Масленіца блінная, народная, старадаўняя

Добрай традыцыяй стала святкаванне Масленіцы ў сярэдняй школе № 3 Навагрудка. Педагагічны калектыў упэўнены, што знаёмства навучэнцаў з вытокамі славянскага свята спрыяе грамадзянска-патрыятычнаму, эстэтычнаму, духоўна-маральнаму выхаванню.

Вучні школы заўсёды чакаюць свята з нецярплівасцю і бяруць у ім актыўны ўдзел. Гэты год не выключэнне. “Масленіца блінная, народная, старадаўняя” была праведзена на свежым паветры з традыцыйнымі масленічнымі абрадамі.

Свята падрыхтавалі класныя кіраўнікі Марына Аркадзьеўна Максімчык і Аксана Андрэеўна Арцюх сумесна з вучнямі 3 “А” і 3 “В”. Яны зрабілі ўсё магчымае, каб провады зімы прайшлі цікава і весела. Нават прырода спрыяла добраму настрою, бадзёрасці і весялосці. Скамарохі Данііл, Дарына і Вікторыя заклікалі на свята гасцей. У тэатралізаванай праграме гучалі масленічныя песні, частушкі, загадкі, карагоды. Школьнікі бралі ўдзел у спаборніцтвах на хуткасць і знаходлівасць. Дзяцей падтрымлівалі бацькі. Кульмінацыяй свята стала спальванне галоўнага сімвала — пудзіла зімы, якое суправаджалася заклікамі дзяцей.

Напрыканцы свята ўсіх частавалі смачнымі блінамі з духмяным чаем.

Наталля МІГАЛЬ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Навагрудка.