МASР, Math Graphics і не толькі: перспектыўныя праекты распрацоўваюць маладыя вучоныя МДУ імя А.А. Куляшова

- 9:02Главная, Новости

Цікавыя праекты і прагрэсіўныя ідэі рэгулярна распрацоўваюць маладыя вучоныя МДУ імя А.А. Куляшова. Значна, што многія з іх накіраваны на пошук напрамкаў развіцця або вырашэнне праблемных пытанняў у сферы адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Так, студэнты факультэта матэматыкі і прыродазнаўства Мікіта Пацэйка і Сцяпан Самулёў распрацавалі спецыялізаваны дадатак Math Graphics, які накіраваны на аказанне дапамогі ў вывучэнні матэматыкі.

Зыходзілі з тых цяжкасцей, з якімі сутыкнуліся самі. Некаторыя матэматычныя функцыі ці графікі даволі складана зразумець. Мы вырашылі паспрабаваць прадставіць іх у 3D-фармаце. На словах і дошцы пэўныя тэмы ў матэматыцы выглядаюць абстрактна, а вось наглядны малюнак дапамагае хутка засвоіць іх сутнасць. Дадатак дапаможа не толькі навучэнцам, але і настаўнікам. Мы абсталявалі яго спосабамі ажыццяўлення кантролю за дзейнасцю вучняў. Праз просты алгарытм педагог зможа бачыць, якія заданні выканаў навучэнец, наколькі дакладна ён гэта зрабіў. Цяпер імкнёмся ўдасканаліць наш Math Graphics. У планах — зрабіць дадатак даступным для ўстаноўкі на мабільныя тэлефоны, — расказаў М. Пацэйка.

Убачыць сваю распрацоўку ў адкрытым доступе імкнецца і старшы выкладчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнага выхавання Юрый Кучараў. Малады вучоны стварыў дадатак МASР, які спрыяе папулярызацыі спорту сярод насельніцтва і сістэматызацыі гэтых заняткаў.

Мая асноўная мэта — масава прыцягнуць нашых грамадзян да заняткаў спортам. Праз дадатак да спорту змогуць далучыцца ўсе — ад дзяцей да пенсіянераў. Для кожнага карыстальніка распрацоўка будзе выдаваць індывідуальную методыку трэніровак, на падставе даных анкеты пры рэгістрацыі. Зараз у дадатку прадстаўлена ўжо чатыры віды спорту: бег, плаванне, веласпорт і лыжныя гонкі. У залежнасці ад сваіх дасягненняў карыстальнік можа пераходзіць на больш высокую катэгорыю. Своеасаблівым матывацыйным момантам стане таксама «магазін прызоў». За кожную паспяховую трэніроўку будуць налічвацца ачкі, якія пасля можна абмяняць на «рбкоінсы». Гэтая віртуальная валюта дазволіць набыць сабе выбранае матэрыяльнае заахвочванне. Прызы будуць прэстыжнымі, мы ўжо вядзём перамовы з брэндавымі вытворцамі спартыўных тавараў. Плануем таксама праводзіць розныя чэленджы і марафоны, праз дадатак аб’ядноўваючы захопленых спортам людзей з розных куткоў краіны, — паведаміў Ю. Кучараў.

Распрацоўка ўжо была адпаведна адзначана. Ю. Кучараў увайшоў у лік лаўрэатаў заключнага этапу сёлетняга рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі», прадстаўляў дадатак на выставе «Беларусь інтэлектуальная». У планах аўтара — пашырыць пералік відаў спорту і дапрацаваць інтэрфейс. Пасля МASР бясплатна будзе даступны для ўсіх жадаючых.

Не менш цікавы праект зрабілі на факультэце педагогікі і псіхалогіі дзяцінства. Навучальная праграма «Эка-фрэндлі з пялёнак» накіравана на фарміраванне ў дзяцей уяўленняў аб прынцыпах збору і ўтылізацыі смецця.

Распрацоўкай займаліся студэнткі Вераніка Дуйнова, Віялета Пуськова і Настасся Невіданава. Праблемы экалогіі зараз вельмі актуальныя, таму мы пастараліся стварыць гульнявую праграму, якая сфарміруе ў дзяцей асновы ўтылізацыі смецця. Менавіта гэтую накіраванасць выбралі нездарма. Сістэма паасобнага збору адходаў дзейнічае ў краіне ўжо некалькі гадоў, але насельніцтва працягвае выкідаць смецце ў адзін кантэйнер. Гэта сведчыць пра недастатковасць ўяўленняў аб правільнай утылізацыі. Значыць, трэба павышаць узровень экалагічнай культуры, а пачаць гэта рабіць лепш за ўсё з дашкольнага ўзросту. Мы распрацавалі спецыяльныя гульнявыя трэнінгі для дашкольнікаў, кароткатэрміновыя адукацыйныя курсы для выхавальнікаў, медыярэсурсы для бацькоў. Упэўнены, усё гэта ў комплексе дапаможа вырасціць новае пакаленне эка-фрэндлі, — адзначыла кіраўнік праекта, старшы выкладчык кафедры педагогікі дзяцінства і сям’і Таццяна Мажарава.

У МДУ імя А.А. Куляшова нямала распрацовак і для рэальнага сектара эканомікі. Напрыклад, старшы выкладчык кафедры прыродазнаўства Кацярына Кавалёва стварыла лабараторную ўстаноўку, якая дазваляе дасканала вывучаць гетэрагенныя раўнавагі — працэсы выпарэння і сублімацыі арганічных злучэнняў. А на кафедры фізікі і камп’ютарных тэхналогій распрацоўваецца эксперыментальная ўстаноўка для даследавання танкаплёначных нанаразмерных структур. Старшы выкладчык Артур Шылаў і аспірант Яўген Чудакоў імкнуцца стварыць малагабарытную прыладу з праграмным забеспячэннем для камп’ютара. Пад устаноўку маладыя вучоныя ўжо распрацавалі ўласны метад бескантактавай хваляводнай спектраскапіі. У іх бліжэйшых планах — атрыманне патэнта і ўкараненне распрацоўкі на прадпрыемствах па вырабе мікра- і оптаэлектронікі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара