Мастак + дызайнер = “Антаганісты”

Да 2 снежня ў адной з выставачных залаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта экспануецца мастацкая выстава “Антаганісты”. На ёй прадстаўлены дзве супрацьлеглыя асобы, дзве сферы мастацтва, два творчыя шляхі, два светапогляды і два спосабы самавыяўлення, белае і чорнае, мужчына і жанчына — Павел Кашэўскі і Вікторыя Ярковіч, якіх аб’ядноўвае любоў да прыгожага і імкненне да гармоніі.

У экспазіцыі прадстаўлена 30 работ старшых выкладчыкаў кафедры “Прамысловы дызайн і ўпакоўка” факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі БНТУ сяброў Беларускага саюза дызайнераў П.Кашэўскага і В.Ярковіч. “Сваю выставу мы назвалі “Антаганісты”, таму што на ёй спалучаюцца акварэль і графіка Вікторыі і мае плакаты — выяўленчае мастацтва і дызайн, якія, валодаючы рознымі тэхнічнымі прыёмамі і сродкамі, рознай ступенню ўмоўнасці выяўленчай мовы, служаць адной мэце — стварэнню прыгожага, што дазваляе ўзбагаціць чалавека духоўна. Бо ма­стацтва — мова, сімвалічны код, які служыць яркім адлюстраваннем духоўнай сутнасці чалавека і паказвае глыбіню чалавечай душы, — па­тлумачыў Павел Анатольевіч. — Увогуле спалучэнне супрацьлегласцей — гэта і ёсць гармонія. Нягледзячы на раздвоенасць, розныя характары і падыходы, мы з Вікторыяй гля­дзім у адным кірунку і ў рабоце са студэнтамі, і ў творчасці, і ў кантэксце разумення мастацтва і культуры”.

Што і нядзіўна, бо два аўтары — прадстаўнікі аднаго пакалення, а таму гаво­раць на адной мове, а часам і разумеюць адно аднаго без слоў. “Падрыхтоўка любога творчага праекта, а тым больш выставы, — гэта заўсёды камандная работа. І калі людзі не аднадумцы, то дастаткова складана зрабіць добры агульны праект, а ў нас ён, здаецца, атрымаўся”, — дадаў дызайнер-плакатыст.

П.Кашэўскі атрымаў кваліфікацыю педагога-мастака ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка ў 2001 годзе. Зараз паспяхова сумяшчае педагагічную дзейнасць у БНТУ з мастацкай, працуючы ў галіне графічнага дызайну і ствараючы сучасныя матывацыйныя плакаты, а таксама прымаючы актыўны ўдзел у гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Павел Анатольевіч — дыпламант міжнародных выстаў-конкурсаў сучаснага мастацтва “Беларускі тыдзень мастацтваў — Belarus art week” (2018, 2019 гг.), лаўрэат Міжнароднага конкурсу плаката “УНОВИС. 21 век” (2020 г.), намінант на Нацыянальную прэмію ў галіне выяўленчага мастацтва ў 2019—2020 гг., пераможца V Міжнароднага фестывалю плакатаў PlakatFest-2020, у якім удзельнічалі прадстаўнікі 36 краін свету.

На выставе дызайнер прадставіў сацыяль­ныя і экалагічныя плакаты, якія адлюстроўваюць актуальныя тэмы сучаснага свету: дэзынфармацыю, свет пасля пандэміі, аднаўленне культурнай спадчыны, захаванне зялёных зон сучаснага горада і біялагічнай разнастайнасці, змяненне клімату і яго наступствы для жыхароў нашай планеты. Акрамя таго, на выставе экспануюцца аўтарскія плакаты, прысвечаныя юбілейным датам дзеячаў мастацтва і культуры: Ганны Ахматавай, Аляксандра Салжаніцына, Аляксандра Родчанкі, Сяргея Дзягілева, а таксама дэманструецца трыпціх “Тры формы”, прысвечаны творчасці Казіміра Малевіча. У кожным плакаце адчуваецца глыбокае разуменне тэмы: “Я заўсёды стараюся індывідуальна падыходзіць да кожнай тэмы і работы, прадумваю кожную кампазіцыю да дробязей. Пры ўсёй візуальнай актыўнасці плакатаў у іх прысутнічае пэўная доля стрыманасці, лаканічнасці і дэталіроўкі”, — адзна­чыў П.Кашэўскі.

Вікторыя Ярковіч скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “Дызайнер” у 2002 годзе. Пасля чаго 15 гадоў прысвяціла прамысловаму дызайну, але выпадковая сустрэча з галерыстам у Італіі павярнула яе жыццё ў іншым кірунку, і яна вярнулася да жывапісу. Потым адбылося некалькі выстаў як у Беларусі, так і за мяжой. Сёння Вікторыя Уладзіміраўна хоць і працуе выкладчыкам БНТУ, але ўвесь вольны час прысвячае жывапісу. “На выставе яна прадставіла пейзажы, выкананыя акварэллю ў тэхніцы “а la prima — у адзін прысест”, якая дазваляе напісаць карціну за адзін сеанс. Акрамя гэтага, прадстаўлены графічныя творы і арт-аб’екты на тэму “Татэм”. Усе работы створаны за апошнія 10 гадоў”, — расказаў Павел Анатольевіч.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Настассі РАСОШАНКА.