Машынны інтэлект: у дапамогу чалавеку і чалавецтву

Больш за 120 навукоўцаў з 6 краін свету сабраліся ў БДУІР, каб абмеркаваць перспектывы штучнага інтэлекту. Спецыялісты назвалі 2018 год пераломным, у многім рэвалюцыйным, бо ўкараненне інтэлектуальных сістэм ва ўсіх сферах жыцця істотна паскорыцца.

Штучны інтэлект не заменіць урача, але ўрач, які валодае штучным інтэлектам, заменіць таго, хто не ўзброены адпаведнай тэхналогіяй. Сёння гэта яшчэ падаецца фантастыкай, але ўдзельнікі Міжнароднай канферэнцыі OSTIS-2018 (“Адкрытыя семантычныя тэхналогіі праектавання інтэлектуальных сістэм”) ведаюць, пра што гавораць. Мерапрыемства праводзіцца ў БДУІР ужо восьмы раз, і кожны год адкрываюцца ўсё новыя перспектывы прымянення інтэлектуальных сістэм у медыцыне, адукацыі, абароннай сферы, індустрыі забаў і іншых сферах жыцця.

Арганізатарамі OSTIS-2018 традыцыйна выступілі БДУІР, Парк высокіх тэхналогій, Міністэрства адукацыі, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі, Расійская асацыяцыя штучнага інтэлекту, а таксама іншыя ўстановы і IT-кампаніі. Адна з задач мерапрыемства — пашырыць супрацоўніцтва навуковых школ, універсітэтаў і арганізацый, якія працуюць у галіне штучнага інтэлекту, а таксама калабарацыя навукі і бізнес-асяроддзя.

— Тэхналогіі не могуць развівацца без зваротнай сувязі, — заўважыў загадчык кафедры інтэлектуальных інфармацыйных тэхналогій БДУІР сустаршыня аргкамітэта OSTIS-2018 Уладзімір Галянкоў. — Важныя не толькі інавацыі распрацоўшчыкаў, але і водгукі карыстальнікаў, заказчыкаў. Зараз мы бачым вялікі прагрэс. Па-першае, навукоўцы, маладыя даследчыкі аб’ядноўваюцца, каб працаваць над сумеснымі праектамі, па-другое, ёсць усвядомленая патрэба ва ўстойлівай камунікацыі паміж заказчыкамі з боку бізнесу і навуковай грамадскасцю.

Цікавай падзеяй канферэнцыі стаў круглы стол, які арганізатары правялі на пляцоўцы Парка высокіх тэхналогій вечарам у пятніцу. Удзельнікі абмеркавалі праблемы і напрамкі развіцця прыкладных распрацовак у галіне штучнага інтэлекту. Аўтары цікавых стартапаў падзяліліся сваім вопытам работы, эксперты (у тым ліку і скептыкі) выказалі меркаванні наконт магчымасцей прымянення тых ці іншых дадаткаў, прадстаўнікі сферы адукацыі разважалі, як самыя перадавыя тэхналогіі могуць быць пакладзены ў аснову курсавых і дыпломных праектаў.

— Вельмі важна, каб у той тэматыцы, якую ты ўкараняеш, сярод заказчыкаў, арганізацый была крытычная маса паслядоўнікаў, што зацікаўлены і прымаюць удзел у распрацоўцы, — адзначыў Уладзімір Галянкоў. — Абавязкова павінны быць і скептыкі, без іх нельга. Але калі будуць толькі скептыкі, то справа не пойдзе. Патрэбен баланс. Таму ўсім, хто стварае інтэлектуальныя сістэмы, трэба фарміраваць вопыт зносін з экспертамі.

Першы прарэктар БДУІР Сяргей ДЗІК:

«У найбліжэйшай будучыні БДУІР плануе стаць рэзiдэнтам Парка высокіх тэхналогій».

На канферэнцыі аўтары шэрага стартапаў мелі магчымасць атрымаць экспертную ацэнку. Так, былі прэзентаваны напрамкі прымянення інтэлектуальных тэхналогій у галіне інфармацыйнай бяспекі, будаўнічага праектавання, камп’ютарных гульняў, рознічнага гандлю і г.д. Некаторыя стартапы прайшлі сапраўдныя краш-тэсты.

Асабіста мне прыйшлася даспадобы інтэлектуальная сістэма, якую прэзентаваў аўтар беларускага стартапа ў галіне гандлю Павел Казлоў.

— Усе мы ходзім у магазін за прадуктамі, і там заўсёды ўзнікае шмат пытанняў наконт таго, што купіць, — гаворыць Павел. — Мы спрабуем узгадаць змесціва нашага халадзільніка, тэлефануем жонцы ці маме і ўсё роўна штосьці забываем. Вядома, праблема не глабальнага маштабу, тым не менш важная. Таму мы стварылі мабільны дадатак, які будзе кантраляваць увесь працэс. Інтэлектуальная сістэма вывучае, як часта і што вы набываеце, якія прадукты вам падабаюцца. У далейшым, назапасіўшы пэўную інфармацыю, яна можа фарміраваць канкрэтны спіс таго, што трэба купіць. Пры гэтым сістэма здольная не толькі кантраляваць наяўнасць прадуктаў, якія мы набываем з пэўнай перыядычнасцю, але і ствараць спіс пакупак у сувязі са знешнімі падзеямі (скажам, Новы год ці дзень нараджэння). Акрамя таго, можна ўстанавіць пэўныя фільтры: для веганаў, спартсменаў, цяжарных жанчын і г.д. Таксама сістэма будзе ўлічваць той факт, што некаторыя прадукты могуць прыядацца, і прапаноўваць паспрабаваць штосьці новае ў адпаведнасці з густамі гаспадара.

Такім чынам, інтэлектуальная сістэма вельмі хутка збярэ неабходную інфармацыю пра чалавека і будзе ведаць пра яго ці не больш, чым ён сам. Зрэшты, нягледзячы на відавочную прывабнасць стартапа, знайшліся скептыкі, якія паставілі пад сумненне яго камерцыйны поспех.

— Ствараючы стартап, трэба перш за ўсё прааналізаваць рынак, каб зразумець, каму ён патрэбен, — заўважыў прафесар з Федэральнага даследчага цэнтра “Інфарматыка і кіраванне” Расійскай акадэміі навук Уладзімір Харашэўскі. — Стандартная сітуацыя для стартапера: у мяне ёсць нейкая праблема, і я ствараю стартап, каб яе вырашыць. Мне здаецца, што паколькі гэтая праблема ёсць у мяне, то яна ёсць і ў іншых. Адзіны нюанс: колькі тых — іншых? Калі вы збіраецеся штосьці зрабіць, адкажыце найперш на гэтае пытанне. Другое пытанне: хто мае канкурэнты і якія ў мяне перавагі? (Вядома, што Google і іншыя кампаніі збіраюць інфармацыю пра нас не горш, чым спецыялізаваныя дадаткі.) Таму трэцяе, што трэба разумець: калі вы прыйдзеце да інвестара прасіць грошы пад сваю выбітную ідэю, яго будзе цікавіць толькі тое, які прыбытак яна можа прынесці.

Раман Сердзюкоў, аўтар беларускага гульнявога стартапа, заўважыў, што тэхналогіі штучнага інтэлекту становяцца ўжо абавязковым складнікам любога паспяховага прадукту.

— У галіне мабільных дадаткаў назіраецца лавінападобны рост прадуктаў і велізарная канкурэнцыя, — заўважыў Раман. — Склалася такая тэндэнцыя, што, каб атрымаць канкурэнтную перавагу, трэба дабаўляць больш, чым іншыя, часцей за ўсё гэта тэхналогіі штучнага інтэлекту.

Адметна, што ўсе выступоўцы звярталіся да студэнтаў з прапановай далучацца да стартапаў. Гэта не значыць, што можна проста так прыйсці і распрацоўваць інтэлектуальныя сістэмы (штучны інтэлект — гэта вельмі навукаёмістая сфера). Але паставіць мэту і пачаць прыкладаць адпаведныя намаганні можна і трэба падчас студэнцтва, каб потым пайсці ў магістратуру і аспірантуру.

— Увогуле, нам трэба пераасэнсаваць структуру курсавога праектавання, — гаворыць Уладзімір Галянкоў. — У аснову можа быць пакладзена студэнцкая стартап-ініцыятыва з удзелам зацікаўленых асоб — прадстаўнікоў бізнесу. Адказнасць у такім выпадку істотна ўзрасце, бо экспертам стане выступаць не толькі кафедра, але і бізнес. Гэта будзе курсавая работа не за адзнаку, а на перспектыву.

Генеральны дырэктар кампаніі “БелХард” Ігар Мамоненка паведаміў, што сёння заробак нават пачынаючага інжынера ў галіне штучнага інтэлекту ў такіх краінах, як Швейцарыя ці ЗША, дасягае паўмільёна долараў у год. Гэта гаворыць пра тое, што згаданая спецыяльнасць на сённяшні дзень стала звышзапатрабаванай.

— Прычын некалькі, — заўважыў спецыяліст. — Камп’ютарныя гіганты сталі развіваць адпаведныя тэхналогіі і ўжо многага дасягнулі. Напрыклад, вялікія гандлёвыя сеткі актыўна выкарыстоўваюць сістэмы штучнага інтэлекту для аналізу руху тавараў па складах. Гэта дазваляе павысіць эфектыўнасць работы на 15—30%. Гэтак жа працуюць фармацэўтычныя, лагістычныя, страхавыя кампаніі, банкі. Штучны інтэлект становіцца часткай існуючых інфармацыйных сістэм. І калі спецыялістам плацяць такія вялікія грошы, значыць, работа, якую яны выконваюць, прыносіць істотна больш. Дарэчы, і ў Мінску заробак спецыялістаў у галіне штучнага інтэлекту прыкладна ўдвая большы, чым у стандартнага праграміста. І патрэба ў такіх кадрах расце.

Па словах гендырэктара кампаніі “БелХард”, 2018 год будзе рэвалюцыйным. Ёсць веды і ўменні, назапашаныя гадамі, з’явіліся кадры, здольныя выкарыстоўваць гэтыя веды. І вельмі важна, што гэта адэкватна ўзнагароджваецца.

— Мы знаёмы з прафесарам Галянковым гадоў 15, — заўважыў спецыяліст. — Калі мы сустрэліся ўпершыню, тое, што ён рабіў, здавалася экзотыкай. А зараз гэта рэальная практыка, якая прыносіць адчувальны эфект.

Эксперт у галіне штучнага інтэлекту Аляксандр Сізоў з Масквы таксама адзначыў, што мы перажываем вельмі цікавы этап развіцця штучнага інтэлекту.

— Тое, што літаральна 5 гадоў назад яшчэ не было даступным, сёння ўжо вывучаюць студэнты, якія могуць вельмі хутка і высока стартаваць, — заўважыў ён. — Мне нават страшна за маю кар’еру. Я разумею, што калі не буду выкарыстоўваць найноўшыя напрацоўкі, то хутка апынуся на збочыне. Зараз усе ўкладваюцца ў штучны інтэлект, і мне прыемна, што ў Мінску рэалізуецца вельмі шмат цікавых праектаў, магчыма, нават больш цікавых, чым у Маскве і Піцеры. Вы працуеце перш за ўсё на заходніх заказчыкаў, і гэта дае дадатковыя магчымасці для фінансавага забеспячэння і развіцця. На жаль (ці на шчасце?), чалавецтва дагэтуль не наблізілася да разумення таго, як працуе мозг чалавека, і наўрад ці ў найбліжэйшы час мы зможам змадэляваць яго работу. Аднак эра моцнага машыннага інтэлекту няўмольна набліжаецца. Не думаю, што нам пагражае паўстанне машын, як прарочыць Ілан Маск, але тэндэнцыя будзе набіраць абароты. Нас чакае экспаненцыяльны рост штучнага інтэлекту, і я заклікаю нас усіх не застацца ўбаку, таму што гэта не толькі прыбыткова, не толькі запатрабавана, але і цікава. А займацца ў жыцці тым, што цікава, — найлепшае, што можа быць.

Прадстаўнік Адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Уладзімір Лебедзеў адзначыў, што ў ПВТ бачаць у штучным інтэлекце вялікую будучыню.

— Мы стараемся аб’яднаць кампаніі — рэзідэнты ПВТ, якія працуюць у гэтым напрамку, — паведаміў Уладзімір Лебедзеў. — Не буду раскрываць усе карты, але скажу, што 2018 год стане прарыўным у галіне штучнага інтэлекту ў нашай краіне.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фотаздымкі прадастаўлены прэс-службай БДУІР.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *