Маштабна і творча

- 11:05Адукацыйная прастора

З 84 беларускіх гарадоў і райцэнтраў, якія афіцыйна далучыліся і прынялі актыўны ўдзел у Еўрапейскім тыдні мабільнасці, 22 — прадстаўнікі Віцебшчыны.

Еўрапейскі тыдзень мабільнасці і міжнародную акцыю “Дзень без аўтамабіля” ў Паўночным рэгіёне правялі маштабна і творча. Як паведаміла начальнік аддзела прававой, кадравай і арганізацыйнай работы Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Людміла Капранава, у Бешанковіцкім раёне абсталявана новая велапаркоўка каля цэнтра паслуг “БешСіці”, а Дзень без аўтамабіля 22 верасня адзначылі масавым велапрабегам. Вялікі велапрабег з удзелам фізкультурна-спартыўнага клуба “ДРЫВЯЦІЧ” арганізавалі на Браслаўшчыне. У Гарадоцкім раёне прайшлі адзіны дзень інфармавання “Еўрапейскі тыдзень мабільнасці ў раёне”, сацыялагічнае апытанне з мэтай вывучэння меркавання жыхароў аб мабільнасці райцэнтра, іх патрэбах, праблемах і прапановах, прафілактычныя мерапрыемствы для вадзіцеляў “За бяспеку”, экалагічныя акцыі “Электрамабіль — аўтамабіль будучыні”, “Батарэйкі, здавайцеся!”, “Пешшу да здароўя”, “На работу — на веласіпедзе”, фотаконкурс Samakatforever, конкурс агітбрыгад “Едзем на веласіпедзе”. Для школьнікаў і моладзі арганізаваны тэматычныя адкрытыя ўрокі аб правілах дарожнага руху для веласіпедзістаў “Наш сябар — святлафор”, інфармацыйныя гадзіны “Транспарт і навакольнае асяроддзе”, віктарына па бяспецы дарожнага руху “Беражыся аўтамабіля”, конкурсы малюнкаў “Веласіпед будучыні”, “Мой сябар — электрамабіль” і кніжна-ілюстрацыйныя выставы “Рух — жыццё!” у бібліятэках.

Мноства цікавых мерапрыемстваў і акцый правялі на Глыбоччыне. У раённай бібліятэцы прэзентаваны выставы “Ровар” — іх LandRover”, “Выбірай і рухайся”, “Дзень без аўтамабіля”, “Веласіпед — атрыбут зялёнага горада”.  Ва ўстановах адукацыі юныя аматары прыроды і здаровага ладу жыцця паспаборнічалі ў конкурсах малюнкаў на тэмы “Веласіпед будучыні”, “Экалогія і аўтамабіль” і далучыліся да акцыі “Крокамабіль”. У Дубровенскім раёне пры актыўным удзеле навучэнцаў сярэдняй школы № 1 райцэнтра прайшоў велапрабег па вуліцы Садовай да гарадскога парку “Ліпкі”, што завяршыўся экскурсіяй па высаджанай вясной дубовай алеі і размовай з супрацоўнікамі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пра гісторыю і мэты сусветнай экалагічнай акцыі. У Мёрскім і Аршанскім раёнах папярэдне вырабілі і распаўсюдзілі на аўтатранспартных прадпрыемствах, аўтастаянках, заправачных станцыях, станцыях тэхнічнага абслугоўвання, месцах масавага адпачынку, прыпыначных пунктах, гандлёвых цэнтрах і іншых месцах агульнага карыстання інфармацыйныя лістоўкі па правядзенні 22 верасня акцыі “Дзень без аўтамабіля”. У гэты ж перыяд у працоўных калектывах, установах адукацыі Мёршчыны адбыліся сустрэчы па ўдзеле ў Еўрапейскім тыдні мабільнасці. У рамках ініцыятывы абследаваны месцы стаянак і захоўвання веласіпедаў пры аб’ектах гандлю і ўстановах адукацыі, а велааматараў запрасілі паўдзельнічаць у экспрэс-апытанні аб неабходнасці пашырэння сеткі велапарковак. У Оршы з 16 па 22 верасня інфармацыя і спецыяльны відэаролік аб правядзенні Дня без аўтамабіля трансліраваліся з гарадскіх мультымедыйных відэаэкранаў. Асноўныя мерапрыемствы ў рамках акцыі разгарнуліся 19 верасня ў гарадскім дзіцячым парку “Казачная краіна”. Сярод іх — раённы конкурс малюнкаў на асфальце “Мая сям’я — у Дзень без аўто” сярод навучэнцаў устаноў адукацыі, дэманстрацыя экстрэмальных відаў спорту (ВМХ, скейтборд, самакат), тэматычная канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў Аршанскага гарадскога цэнтра культуры “Перамога”. Вялікую цікавасць жыхароў і гасцей горада выклікала прэзентацыя ТАА “БелАкваМир” з паказам электрааўтамабіля Nissan Leaf, апісаннем яго тэхнічных характарыстык у параўнанні з аўтамабілямі, на якіх устаноўлены рухавікі ўнутранага згарання. Інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя не толькі абследаваны месцы стаянак і захоўвання веласіпедаў пры аб’ектах гандлю і ўстановах адукацыі, але і праведзены аналіз колькасці аўтатранспартных сродкаў — удзель­нікаў дарожнага руху на 22 верасня ў параўнанні з 18 верасня: скарачэнне склала каля 18 працэнтаў. Дарэчы, непасрэдна ў Дзень без аўтамабіля супрацоўнікі інспекцыі асабістым аўтатран­спартам таксама не карысталіся.

