Мастак-педагог Алег ЛУЦЭВІЧ: “Спачатку ўсё-такі культура, а потым рэлігія і ўсё астатняе…”

- 10:47Культура
Алег Вікенцьевіч Луцэвіч, мастак, легендарны беларускі педагог… Ад многіх сённяшніх вядомых мастакоў, колішніх выпускнікоў Мінскага мастацкага вучылішча імя А.К.Глебава, дзе ён доўгія гады выкладаў, мне не раз даводзілася чуць пра гэтага настаўніка самыя ўзнёслыя словы. Многія называлі яго ўнікальнай асобай, самым выдатным педагогам, у якіх даводзілася ім вучыцца мастацтву, чалавекам, які валодаў асаблівым дарам — запальваць сэрцы і розумы вучняў так, што яны пачыналі маляваць не алоўкам, а душой.
Я і патрапіў надоечы да Алега Вікенцьевіча па настойлівай рэкамендацыі аднаго з яго вучняў: “Схадзіце да яго, ён вельмі неардынарны, напэўна, нават складаны чалавек, але вы не пашкадуеце, калі пагутарыце з ім, а яму будзе прыемна, бо ён зусім адзін”.

Я знаходзіўся ў яго дома, бачыў на свае вочы яго суровы аскетычны побыт і, сапраўды, не верыў, што ўсё гэта было ў яго жыцці: яшчэ да вайны два гады вучобы ў Віцебскім мастацкім вучылішчы, дзе калісьці выкладалі Шагал і Малевіч, потым партызанскія гады ў атрадзе імя Суворава 2-й мінскай брыгады, праца ў толькі што створаным Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, вучоба ў знакамітым Мастацкім інстытуце імя Сурыкава ў Маскве, выкладчыцкая праца ў нашай “Глебаўцы”, спроба прарыву ў межах нефармальнага аб’яднання мастакоў “Школа прасторавікаў” (“Школа пространственников”) пры Мінскім медыцынскім інстытуце, і ўвесь гэты час — усемагчымыя знаходкі і страты, ухвалы і ганенні, прызнанне ўдзячнымі вучнямі і непрызнанне афіцыйнымі босамі ад мастацтва. Слухаў нетаропкую, але з гарачымі эмацыянальнымі ўсплёскамі плынь гаворкі Алега Вікенцьевіча, і неяк зусім па-іншаму, чым у звычайныя хвіліны, разумеў сэнс такіх распаўсюджаных выразаў, як “пошукі мастацкай праўды”, “мастацкая адукацыя і самаадукацыя”, “прызнанне мастака”… Я літаральна скурай адчуваў, як гэтыя паняцці набываюць рэальны сэнс і змест.
Да самых уразлівых чытачоў, якія пазнаёмяцца з гэтым інтэрв’ю, адна просьба: “Калі вам пададуцца некаторыя меркаванні Алега Вікенцьевіча занадта катэгарычнымі ці нават жорсткімі, не судзіце яго вельмі строга. Здаецца, ён заслужыў права гаварыць так, як думае, усім сваім нялёгкім жыццём”. І ва ўсякім разе яго думкі — гэта толькі яго думкі, і больш нічые.

— Алег Вікенцьевіч, вы ніколі не цікавіліся аднолькавасцю вашага прозвішча з сапраўдным прозвішчам нашага генія Янкі Купалы — Івана Дамінікавіча Луцэвіча?

— Вядома, цікавіўся. Штосьці спрабаваў адшукаць, праўда, якіх-небудзь афіцыйных пацвярджэнняў пра сваяцтва нашага роду з Купалавым знайсці не ўдалося. Праўда, я памятаю, як мне мой дзядзька расказваў, што Дамінік Луцэвіч разам з Фамою Луцэвічам, нашым сваяком, арандавалі недзе нейкі маёнтак. А звычайна ж разам арандавалі толькі родзічы… Ва ўсякім разе зразумела, што і мае Луцэвічы, і Купалавыя паходзяць са шляхецкіх родаў, з дваранства. Няма ў Беларусі нейкага такога канкрэтнага гнязда Луцэвічаў. Луцэвічы раскіданы па ўсёй Беларусі, бо нашы продкі, шляхціцы, якіх пазбавілі пасля паўстання 1863 года іх шляхецкага звання і разарылі, арандавалі землі па ўсёй Беларусі. Пераязджалі з месца на месца ў пошуках лепшай долі. Як, дарэчы, і продкі Малевіча, нашага геніяльнага мастака і таксама, безумоўна, спадчыннага шляхціца. У выпадку з Малевічам, як і ў выпадку з Купалам, ёсць пацверджаныя факты пра шляхетнасць яго роду. Хаця ў царскай Расіі неахвотна хацелі прызнаваць гэтую шляхетнасць. Хто яны былі, беларускія шляхціцы? Тыя ж сяляне, толькі з шаблямі. І іх у працэнтных суадносінах было значна больш на беларускіх землях, чым дваран на прасторах Расіі.

