Мастацкая філасофія юных творцаў

Днямі ў Смалявічах журы ХV Міжнароднага конкурсу жывапісу і графікі “На сваёй зямлі” вызначыла лепшыя работы і аўтараў. Такое мастацкае спаборніцтва сёння з’яўляецца адным з самых маштабных, вядомых і аўтарытэтных не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах свету. З кожным годам у ім удзельнічае ўсё большая колькасць дзяцей. Так, сёлета на конкурс прадстаўлена больш за 10,6 тысячы работ юных мастакоў з 26 краін.

Альдона Калуцка.

Першы этап работы журы конкурсу, які праводзіцца ў рамках рэалізацыі аднайменнага міжнароднага мастацкага праекта ГА “Беларускі зялёны крыж”, адбыўся 28 сту­дзеня на базе Цэнтра фізічнай культуры, спорту і турызму Смалявіцкага раёна. Члены міжнароднага журы ў складзе 15 мастакоў і педагогаў з 8 краін (Беларусі, Расіі, Кітая, Балгарыі, Румыніі, Польшчы, Літвы, Украіны), якія маюць вялікі вопыт у рабоце з юнымі творцамі, індывідуальна выбралі лепшыя, па іх меркаванні, дзіцячыя творы.

Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце мастацкага аддзялення Санкт-Пецярбургскай дзіцячай школы мастацтваў імя М.І.Глінкі каардынатар Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сімфонія колеру” Ірына Кісель, гаворачы пра тое, чым кіруюцца члены журы, адзначыла, што, бадай, усе выбіраюць лепшыя творы эмацыянальна і ў большасці сваёй суб’ектыўна. “Мне больш падабаюцца творчыя працы — гарманічны прыгожы жывапіс і кампетэнтна зробленая графіка, якія заўсёды кранаюць. Наогул, дзіцячая творчасць настолькі эмацыянальная і шчырая, што ўзнімае настрой, — дзеліцца сваімі думкамі педагог. — Ацэньваць дзіцячыя работы, тым больш у такой колькасці — звыш трох тысяч, вельмі складана. Але я працую з дзецьмі ад 4 да 17 гадоў і ведаю, на што здольнае дзіця ў кожным узросце. Мне хочацца бачыць у працах старэйшых канкурсантаў не проста нейкую фармальную кампазіцыю, а пэўную думку”.

А вось дырэктар Каўнаскай мастацкай гімназіі Нерынга Шупінскене прыехала да нас не толькі ацэньваць работы юных творцаў, але і пераймаць вопыт правядзення міжнародных конкурсаў. “Я выбіраю не майстэрства, а спосаб эмацыянальнага выяўлення дзіцяці. Мы ўжо менш звяртаем увагу на акадэмічны бок, а больш глядзім на фантазію і светапо­гляд”, — сказала яна.

Некаторыя члены судзейскай калегіі прыязджаюць на конкурс “На сваёй зямлі” па натхненне, як, напрыклад,  мастачка, мастацтвазнаўца, выкладчыца і кіраўнік арт-студыі Creatio ў Маладзёжным доме культуры Рыбніка (Польшча) Альдона Калуцка. “Працы, якія мне падабаюцца тут, — гэта ў асноўным графіка, таму што яна асабліва складаная для дзяцей. Таксама мне даспадобы малюнкі, якія створаны з выкарыстаннем малой колькасці колераў, асабліва калі яны напісаны з размахам, — падкрэсліла мастачка. — Тут я і сама натхняюся дзіцячымі творамі, а потым вяртаюся дадому з новымі вобразамі”. Што і нядзіўна, бо дзіцячыя работы вельмі высокага ўзроўню, як гэта адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце дзіцячай мастацкай школы № 1 імя К.К.Кастандзі ў Адэсе Наталля Пятрова. “Асабліва здзіўляе не па гадах складаная графіка, яна часам нават пераважае над яркім каляровым жывапісам, — тлумачыць педагог. — Я ацэньваю работы ўжо чацвёрты раз, і якасць малюнкаў і самога конкурсу павышаецца з кожным годам”.

Работы на конкурс даслалі дзеці ва ўзросце ад 5 да 18 га­доў. “У 5—10 гадоў дзеці пішуць самыя цікавыя работы, якія проста ўражваюць дарослых арыгінальнасцю стварэння мастацкага вобраза, наіўнасцю інтэрпрэтацыі рэальнасці, фантазійным успрыманнем свету, а таксама майстэрствам выканання і эстэтыкай. Для дзяцей малодшага ўзросту няма ніякіх бар’ераў, яны малююць так, як хочуць і як адчуваюць”, — гаворыць старшыня журы конкурсу, член Беларускага саюза мастакоў, дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Міхаіл Цыбульскі.

Другі этап работы журы праходзіў 29—31 студзеня, і калегіяльна былі вызначаны 325 пераможцаў, якія атрымаюць дыпломы і медалі. А ў першыя тры дні лютага адбылася міжнародная канферэнцыя мастакоў-педагогаў, на якой яны абмеркавалі актуальныя пытанні мастацкай адукацыі, абмяняліся вопытам і наладзілі супрацоўніцтва паміж мастацкімі навучальнымі ўстановамі.

Дарэчы, Міжнародны конкурс жывапісу і графікі “На сваёй зямлі” праводзіцца ў Беларусі з 2006 года, яго арганізатарамі выступаюць грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж”, Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. За гэтыя гады ў конкурсе прыняло ўдзел больш за 157 тысяч дзіцячых малюнкаў з 57 краін свету, а дыпломамі і падзякамі былі адзначаны каля 40 тысяч работ юных творцаў. Імёны сёлетніх пераможцаў стануць вядомы ў сакавіку, калі на сайце ГА “Зялёны крыж” будуць размешчаны спісы ўсіх аўтараў, адзначаных журы. А ўбачыць найлепшыя работы можна будзе ў красавіку ў сталічнай галерэі “Універсітэт культуры”, дзе прадставяць выніковую выставу і ўзнагародзяць лаўрэатаў конкурсу.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.