Мастацкае тачэнне драўніны

- 16:13Адукацыйная прастора

У многіх установах адукацыі арганізоўваюцца факультатыўныя заняткі па тэме “Мастацкае тачэнне драўніны”. Тачэнне з’яўляецца адным з найбольш распаўсюджаных відаў мастацкай апрацоўкі драўніны. Такарныя вырабы вызначаюцца прыгажосцю і лаканічнасцю форм, ідэальнай гладкасцю паверхні, а таксама адноснай прастатой і хуткасцю стварэння. Папулярным сярод навучэнцаў з’яўляецца тачэнне драўляных вырабаў у выглядзе ваз, талерак і кубкаў, велікодных яек.

Для мастацкага тачэння выкарыстоўваюць драўніну грушы, яблыні, клёну, бярозы, буку, ясеню, ліпы, алешыны, сасны. Але нават пры такім шырокім выбары парод драўніны ўзнікае праблема ў падборы якаснай загатоўкі адносна вялікіх памераў для выканання суцэльных вырабаў, такіх як вазы, талеркі, кубкі.

У той жа час не ўзнікае асаблівых праблем з наяўнасцю загатовак невялікіх памераў, напрыклад, абрэзкаў піламатэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаны пры прымяненні тэхналогіі сегментнага тачэння драўніны.

Паняцце “сегментнае тачэнне” зарадзілася ў другой палове ХХ стагоддзя, пасля з’яўлення сучасных кляёў. Сутнасць гэтай тэхналогіі заключаецца ў абточванні набранай з сегментаў загатоўкі для атрымання розных вырабаў. Працаёмкасць сегментнага тачэння вышэйшая, чым выточванне з суцэльнай загатоўкі: трэба падабраць дэталі, дакладна распілаваць іх на сегменты неабходных памераў, падагнаць паверхні, якія мяжуюцца, і склеіць іх. І потым ужо тачыць. Але гэтая тэхналогія мае некалькі неаспрэчных добрых якасцей. Самая галоўная з іх заключаецца ў тым, што сегментны выраб, тая ж ваза, выглядае ў некаторых выпадках прыгажэй за вытачаную з суцэльнага кавалка дрэва.

Сегментнае тачэнне сцірае ўзаемасувязь памераў загатоўкі і канчатковага вырабу, у той час як пры тачэнні з суцэльнага кавалка матэрыялу дыяметр вырабу жорстка задаецца памерамі загатоўкі, якую не так проста знайсці.

Прапаную вашай увазе паэтапнае апісанне дзеянняў па вырабе вазы (мал. 1) з прымяненнем тэхналогіі сегментнага тачэння.

Мал. 1

Мал. 2

Аснову вырабу складаюць дэталі (сегменты) у выглядзе трапецыі (мал. 2). Лінейныя і вуглавыя памеры сегментаў-трапецый вызначаюцца разліковым шляхам згодна з графічнай выявай вазы ў разрэзе і табліцай (мал. 3), у залежнасці ад колькасці сегментаў у радзе і ад дыяметра вазы ў канкрэтным месцы (радзе).

На першым этапе распрацоўваецца рабочы чарцёж вазы (мал. 3), разлічваецца колькасць кольцаў (радоў) і памеры сегментаў у іх. Для вырабу гэтай вазы спатрэбяцца піламатэрыялы зададзенага сячэння (40х30 мм) з драўніны сасны і моранага дубу. На другім этапе пілуюцца загатоўкі сегментаў у стусле з зададзеным вуглом (мал. 4) неабходных памераў згодна з разлікамі для дзевяці кольцаў (радоў), з якіх складаецца ваза. Тарцы сегментаў апрацоўваюцца на шліфавальным дыску да атрымання роўнай паверхні (мал. 5).


Мал. 3

Мал. 4

Мал. 5

На трэцім этапе сегменты склейваюцца ў шматграннікі. Спачатку збіраем дванаццаціграннік. Па чарзе выстаўляючы сегменты на стужку скотча па шэсць (мал. 6) і змазаўшы тарцовыя канты клеем “ПВА-момант экспрэс”, склейваем палавінкі дванаццаціграннікаў пры дапамозе спецыяльнага прыстасавання (мал. 7).


Мал. 6

Мал. 7

Мал. 8

Пасля высыхання клею (15—20 мінут) падганяем дзве палавінкі адна да адной на шліфавальным дыску (мал. 8) і склейваем іх разам пры дапамозе кальцавога прыстасавання (мал. 9) ці іншай прылады. Такім жа чынам вырабляюцца астатнія шматграннікі і кольцы.


Мал. 9

Мал. 10

Мал. 11

На чацвёртым этапе атрыманыя шматграннікі точым да зададзенай таўшчыні ў 25 мм (мал. 10), пры гэтым адбываецца выраўноўванне пласці. Пасля чаго склейваем шматграннікі паміж сабой са ссоўваннем кожнага з іх адносна папярэдняга па восі кручэння на паўсегмента, сціскаючы шматграннікі прэсам (мал. 11).


Мал. 12

Мал. 13

Мал. 14

На пятым этапе, пасля высыхання клею (не менш за 15 мінут), точым знешні і ўнутраны контур дэталей згодна з чарцяжом (мал. 12, 13). Пры тачэнні ўнутраных паверхняў вазы выкарыстоўваем люнет, які вырабілі з дваццаціміліметровай фанеры і колаў ад ролікавых канькоў (мал. 14), што гарантуе бяспечнае тачэнне загатоўкі.

Апрацоўку вазы праводзім шліфаваннем дробназярністымі шкуркамі. У залежнасці ад прызначэння вырабу выконваем або лакіраванне, або вашчэнне, або прамочванне арганічнымі масламі.


Мал. 15

Мал. 16

Мал. 17

Тэхналогія сегментнага тачэння дазваляе пры наяўнасці невялікіх загатовак выконваць даволі аб’ёмныя вырабы з рознымі ступеньчатымі ўзорамі, што забяспечваецца выкарыстаннем драўніны розных парод (мал. 15, 16, 17, 18).


Мал. 18

Дзмітрый ДОЎНАР,
настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 13 Жлобіна,

настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.