— Звернемся да вашай біяграфіі. У гэта цяжка паверыць, але вы пачыналі займацца мастацтвам яшчэ да вайны, амаль 80 гадоў назад…
— Так, і першым чалавекам, які мяне прыласкаў у мастацкім свеце, быў Сяргей Пятровіч Каткоў, да якога ў студыю Палаца піянераў я патрапіў у 14-гадовым узросце ў 1938 годзе. Гэта быў неверагодна добры па сваёй сутнасці чалавек, і ад яго я атрымаў, сапраўды, бацькоўскую падтрымку. Я многім і многім яму абавязаны. Запрашаліся ў студыю і іншыя таленавітыя мастакі-педагогі — Пашкевіч, Волкаў… У прыватнасці, Валянцін Віктаравіч Волкаў, выхаванец знакамітай Пецярбургскай мастацкай акадэміі, аднойчы вельмі пахваліў мяне за адзін эскіз. Гэта была акварэлька — я ўбачыў у адной газеце фотаздымак з дазорам пагранічнікаў з сабакамі, перамаляваў яго і расфарбаваў у колеры. Ніхто не звярнуў на мой эскіз увагі, дый мне самому здавалася, што нічога не атрымалася, а Волкаў падышоў, сказаў мне: “Малайчына”.

— Калі потым вы паступілі ў Віцебскае мастацкае вучылішча, ці было адчуванне, што гэта намоленае месца, дзе працавалі Шагал, Малевіч, іншыя выдатныя творцы?
— У тым і справа, што працавалі некалі. А ў 1939 годзе, калі я паступіў, там ужо нікога не было з выдатных творцаў. Былі толькі Фохт і Дзержыц. Але мне “пашанцавала”: я патрапіў у групу да Лейтмана… Ён нічога не ўяўляў з сябе як мастак. Але апломбу, энергіі, як сёння кажуць, самарэкламы — хоць адбаўляй! Падыходзіў да цябе, браў у цябе пэндзлі і пісаў, паказваў сваё “майстэрства”. Гэта было вельмі бяздарна, але мы вымушаны былі з ім лічыцца. Я проста не ведаў, што рабіць з малюнкам пасля яго правак. Але вось што цікава. Наша аўдыторыя была перагароджана пасярэдзіне фанерай: у адной палове мы з Лейтманам займаліся, а ў другой — група Дзержыца. І ўсё, што гаварыў Дзержыц, нам было чуваць. Не ведаю, як астатнія мае аднагрупнікі, а я лавіў кожнае слова Дзержыца. І сёння ў пэўным сэнсе лічу, што нават вучыўся ў яго, хаця ён ні разу да мяне не падышоў. Дарэчы, шкада гэтага Дзержыца. Я памятаю яго работу “Паравознае дэпо” — гэта вельмі сур’ёзная рэч, гэта высокая культура. Але па-сапраўднаму як мастак ён не адбыўся, бо ўвесь час быў заняты выкладаннем у вучылішчы. Аднойчы ў сэрцах — мне давялося быць сведкам — ён сказаў Цвірку: “Я стаў тут гноем!”
А яшчэ ў вучылішчы мне пашчасціла пазнаёміцца з выдатным мастаком Аляксандрам Пятровічам Мазалёвым, які тады толькі скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе і быў запрошаны выкладаць у Віцебск. Прывёз свой дыплом, які абараніў у Ленінградзе. Гэта было на той час для нас, навучэнцаў, найвялікшае адкрыццё ў мастацтве. Я і да гэтага часу лічу Мазалёва адным з самых выдатных мастакоў. Я правучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы два гады, так і не закончыў яго, бо пачалася вайна. А пасля вайны быў кароткі перыяд працы ў Дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а потым была “Сурыкаўка” — маё самае вялікае шчасце і самая вялікая бяда…

— Як вы ўсё-такі змаглі туды паступіць?
— Ну як змог? Безумоўна, без пратэкцыі я ніколі б не здаў уступных экзаменаў. Бо што ў мяне было за плячыма? Лейтман. А потым чатыры ваенныя гады я фактычна нічога не маляваў. Толькі калі раз-пораз пры святле газнічкі на нейкім запэцканым абрыўку… Але было патрэбнае пісьмо рэктару інстытута, і мяне дапусцілі да экзаменаў. І вось уявіце сабе: сяджу я, увесь мокры, на экзамене. Спрабую нешта там маляваць, а побач малююць Няменскі і Гаўрылаў, выхаванцы так званай Маскоўскай школы юных талентаў, работы якіх ужо ў Траццякоўцы вісяць… Падыходзіць нейкі выкладчык з экзаменацыйнай камісіі, бачыць мой бездапаможны эцюд, пытаецца: “Што, цяжка?” — “Цяжка…” — што мне было яму адказаць. Я ўжо збіраўся за білетам дадому ісці, у спісе тых, хто паступіў, нават не шукаў свайго прозвішча. Але яно там было — мяне залічылі… І вось так пачалася мая эпапея ў “Сурыкаўцы”. Ужо ў канцы першага курса круглыя “пяцёркі” і па малюнку, і па жывапісе, і па кампазіцыі атрымалі з усяго курса толькі два чалавекі — не Няменскі і Гаўрылаў, а Фрыдман, дарэчы, таксама выхаванец Маскоўскай школы юных талентаў, і я. Акрылены, з цэлым стосам палотнаў на падрамніках, прыязджаю на наступны год у Маскву. І даведваюся, што ў Інстытуце пачалася чыстка — барацьба з фармалізмам так званая. Ужо праз нейкі час пачалі звальняць нават многіх выдатных і прызнаных мастакоў-выкладчыкаў, у тым ліку генія Уладзіміра Андрэевіча Фаворскага… А хто заставаўся — няздара Лейзераў. Прыходзілі новыя няздары, такія, як Нявежын (вось дзе адпавядала прозвішча сутнасці чалавека!). Яны паняцця не мелі пра тое, што ведаў і расказваў Фаворскі, напрыклад, пра прынцып вузла… Уяўляеце, што гэта, калі выкладчык нічога не разумее ў форме! Форма ж у мастацтве — нешта вельмі істотнае. Без формы няма малюнка… Карацей, цяжка пра ўсё гэта прыгадваць і расказваць. Неяк другі і трэці курсы я яшчэ правучыўся з імпэтам, ды яшчэ “пяцёркі” атрымліваў. Хадзіў на дадатковыя заняткі, маляваў па 15 гадзін у дзень. Але чым далей — тым горш. Аднойчы Нявежын падыходзіць да мяне падчас заняткаў, бачыць, што малюю не па-ягонаму, выхоплівае пэндзаль, пачынае нешта пэцкаць на маім палатне і гаворыць: “Бачыш, я твае ж фарбы размазваю!” А што такое размазваць? Гэта значыць, ператвараць усё ў гразь. Я ўвесь потам пакрыўся, вырываю з яго рук палітру і крычу яму: “Лепш задушыцца, чым у вас вучыцца!” Не ведаю, як пасля гэтага мяне не выгналі. Але з таго моманту я перастаў наогул маляваць у інстытуце, мае калегі, спачуваючы мне, малявалі за мяне. І перад самай здачай дыплома на пятым курсе гэтая тайна выявілася. Выкладчык, які прыйшоў пасля Нявежына, так і заявіў дзяржкамісіі: “Луцэвіч не сам маляваў свае жывапісы”. Мне, зразумела, паставілі двойку. Як на здзек далі яшчэ нейкую паперку з надзеяй на аднаўленне права допуску да абароны дыплома. Але нічога я ўжо не аднаўляў. У мяне быў сапраўдны нервовы зрыў, поўнае знясіленне, я ўжо не мог нічога маляваць… Галодны, трое сутак не спаў, ляжаў на ложку ў інтэрнаце. А там, дарэчы, дзікунская антысанітарыя. Проста пад падлогай быў туалет. І вось ідзеш, а са шчылін у падлозе, даруйце, чалавечыя фекаліі наверх прабіваюцца. Боты пад ложак пакладзеш, а праз суткі яны брыдкай белай цвіллю пакрываюцца. Гэта быў нейкі жах. Я вярнуўся ў Мінск, дзе спачатку Каткоў мяне прыняў у Палацы піянераў, а потым адтуль мяне запрасілі выкладаць у “Глебаўку”… Цяпер вы ведаеце пра маю біяграфію фактычна ўсё.

— Ці можаце расказаць пра сваю методу выкладчыка?
— Гэта вельмі складанае пытанне. І, баюся, што пакуль вы не прачытаеце кнігу Фаворскага па тэорыі мастацтва, вы мяне проста не зразумееце. Я, канечне, мог бы вам тут пачаць расказваць пра само паняцце “прасторавага”, пра тое, што ўсе пластычныя мастацтвы звязаны з гэтым паняццем, пра асобныя вартасці тэорыі Фаворскага, нарэшце, пра тое, што “прасторавае” — гэта адзіны метад, які дазваляе змагацца з абстракцыяністамі. Але паверце, вы, сапраўды, мала што зразумееце, не чытаўшы Фаворскага. Знайдзіце гэтую кнігу і пачытайце. У вас перабудуецца ўсё ўяўленне пра мастацтва. Вы станеце іншым чалавекам. Я, між іншым, таксама нічога не разумеў у Фаворскім, пакуль не прыйшоў сам выкладаць у вучылішча і мне не прыйшлося самому задумвацца над многімі праблемамі, звязанымі з тэорыяй мастацтва. І да свайго гонару скажу, што я сам адкрыў для сябе Фаворскага. Ён жа непасрэдна ў мяне не выкладаў.

— Крыху не зразумеў… Па-вашаму, дастаткова прачытаць Фаворскага, зразумець яго — і табе адкрыюцца ўсе тайны мастацтва?
— Бадай, так. Я яго параўноўваю з Мендзялеевым у хіміі. Ён выдатна ведаў усе элементы, і аднойчы ў сне яму прыснілася сувязь, логіка сувязі ўсіх элементаў — і ён адкрыў сваю табліцу. Тое ж самае ў пластычных мастацтвах адкрыў Фаворскі. Я памятаю, як аднойчы прачытаў у чэхаславацкім часопісе (у нас жа ўсё замоўчвалася) артыкул, і там цытуюцца словы аднаго італьянскага мастацтвазнаўцы пра тое, што Фаворскі — гэта раскоша для рускага мастацтва. І вось гэтага генія прагналі некалі з Сурыкаўскага інстытута…

— Алег Вікенцьевіч, на вашых вачах мастацтва прайшло амаль стагадовы шлях. Вы можаце сказаць, у які ўсё ж бок яно рухаецца?
— Даруйце, але беларускае — у нікуды. Засілле невуцтва. Дый сусветнае — таксама. Але ў сусветнага мастацтва ў цэлым ёсць адна гарантыя. На зямлі Бог дае так, што час ад часу нараджаюцца геніі. А з імі нічога не зробіш. З геніямі змагацца немагчыма. Яны вядуць мастацтва наперад, хаця часам бываюць галодныя, непрызнаныя, такія, як Ван Гог, як Малевіч… Так здзекавацца, як здзекаваліся з Малевіча ўжо нават пасля яго смерці, проста нельга. Усё лета, як вядома, на плошчы Якуба Коласа віселі яго рэпрадукцыі. Я кожны дзень там хадзіў і кожны дзень адкрываў для сябе нешта новае. Вось што такое Малевіч.

— А каго б яшчэ вы змаглі назваць са сваіх куміраў?
— Ды многа каго. І Урубель, і Іванаў, і Корын…

— А Далі і Пікасо?
— Далі — ні ў якім разе. Востры, энергічны, але спекулянт нумар адзін. Пікасо — вельмі таленавіты, але ён сам прызнаваўся, што яму давялося гандляваць мастацтвам, дагаджаць спажыўцу. Праўда, калі б ён гэтага не рабіў, дык быў бы непрызнаны. Залаты цялец дапамог яму зрабіць самога сябе. Так званыя дзіўнасці Пікасо, нібыта прадыктаваныя жыццём, былі звычайнымі спекуляцыямі.

— А сярод сучасных беларускіх творцаў усё-такі маглі б вылучыць нейкія выдатныя постаці?
— Гэта Зоя Літвінава. Больш нікога няма. Гэта асоба, гэта вяршыня духу, гэта творца, якая перамагла не дзякуючы, а насуперак. Яе ж у свой час зусім не разумелі, гналі пасля заканчэння нашага інстытута ў Гомель, хацелі там схаваць. Але здарылася так, што прыехаў з Масквы адзіны разумны чалавек, пазнаёміўся з ёй, яны пажаніліся. А потым было адкрыццё яе ў Еўропе. Яна неяк апынулася ў Германіі. Гуляла сабе па музеях, зайшла ў нейкую кавярню, дастала па звычцы альбом, які насіла заўсёды пры сабе, і пачала маляваць тое, што бачыла за суседнім сталом. А там абедаў нейкі вядомы мастак, папрасіў паказаць тое, што яна намалявала. Паглядзеў і ахнуў: “Гэта Пікасо!” Ёй адразу прапанавалі там майстэрню, кватэру і гарантыю таго, што ўсе яе работы будуць куплены. Так яно і было… А потым была Францыя, дзе французскі прэзідэнт узнагародзіў яе Ордэнам за заслугі, які да гэтага ўручалі Растраповічу, Вішнеўскай і Башмету. Вось што такое Літвінава. А ў нас яна была нікому непатрэбнай. Як, дарэчы, і многія мае самыя таленавітыя вучні. На вялікі жаль.

— Алег Вікенцьевіч, а ў чым, па-вашаму, сэнс мастацтва?
— Вы верыце ў Хрыста?.. Дык вось, я лічу, што хараство хрысціянскай ідэі немагчымае без культуры на зямлі. Спачатку ўсё-такі культура, а потым рэлігія і ўсё астатняе. У гэтым сэнс.

— Вялікі дзякуй за гутарку. Абавязкова пачытаю Фаворскага.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.