Мастацкае падарожжа па казках

- 15:53Адукацыйная прастора

Вынікі абласнога конкурсу дзіцячага малюнка “Цыганская казка” падвёў рэгіянальны рэсурсны цэнтр Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі па рабоце з дзецьмі і дарослымі супольнасці рома.

Як праінфармавала начальнік цэнтра кіруючых кадраў, спецыялістаў адукацыі і інавацыйнай дзейнасці ВАІРА Таццяна Арэхава, конкурс адбыўся ў рамках праекта “Адукацыя рома — новы погляд у будучыню”. Праект ажыццяўляе Гомельскае абласное грамадскае аб’яднанне “Сацыяльныя праекты” ў партнёрстве з абласнымі і гарадскімі інстытутамі развіцця адукацыі. У паўночным рэгіёне рэсурсны цэнтр ВАІРА па рабоце з дзецьмі і дарослымі супольнасці рома працуе на базе сярэдняй школы № 16 Віцебска імя М.І.Дружыніна. У ходзе рэалізацыі праекта тут таксама прайшлі конкурсы дзіцячай цацкі і эсэ “Народ рома. Хто ты?”. У сакавіку навучэнцаў школы, іх бацькоў і жыхароў мікрараёна Лучоса аб’яднала Шырокая Масленіца. Упрыгажэннем свята сталі цыганскія нацыянальныя танцы. Арганізатары каларытнага кірмашу прапаноўвалі не толькі пачаставацца печывам і іншымі пры­смакамі, паўдзельнічаць у традыцыйных масленічных забавах, але і выпрабаваць свае веды і кемлівасць, сілу і спрыт у незвычайных конкурсах, напрыклад, па разгадванні цыганскіх загадак. У красавіку школа стала пляцоўкай для правядзення семінара для педагогаў “Культурна-гістарычныя асаблівасці развіцця супольнасці рома. Асаблівасці арганізацыі работы з дзецьмі рома”. Для ўдзельнікаў семінара была праведзена прэзентацыя рэсурснага цэнтра і праекта “Адукацыя рома — новы погляд у будучыню”, накіраванага на садзейнічанне працэсу інтэграцыі рома ў беларускае грамадства і забеспячэнне іх сацыяльнай стабільнасці, у тым ліку праз спрыяльную адукацыйную прастору.

У ходзе правядзення мерапрыемства педагогам расказалі аб гістарычных, ментальных і культурных асаб­лівасцях народнасці рома. Удзельнікам семінара прадэманстравалі відэафільм з адказамі школьнікаў на пытанні аб стэрэатыпах, міфах, якія суправа­джаюць цыган. Педагагічны калектыў установы адукацыі падзяліўся метадычным і арганізацыйным вопытам па стварэнні адукацыйнага і выхаваўчага асяроддзя для фарміравання талерантнасці ў навучэнцаў.

— У працэсе падрыхтоўкі мы збіралі цыганскія казкі, — расказала намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Наталля Прыстаўка. — Навучэнцы звярталіся да носьбітаў аўтэнтычнага фальклору — прадстаўнікоў народнасці рома. Для ілюстрацыі было выбрана 6 казак. Мэта конкурсу “Цыганская казка” — фарміраванне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці навучэнцаў ва ўмовах дыялогу культур і талерантнасці як прыняцця і разумення багатай культурнай разнастайнасці, розных форм самавыяўлення і спосабаў праяўлення чалавечай індывідуальнасці. Мы імкнёмся ўдасканальваць формы эстэтычнага і духоўнага выхавання дзяцей праз знаёмства з жыццём, гісторыяй і культурай супольнасці рома, якое пражывае на тэрыторыі Рэспуб­лікі Беларусь, садзейнічаць фарміраванню сяброўскіх кантактаў паміж беларускімі дзецьмі і дзецьмі рома. У выніку плануецца выданне ілюстраванай дзіцячымі малюнкамі кнігі цыганскіх казак.

Абласны конкурс праводзіўся ў трох узроставых катэгорыях. Журы ацэньвала работы па такіх крытэрыях, як мастацкі ўзровень выканання, арыгінальнасць ідэі, інфармацыйная і эмацыянальная эфектыўнасць ўздзеяння, выразнасць выкарыстаных сродкаў (ілюстрацыі да казак); майстэрства і тэхніка выканання, арыгінальнасць і самабытнасць, адпаведнасць вобразу і тэмы, прымяненне нестандартных матэрыялаў, тэхнік, прыёмаў і прыстасаванняў (цацкі); эстэтычнасць, раскрыццё тэмы, арыгінальнасць, навуковасць, цэласнасць і лагічнасць выкладання (эсэ). У конкурсе “Цыганская казка” пераможцамі прызнаны (з уручэннем дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступені адпаведна): ва ўзроставай катэгорыі ад 7 да 10 гадоў — навучэнкі сярэдняй школы № 25 Віцебска Настасся Ільіных і Настасся Жутчанка, навучэнка сярэдняй школы № 47 Віцебска імя Я.Ф.Іваноўскага Дарына Рудзько; ва ўзроставай катэгорыі ад 11 да 13 гадоў — навучэнка гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна Дар’я Пугачова, навучэнкі сярэдняй школы № 25 Віцебска Лізавета Пшонная і Марыя Губская; ва ўзроставай катэгорыі ад 14 да 17 гадоў — навучэнкі сярэдняй школы № 16 Віцебска імя М.І.Дружыніна Ганна Яблакава, Дзіяна Даўгілава і Караліна Дуднік. Работы ўдзельнікаў накіраваны ў Гомель, лепшыя з іх стануць ілюстрацыямі да кнігі “Цыганскія казкі”. Таксама былі ўручаны дыпломы і падзякі пераможцам і ўдзельнікам конкурсаў “Цыганская цацка” і “Народ рома. Хто ты?”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 16 Віцебска імя М.І.Дружыніна.