“Маша” і меню

- 13:47Сацыяльны ракурс

Харчаванне дзяцей у школах і дзіцячых садах — тэма настолькі важная, што застаецца актуальнай заўсёды. У навучальныя ўстановы прыходзяць новыя пакаленні дзяцей, і тэма іх харчавання становіцца адной з самых надзённых для бацькоў, у іх узнікаюць свае пытанні, праблемы. Адзін з найважнейшых клопатаў, зразумела, бяспека — нездарма любыя сумненні наконт яе захавання выклікаюць рэзананс у грамадстве. Важна, канечне, і тое, наколькі смачныя, карысныя і прывабныя стравы, што прапануюць дзецям.

Збалансавана, разнастайна

Пра асаблівасці і навінкі харчавання дзяцей ва ўстановах дашкольнай і школьнай адукацыі паразважалі спецыялісты, што 2 верасня сустракаліся з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь у Мінску.

Пачаць, бадай, варта з таго, што яшчэ да пачатку навучальнага года ўсім арганізатарам дзіцячага харчавання былі накіраваны актуалізаваныя рэкамендацыі па арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі. У той жа час праведзены рамонтныя работы, набыта тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне, посуд, інвентар, мэбля.

— Гарачае харчаванне дзяцей у навучальных установах ажыццяўляецца на аснове прыкладных двухтыднёвых рацыёнаў харчавання, якія распрацоўваюцца з улікам норм харчавання, на падставе фізіялагічных патрэб дзяцей, з улікам іх узросту, сезоннасці і іншых параметраў, — нагадала начальнік аддзела па арганізацыі харчавання Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Люцыя Чаславаўна Міхальчук. — Гігіенічную ацэнку распрацаваных рацыёнаў праводзяць органы дзяржсаннагляду. Бяспечнасць і якасць харчавання забяспечвае вытворчы кантроль, усе зацікаўленыя ведамствы на пастаяннай аснове праводзяць міжведамасны маніторынг арганізацыі харчавання навучэнцаў.

Адэкватнасць харчавання па каларыйнасці, утрыманні харчовых элементаў, адпаведнасць узросту і фізічнай актыўнасці — неабходныя складнікі здаровага харчавання дзяцей, як і яго разнастайнасць. Прычым дзіцяці штодзённа неабходна ўжываць мяса або рыбу, малако (каля 500 мл у дзень, уключаючы шклянку кефіру на ноч), іншыя малочныя прадукты, агародніну, садавіну, алей або сметанковае масла. Яшчэ адна ўмова дзіцячага харчавання — яго рэгулярнасць (не менш чым 4 разы на дзень) з перапынкамі не больш чым 4 гадзіны. Яшчэ адзін прынцып арганізацыі дзіцячага харчавання — яго бяспечнасць.

— Бацькі задаволены харчаваннем дзяцей у дзіцячых садах, — адзначыла загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Антонаўна Малахава.

Што да арганізацыі харчавання ў школах, то спецыяліст заўважыла, што бачыць тут два асноўныя няпростыя моманты: адмову ад харчавання і харчовыя адходы. Каб і тое і другое пытанне паспяхова вырашалася, варта ўлічваць густы школьнікаў пры распрацоўцы прыкладных рацыёнаў, выключаць з іх стравы, якія не падабаюцца большасці школьнікаў, абавязкова прапаноўваць выбар страў як для тых, хто харчуецца за сродкі бацькоў, так і для дзяцей, якія атрымліваюць харчаванне за бюджэтныя сродкі. Ну а захаванне санітарыі заўсёды на першым месцы.

Як гэтыя меры ажыццяўляюцца на практыцы, расказала Надзея Уладзіміраўна Лукашэвіч, дырэктар камбіната школьнага харчавання Мінска. Дарэчы, у сталіцы 466 дзіцячых садоў і 245 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх выхоўваюцца і вучацца прыкладна 98 тысяч і каля 220 тысяч дзяцей адпаведна. Зразумела, што і клопатаў у арганізатараў іх харчавання нямала. Пры гэтым арганізацыяй харчавання ў дзіцячых садах займаюцца цэнтры па забеспячэнні дзейнасці ўпраўленняў адукацыі 9 адміністрацыйных раёнаў Мінска, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі — камбінат школьнага харчавання.

— Мы арганізоўваем харчаванне дзяцей ва ўсіх школах Мінска, а таксама ў цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, ліцэях, каледжах, кадэцкім вучылішчы, што адкрылася сёлета, Ліцэі МУС, — патлумачыла Надзея Уладзіміраўна. — Ахоп гарачым харчаваннем па горадзе ў мінулым годзе складаў каля 94%, бясплатнае харчаванне атрымлівалі прыкладна 55% ад колькасці ўсіх навучэнцаў. Штодзень на ўсіх харчовых блоках вырабляецца 295 тысяч рацыёнаў (снеданні, абеды, падвячоркі, гатовыя стравы), каля 9 тон кулінарнай прадукцыі, 13 з паловай тон мучных вырабаў. Да новага навучальнага года мы распрацавалі новае меню, якое прайшло гігіенічную ацэнку ў гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. З гэтага года сталічны камбінат школьнага харчавання ўзяў на сябе абавязак абнаўляць школьнае меню кожную чвэрць, улічваючы сезоннасць, пажаданні дзяцей і бацькоў, каб ахоп школьным харчаваннем быў як мага большы.

Зрэшты, спецыялісты, што ўдзельнічалі ў сустрэчы, заўважылі, што харчаванне ў школе — справа добраахвотная, але ад гарачага харчавання наўрад ці варта адмаўляцца дзеля здароўя дзяцей, якія шмат часу праводзяць у школе.

Новыя формы, новы змест

— Канстатую з упэўненасцю: ва ўстановах дашкольнай адукацыі дзеці атрымліваюць абсалютна бяспечнае, збалансаванае і смачнае харчаванне, — расказала загадчыца ясляў-сада № 122 Мінска Алена Анатольеўна Богуш. — У кожнай установе зараз укаранёна камп’ютарная праграма “Маша”, якая дапамагае арганізоўваць дзіцячае меню. Праграма дазваляе адсочваць выкананне натуральных норм харчавання, тэрміны рэалізацыі прадуктаў. Пратэрмінаваных прадуктаў у нас проста не можа быць.

А яшчэ Алена Анатольеўна заўважыла, што скараціць колькасць адходаў дапамагае прафесіяналізм работнікаў дзіцячых садоў. Варта толькі назваць тварожнае суфле гарачым марожаным, як “падазроная” страва ператвараецца для дзяцей у адну з самых любімых і малыя з’ядаюць яе, не пакідаючы рэшткаў.

Як зрабіць, каб карысныя стравы падабаліся дзецям, думаюць не толькі выхавальнікі і кухары, але і навукоўцы.

— Мы займаемся суправаджэннем усіх галін харчовай прамысловасці, але пытанні дзіцячага харчавання ў нас у прыярытэце, — запэўніў намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні Аляксандр Анатольевіч Шэпшалеў. — Гэтаму пытанню быў прысвечаны шэраг навукова-тэхнічных праграм за апошнія 15—20 гадоў, у тым ліку галіновыя праграмы, рэалізацыя адной з якіх працягваецца і зараз. Вынікам з’явілася распрацоўка шырокага асартыменту прадуктаў для харчавання дзяцей, узмацненне стандартаў па вытворчасці прадуктаў харчавання для іх пад міжнародныя патрабаванні.

Яркі прыклад такіх вынікаў — тое, што сёння ў нас імпартныя прадукты для дзяцей займаюць 15% рынку, а яшчэ ў 2011 годзе гэтая доля складала 50%. Усе такія прадукты да запуску ў вытворчасць праходзяць комплекс даклінічных і клінічных іспытаў, пацвярджаюцца іх якасць і бяспечнасць.

Асобны напрамак работы навукова-практычнага цэнтра — распрацоўка спецыялізаванай прадукцыі. Так, для дзяцей, хворых на фенілкетанурыю, распрацаваны дыетычныя прадукты, якія цэнтр з канца мінулага года выпускае на сваім доследна-тэхналагічным участку. Прадукты можна набыць як у гандлёвай сетцы, так і праз інтэрнэт. Для таго каб новыя прадукты падабаліся дзецям і былі запатрабаванымі, цэнтр арганізоўвае іх дэгустацыі, на якія запрашае бацькоў і дзяцей. Безумоўна, ім прапаноўваецца ацаніць толькі тыя навінкі, якія ўжо маюць пацвярджэнне бяспекі і якасці.

А ў камбіната школьнага харчавання сталіцы ёсць свае навінкі. Так, у меню школьнікаў з’явіліся філе птушкі запечанае “Смачнае”, філе птушкі з ананасам, біточкі курыныя “Далікатныя”, шэраг салатаў. У гэтым годзе камбінат збіраецца выкарыстоўваць для запраўкі страў рапсавы алей айчыннай вытворчасці, а ў якасці эксперымента ўключаць у снеданне школьнікаў перапяліныя яйкі. Спецыялісты праводзяць анкетаванне бацькоў і дзяцей, каб ведаць, якія стравы ім падабаюцца, якія — не вельмі, арганізоўвае дэгустацыю новых страў. На сайце КШХ Мінска ёсць прыкладнае меню, адзінае для ўсіх школ горада, і бацькі заўсёды могуць даведацца, што сёння будзе есці іх сын або дачка. Да таго ж у мінскіх школах меню на дзень трансліруецца на экране, які размяшчаецца ў холе, — і бацькі, і дзеці заўсёды могуць азнаёміцца з актуальным меню.

І яшчэ адна навінка: з 1 верасня ў 100 сталічных школах укараняецца пілотны праект “Разумны буфет”. Ён нацэлены на тое, каб выключыць наяўныя плацяжы, паскорыць абслугоўванне дзяцей падчас перапынкаў. Гэта вельмі сучасны спосаб аплаты — з дапамогай вучнёўскай карты, тэлефона, нават бірулькі з фота вучня, каб кодам мог скарыстацца толькі ён. Акрамя таго, усё, што купіць дзіця з выкарыстаннем QR-кода, убачаць бацькі ў дадатку. Таксама яны могуць увесці пэўныя абмежаванні: па суме або па прадуктах, якія нельга ўжываць дзіцяці. У 4 навучальных установах Партызанскага раёна Мінска гэты спосаб ужо апрабаваны, атрымаў высокую ацэнку дзяцей, бацькоў і педагогаў. Да канца бягучага навучальнага года праект ахопіць усе школы сталіцы.

Расказалі спецыялісты і пра кошт харчавання. У дзіцячым садку ён залежыць ад рэжыму работы ўстановы і ўзросту дзіцяці, таму вар’іруецца ад 2 рублёў 70 капеек у дзень да 5 рублёў 38 капеек з улікам харчавання дзяцей у Чарнобыльскай зоне. Для пэўных сем’яў прадугледжаны льготы па аплаце харчавання. Напрыклад, мнагадзетныя сем’і плацяць за яго 50%, сем’і, у якіх двое дзяцей ходзяць у дзіцячы сад, плацяць 70% ад кошту харчавання, дзеці-інваліды харчуюцца бясплатна і інш. Сады таксама маюць магчымасць арганізаваць дыетычнае харчаванне для тых малых, якім гэта неабходна.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі кошт таксама залежыць ад узросту навучэнца і часу яго знаходжання ў школе, а таксама ад кратнасці харчавання. Напрыклад, кошт аднаразовага харчавання, якое ўстанова адукацыі арганізоўвае самастойна, складае ад 1 рубля 31 капейкі да 1 рубля 59 капеек. Калі харчаванне арганізоўвае старонняя арганізацыя (напрыклад, камбінат школьнага харчавання), да яго кошту дадаецца павышаючы каэфіцыент, і тады кошт харчавання складае ад 1 рубля 70 капеек да 2 рублёў 7 капеек. Для пэўных катэгорый школьнікаў існуюць ільготы па аплаце харчавання.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту.