Мастакі спрабуюць сілы

- 11:16Навіны рэгіёнаў

Адкрыты абласны конкурс “Майстар” праходзіў у Гомельскай вобласці на працягу трох дзён. 28 устаноў Беларусі прадстаўлялі 80 юных творцаў — навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў, дзіцячых мастацкіх школ і профільных сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Гомеля, Мінска, Віцебска, Магілёва, Гродна.

Арганізатарамі сталі Гомельскі дзяржаўны мастацкі каледж пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама. Журы ацэньвала ўдзельнікаў у дзвюх узроставых катэгорыях па трох намінацыях: “Дызайн”, “Жывапіс” і “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Конкурс праходзіць ужо шэсць гадоў, і з кожным годам узровень становіцца ўсё вышэйшым, цікавасць расце, як і колькасць удзельнікаў, удасканальваецца іх майстэрства. Уладальнікам гран-пры стаў Уладзіслаў Грыгарэнка — навучэнец Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа. 

— Самым цікавым на конкурсе для мяне быў этап малюнка, — гаворыць пераможца. — У мяне атрымалася прадэманстраваць, на што я здольны. Крыніцай натхнення для мяне з’яўляюцца кіно, масмедыя, гульні. Пасля заканчэння каледжа я паеду на сваё першае працоўнае месца ў Чачэрскі раённы дом культуры. Спадзяюся, гэта будзе час плённай працы, першы крок для рэалізацыі маіх творчых планаў.

У намінацыі “Дызайн” у першай узроставай групе першае месца заваявала Ксенія Хвост (Рэчыцкая дзіцячая школа мастацтваў Гомельскай вобласці), у другой — Дзіяна Сліж (Гомельскі дзяржаўны мастацкі каледж).

Першымі ў намінацыі “Жывапіс” сталі Вераніка Закрэўская (Дзіцячая школа мастацтваў № 2 Жлобіна) і Юлія Ураблеўская (Гомельскі дзяржаўны мастацкі каледж).

Лідары намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”: Хрысціна Залясоўская (дзіцячая школа мастацтваў № 2 Гомеля) і Вера Барсукова (Гомельскі дзяржаўны мастацкі каледж).

Конкурс “Майстар” накіраваны на развіццё і ўмацаванне культурных сувязей, выяўленне і падтрымку таленавітых навучэнцаў, садзейнічанне развіццю іх творчых здольнасцей і павышэнню ўзроўню мастацкай падрыхтоўкі, папулярызацыю выяўленчага мастацтва як візітнай карткі культуры Беларусі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.