Маштабная рэканструкцыя

- 10:23Дырэктарскі клуб, Суразмоўца, Суразмоўца

У сярэдняй школе № 137 Мінска імя П.М.Машэрава праходзіць маштабная рэканструкцыя. Абноўлены вучэбныя карпусы, харчаблок, спартыўныя залы. 

У новым навучальным годзе будзе ўве­дзены ў строй басейн і пачнуцца работы па мадэрнізацыі школьнага стадыёна і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі.

Ірына Валер’еўна Ларчанка ўзначальвае школу на працягу пяці гадоў. Увесь гэты час яна ў поўнай меры адчувае на сабе асаб­лівасці капітальнага рамонту, які вя­дзецца каля 10 гадоў — у пяць этапаў без адсялення. Школа была пабудавана ў 1976 го­дзе па нестандартным праекце. У Савецкім Саюзе ўзведзены ўсяго чатыры такія школы з трыма карпусамі, якія аб’яднаны паміж сабой. 

— Першы этап капітальнага рамонту прайшоў у корпусе пачатковых класаў, затым быў зроблены корпус для старшакласнікаў, — расказала дырэктар. — У трэцюю чаргу ідзе прышкольная тэрыторыя. Далей — так званы зальны корпус, у які ўваходзяць дзве спартыўныя залы, басейн на дзве чашы і сталовая. І, нарэшце, рэканструкцыя стадыёна, якая пачнецца ў найбліжэйшы час. У будынку шмат вокнаў, прасторныя класы, калідоры і лесвіцы. Кожны вучэбны кабінет абсталяваны камп’ютарам, сучаснай аргтэхнікай, тэлевізарам. Лакальная камп’ютарная сетка аб’ядноўвае ўсіх педагогаў. Атрыманы новы кабінет біялогіі. 

Выдатная спартыўная база дазволіць праводзіць тут раённыя мерапрыемствы, а таксама аказваць паслугі насельніцтву. Толькі баскетбольных кольцаў у спартзале 12 штук. Да рамонту ў школе займаўся сталічны баскетбольны клуб, з якім будзе адноўлена супрацоўніцтва.

У мінулым навучальным годзе ў школе вучылася 651 дзіця — гэта сярэдняя напаўняльнасць. Для дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці функцыянуюць 7 інтэграваных класаў поўнай і няпоўнай напаўняльнасці. Створана безбар’ернае асяроддзе, устаноўлены пандусы і пад’ёмнікі, а ў басейне — спецыяльнае крэсла для дзяцей з абмежаваннямі ў перамяшчэнні і санвузлы для калясачнікаў. Першыя класы са спальнымі месцамі размяшчаюцца на першым паверсе ў асобным блоку двухпавярховага корпуса пачатковых класаў. Для вучняў малодшай школы ў прасторных калідорах корпуса на фоне стэндаў з дзяржаўнай сімволікай Беларусі і партрэтамі герояў Беларусі праводзяцца ўрачыстыя лінейкі. 

Пяць гадоў запар школа набірае па тры першыя класы. На сёння ўжо пададзена 40 заяў па мікрараёне і 57 на свабодныя месцы.

— Упэўнена, дзецям будзе прыемна і зручна вучыцца ў нашай абноўленай школе, а настаўнікам — працаваць, — адзначае Ірына Валер’еўна. — Нам ужо ёсць чым ганарыцца. У навучальным годзе, які завяршыўся, вучні школы атрымалі 4 дыпломы на гарадскіх алімпіядах па фізіцы, грамадазнаўстве, геаграфіі і беларускай мове. Кожны год на інтэлектуальных спаборніцтвах па геаграфіі перамагаюць вучні Аляксандра Казіміравіча Пратасоўскага, нашага таленавітага педагога, які рыхтуецца стаць настаўнікам-метадыстам. Пераможцам рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па геаграфіі стаў яго вучань 10 класа Яўген Уладыка.  

Старажыл нашай школы — кіраўнік народнага музея імя П.М.Машэрава і музея “Дзеці вайны” настаўніца гісторыі Людміла Іванаўна Шчэнікава. У свой час яна стварыла знакаміты хор малалетніх вязняў “Лёсы”. У названых музеях праводзіцца вялікая даследчая работа. Нядаўна дзесяцікласнік Яўген Уладыка стаў лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу “Экспанат для музея”. 

У школе створаны вучнёўскі мемарыяльны атрад, які раз у 2—3 гады нясе Ганаровую вахту Памяці на Пасту № 1 (на плошчы Перамогі). Мемарыяльны атрад штогод удзельнічае ў міжнародным злёце паставікоў. Наладжана супрацоўніцтва з Інстытутам пагранічнай службы, з ротай Ганаровай варты. Наведваем Ідрыцу — гарадскі пасёлак у Пскоўскай вобласці. Воіны Ідрыцкай дывізіі ўзнімалі сцяг над рэйхстагам. У рамках абмену нашы вучні прыяз­джаюць у пасёлак на Дзень сцяга Перамогі. У новым навучальным годзе плануем заключыць афіцыйны дагавор аб супрацоўніцтве з мясцовай школай.  

Пяць гадоў запар школа набірае па тры першыя класы. На сёння ўжо пада­дзе­на 40 заяў па мікрараёне і 57 на свабодныя месцы. Сёлета выпусціўся адзін 9 клас, а ў наступным годзе іх будзе ўжо тры. Традыцыйна ствараецца 10 профільны клас, дзе на павышаным узроўні ў ­дзвюх групах будуць вывучацца фізіка і матэматыка, англійская мова і грамадазнаўства. Ёсць і дапрофільная падрыхтоўка па англійскай мове і матэматыцы.  

Надзея ЦЕРАХАВА. 
Фота аўтара.