У Лепелі правялі масавую інфармацыйна-асветніцкую кампанію, а навучэнцы гімназіі прысвяцілі Дню без аўтамабіля вела­прабег. У Лёзне створаны новыя пешаходныя дарожкі па вуліцах Бязуглага, Валадарскага і два малыя архітэктурныя аб’екты ў выгля­дзе веласіпедаў. Дабрамыслінская сярэдняя школа ў рамках праекта “Экалагічная ініцыятыва” атрымала ў падарунак 15 веласіпедаў, для навучэнцаў арганізавалі велаэкскурсію па Бабінавіцкім заказніку.

Полацкі раён — асобная і, магчыма, самая яркая старонка сёлетняга Еўрапейскага тыдня мабільнасці і акцыі “Дзень без аўтамабіля”: амаль паўсотні мерапрыемстваў на любы густ і ўзрост! Ва ўстановах адукацыі раёна разгарнуліся фотавыставы “Веласушка-2020”, адбыліся тэматычныя класныя гадзіны “Мабільны я — мабільная краіна!” па правілах дарожнага руху для веласіпедыстаў і бяспекі на дарозе, конкурс дзіцячага малюнка “Транспарт будучыні”, велаўрокі “Культура паводзін і ваджэння”, экалагічны квест “Зялёны горад”. Самых ініцыятыўных, творчых, дасведчаных і мабільных вызначыў раённы конкурс на лепшую мабільную ўстанову “Мабільны я — мабільная краіна!”. У Талачынскім раёне абсталявалі новыя велапаркоўкі ў райцэнтры каля магазінаў “Санта”, “Капеечка” і ў гарадскім пасёлку Коханава каля магазіна “Еўраопт”. Ва ўсіх установах адукацыі Сенненшчыны 21 і 22 верасня адбылася акцыя “Экалагічны транспарт”: для навучэнцаў арганізавалі прагляды тэматычных мультфільмаў, відэаролікаў пра электрамабілі; атрады ЮІР арганізавалі велапрабегі. Прылеглыя тэрыторыі трох гандлёвых кропак абсталяваны ўстаноўкамі для паркоўкі веласіпедаў, у мэтах развіцця пешаходнага руху ўладкаваны новыя і абноўленыя старыя пешаходныя пераходы “Зебра”. 26 верасня ў рамках Еўрапейскага тыдня мабільнасці прайшоў 32-гі Сенненскі прабег памяці Героя Савецкага Саюза ўраджэнца Сенненшчыны П.М.Машэрава.

На Чашніччыне ў верасні навучэнцы 1—11 класаў сталі ўдзельнікамі аперацыі “Флікер”, а 18 верасня выхаванцы дашкольных устаноў і пачатковых класаў школ выявілі таленты і свой погляд на акцыю ў конкурсе малюнкаў “Бяспечней у свеце няма, чым сябар мой веласіпед”. У сярэдняй школе №1 Новалукомля праведзены цэлы комплекс мерапрыемстваў, уключаючы конкурсы па правілах дарожнага руху “Дзеці на веласіпедзе” (5—9 класы), дзіцячага малюнка “Сёння я іду пешшу” (1—4 класы), конкурс сачыненняў на тэму “Хачу дыхаць я паветрам чыстым” (7—11 класы) і фотавыставу на тэму “Смешнае аўто” (1—11 класы). Конкурсамі малюнкаў “Экалогія майго горада” для навучэнцаў 1—4 класаў, сачыненняў “Мой дзень без аўтамабіля” для 5—9 класаў, малюнкаў на асфальце “Мая сям’я — у Дзень без аўто”, а таксама лёгкаатлетычным кросам 19 верасня і выпускам бюлетэня “Экалогія краіны — здароўе нацыі” адзначылі акцыю ў Чашніцкай гімназіі. У сярэдняй школе № 4 райцэнтра свая змястоўная праграма: напрыклад, конкурс малюнкаў “Дзеці і дарога” для самых малодшых, віктарына “Чырвоны, жоўты, зялёны” для навучэнцаў сярэдняга звяна, выпуск і распаўсюджванне тэматычных лістовак… 22 верасня Чашніцкі райвыканкам сумесна з ДАІ і інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя арганізавалі велапрабег па маршруце: Чашнікі — вёска Цяпіна (да Цяпінскай Крыніцы) — Чашнікі. На Шаркаўшчыне інфармацыйную кампанію ўдала дапоўнілі інфармацыйная гадзіна “Дзень без аўтамабіля” ў раённай бібліятэцы і акцыя “Мы за чысты горад” у раённым Цэнтры культуры. На Шуміліншчыне каманды арганізацый і прадпрыемстваў раёна 21 верасня памераліся сіламі ў спаборніцтве па трэйлранінгу (бегу па перасечанай мясцовасці).

— Падобныя акцыі — сведчанне клопату сучаснікаў пра будучыя пакаленні, — упэўнена Людміла Капранава. — Акрамя зніжэння агрэсіўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, у такім падыходзе прасочваецца асабістая зацікаўленасць і карысць: мы ўсё больш часу праводзім за камп’ютарам, іншымі гаджэтамі, а што можа быць лепшай кампенсацыяй гіпадынаміі, чым пешая альбо велапрагулка! Нездарма сёння становіцца папулярным трэндам перамяшчацца максімальна экалагічна. За гэтым — будучыня.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.