі з нуля. Сёння кожны з нас можа прабегчы больш за 5 кіламетраў, а некаторым па сілах паўмарафонскія і марафонскія дыстанцыі. За 4 месяцы прайшло 40 трэніровак. Дзеці правялі ў бегавых калясках 120 гадзін. За 6 хвілін бегавая каляска праходзіць 1 кіламетр. Такім чынам нашы “анёлы” прабеглі разам з намі 1200 кіламетраў! Колькі ўсяго новага і цікавага яны ўбачылі і адчулі! Блакіт нябёсаў, промні сонейка, сустрэчны ветрык, галасы птушак, шолах лісця — усё, да чаго прывыклі мы, звычайныя людзі. Раней адзінай альтэрнатывай для дзяцей з цяжкай інваліднасцю было знаходжанне ў чатырох сценах. Дзякуючы ўдзелу ў прабежках нашы “анёлы” імкліва прасунуліся ў сваім фізічным развіцці”.

Стварыць інклюзіўнае грамадства

“Мы ўжо не пытаемся, ці можна стварыць у Беларусі інклюзіўнае грамадства, мы гаворым аб неабходнасці гэта рабіць, — адзначыў афіцыйны прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар. — Аўтызм — гэта не медыцынская і не псіхіятрычная, гэта сацыяльна-грамадская праблема. Ва ўсім свеце ідзе размова пра інклюзію, а не пра інтэграцыю. Мне ж часцей даводзіцца бываць у інтэграваных класах, у якіх асаблівыя дзеці аб’яднаны ў асобны клас. Пераходны перыяд ад інтэграцыі да інклюзіі павінен быць мінімальным. Звычайныя і асаблівыя дзеці павінны вучыцца разам. Я яшчэ не сустракаў ні аднаго звычайнага дзіцяці, якое было б суп-раць гэтага. Асноўныя праціўнікі гэтага — бацькі звычайных дзяцей. Ініцыятарамі станоўчых пераўтварэнняў на ўсіх узроўнях становяцца бацькі дзяцей з абмежаваннямі. Вялікую ролю ў прасоўванні інклюзіўных ідэй адыгрываюць сёння камерцыйныя арганізацыі”.
“У Беларусі сёння налічваецца каля 10 тысяч дзяцей з аўтызмам. У лепшым выпадку ў статыстыцы фіксуецца кожны дзясяты выпадак, тады як часцей за ўсё бацькі саромеюцца прызнаць праблему. Толькі своечасовая комплексная псіхолага-педагагічная карэкцыйная дапамога можа змякчыць праяўленні аўтызму ў дзіцяці, — зазначыла кіраўнік МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” Таццяна Якаўлева. — На жаль, большасць дзяцей з аўтызмам (90 працэнтаў) у Беларусі сёння не ідзе ў навучальныя ўстановы, застаецца дома, нават не атрымаўшы шанс на сваю будучыню. Толькі адзінкі паступаюць у прафесійна-тэхнічныя каледжы, але, як правіла, не заканчваюць іх. Замежная статыстыка зусім іншая: ад 70 да 90 працэнтаў дзяцей з аўтызмам знаходзяцца ў сістэме інклюзіўнай адукацыі”.

Фотавыстава “Я магу!”

29 сакавіка ў Мінску ў будынку цэнтра Velcom адкрылася выстава фотапартрэтаў дзяцей з аўтызмам “Я магу!”. Каардынатарам праекта і аўтарам ідэі выступіла журналіст мама дзіцяці з аўтызмам Ірына Дзяргач, а дзіцячыя мары ўвасобіла сямейны фатограф Марыя Шаўчэнка. Гэта трэці па ліку дабрачынны праект, у якім прыняла ўдзел Марыя за апошні год. Першы праект — “Аўтызм. Старыя казкі на новы лад” — быў прэзентаваны ў Мінску ў гандлёвым цэнтры “Сталіца”. Яго героямі сталі дзеці з аўтызмам, якія выступалі ў вобразах казачных герояў. Другі праект — “Аўтызм. Мяне гэта тычыцца” — быў прысвечаны родным братам і сёстрам дзяцей і дарослых з аўтызмам. І, нарэшце, трэці праект — “Я магу!” — гэта 12 партрэтаў дзяцей з аўтызмам і ДЦП, бацькі якіх — удзельнікі МДГА “Дзеці. Аўтызм. Бацькі” і каманды “Крылы анёлаў”. На здымках мы бачым дзяцей, якія прымяраюць на сябе прафесіі ўрача, праграміста, рэжысёра, акцёра, гоншчыка і г.д. Выставу змогуць убачыць наведвальнікі галоўнага офіса Velcom і гандлёва-забаўляльнага цэнтра “Тытан”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Марыі ШАЎЧЭНКА.