Мастацкі дыялог пакаленняў

- 14:11Культура

Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і Нацыянальны мастацкі музей пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры стварылі сумесны творчы праект “Дыялог пакаленняў: Мастацтва. Перамога. Жыццё”, прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. Яго прэзентацыя адбылася анлайн 9 мая.

У выставачных залах Нацыянальнага мастацкага музея разгарнуўся своеасаблівы дыялог паміж мэтрамі жывапісу, графікі і скульптуры і юнымі творцамі. Яго непасрэднымі ўдзельнікамі сталі работы знакамітых беларускіх мастакоў Міхаіла Савіцкага, Леаніда Шчамялёва, Леаніда Дударэнкі, Івана Ахрэмчыка, Аляксея Глебава, Мая Данцыга з асноўнай экспазіцыі музея і пачаткоўцаў — пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Салют Перамогі!”, праведзенага Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі.

— Праект “Дыялог пакаленняў: Мастацтва. Перамога. Жыццё” паказвае, што ў нашай краіне мноства таленавітых маладых людзей, якія сапраўды адчуваюць культуру Беларусі і захоўваюць памяць пра страшныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. А гэта ў сваю чаргу гаворыць пра высокі ўзровень грамадзянска-патрыятычнага выхавання нашай моладзі, пра тое, што кожны з іх адчувае сябе грамадзянінам і патрыётам сваёй краіны, — адзначыў начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Мацюшонак. — Такі праект — выдатная ініцыятыва, якая, думаю, будзе мець працяг. Перакананы, у будучыні з’явяцца новыя ідэі і праекты, а наша далейшае сумеснае супрацоўніцтва будзе паспяховым.

Карціны М.Савіцкага і К.Бараноўскай.

Уладзімір Пракапцоў, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, лічыць, што сённяшняй моладзі ўдалося вельмі тонка паказаць у сваіх работах неўміручы подзвіг нашых продкаў — беларускіх партызан, падпольшчыкаў, салдат Чырвонай Арміі, дзякуючы якім Беларусь свабодная і незалежная, і над ёй чыстае і мірнае неба. “Думаю, гэты праект носіць і педагагічны, і мастацкі, і гераічны характар, бо такія работы маглі стварыць толькі неабыякавыя маладыя людзі, сапраўдныя патрыёты. Канечне, праект накіраваны ў будучыню, ён дае магчымасць паказаць пераемнасць пакаленняў, тое, што падрастаючыя творцы вартыя сваіх бацькаў і дзядоў у плане захавання гістарычнай памяці і баявых традыцый, — дадаў ён. — Атрымалася сапраўдная творчая мастацкая пераклічка мэтраў і пачаткоўцаў, якія, стаўшы дарослымі, перададуць ваенную памяць сваім дзецям. І можна быць спакойнымі, бо будучыня Беларусі ў надзейных руках”.

Прэзентацыя праекта “Дыялог пакаленняў: Мастацтва. Перамога. Жыццё” адбылася 9 мая ў сацыяльных сетках, на сайтах і YouTube-каналах як Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, так і Нацыянальнага мастацкага музея. Анлайн-экскурсію па экспазіцыі праводзяць загадчыца аддзела навукова-асветніцкай работы музея Кацярына Ляшкевіч і супрацоўніца цэнтра Анастасія Максіменка. У праекце задзейнічаны 13 фундаментальных твораў мастацтва на тэму Вялікай Айчыннай вайны (жывапісных, графічных, скульптурных) з калекцыі музея і 17 кранальных і вельмі глыбокіх дзіцячых работ.

Работы У.Сухаверхава і К.Бараноўскай.

Прапаную і нам прайсціся па выставе. Асаблівае месца ў экспазіцыі музея займа­юць скульптурныя партрэты герояў Савецкага Саюза — снайпера Феадосія Смалячкова і лётчыка Мікалая Гастэлы, выкананыя ў бронзе знакамітымі майстрамі — народнымі мастакамі БССР Заірам Азгурам і Андрэем Бембелем. Абедзве скульптуры былі створаны падчас вайны, але і праз шмат гадоў уражваюць гледачоў сваёй жывасцю і дынамічнасцю, нават з’яўляецца адчуванне палёту і подзвігу, здзейсненага героямі. А побач са скульптурамі размешчаны жывапісныя партрэты герояў Вялікай Айчыннай вайны навучэнкі Жлобінскага гарадскога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка” Карыны Бараноўскай. Яна намалявала герояў, чыімі імёнамі названы вуліцы яе роднага Жлобіна: Леаніда Пятроўскага, Васіля Казлова, Мікалая Кавалёва, Фёдара Баталава, Макара Барташова, Канстанціна Заслонава.

Наступныя творы адлюстроўваюць Брэсцкую крэпасць — помнік мужнасці, храбрасці і патрыятызму, сімвал непахіснай стойкасці. Іван Ахрэмчык сваё палатно “Абаронцы Брэсцкай крэпасці” напісаў пасля таго, як прачытаў у 1957 годзе кнігу Сяргея Смірнова “Брэс­цкая крэпасць”. Мастак працаваў цэлы год, сустракаўся з самім пісьменнікам і ўдзельнікамі тых падзей, стварыў сотні эцюдаў. А побач знаходзіцца работа выхаванцаў дзвюх студый Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці, выкананая з кардону, паперы і пластыку, таксама прысвечаная абароне крэпасці.

Творы М.Данцыга і В.Смірновай. Побач чытальніца вершаў В.Сабалеўская.

Сярод жывапісных і скульптурных работ прадстаўлены шэраг графічных. У іх ліку карціны графіка, якога называлі прыгонным мастаком, Пятра Дурчына з цыкла “Брэсцкая крэпасць”. Варта сказаць, што ён за сваё жыццё напісаў больш за 200 твораў, прысвечаных ­Брэсцкай крэпасці і яе абаронцам. Таксама тэма вайны адлюстравана ў графічных работах вучня сярэдняй школы № 10 Брэста Дзмітрыя Зварыча і Аляксандра Аўраменкі з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі імя Хаіма Суціна Смілавіч Чэрвеньскага раёна.

У калекцыі скульптур вылучаецца работа Аляксея Глебава “Леў Міхайлавіч Даватар”, прысвечаная ўраджэнцу Віцебскай вобласці, камандзіру 2-га кавалерыйскага корпуса, Герою Савецкага Саюза, генерал-маёру Л.М.Даватару. А побач работа вучняў сярэдняй школы № 14 Полацка — копія абеліска “23 гвардзейцы”, які стаіць у Полацку на беразе Заходняй Дзвіны. Дзякуючы неверагодным намаганням гэтых салдат, 4 ліпеня быў вызвалены Полацк. Скульптуры вельмі гарманічна дапаўняюць адна адну.

У аснове творчасці Леаніда Дударэнкі, аўтара карціны “Дзядзька Кастусь і цётка Агнета”, ляжыць тэма духоўнасці і мастацкай праўды. Мастак шмат падарожнічаў не толькі па Беларусі, але і за мяжой, аднак вельмі любіў адлюстроўваць менавіта сваю малую радзіму. На яго карціне кожная дэталь пра нешта гаворыць і мае працяг у рабоце навучэнца Лунінскага ясляў-сада — сярэдняй школы Лунінецкага раёна Рамана Сацкевіча. Ён адлюстраваў героя карціны Дударэнкі дзядзьку Кастуся, які знімае свой медаль і клапатліва трымае яго ў руках на фоне альбома мінулых гадоў з вы­явамі твараў герояў, сваіх баявых таварышаў. І ўсё гэта адлюстравана з фатаграфічнай дакладнасцю як у прафесійнага мастака, так і ў пачаткоўца.

Карціны Л.Дударэнкі і Р.Сацкевіча.

А вось палатно “Віцебскія вароты” Міхаіла Савіцкага расказвае пра трагедыю бежанцаў на вайне, якую таксама тонка адчуў і перадаў выхаванец Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Арцём Балашоў у сваёй драўлянай скульптуры “Лёс, апалены вайной”. Работа нагадвае пра разбураныя і спаленыя ў час акупацыі беларускія вёскі, пра лёс лю­дзей, якія засталіся без роднага дома. Глядзіш на скульптуру і задумваешся над тым, як людзі, застаўшыся адзін на адзін з ворагам, змаглі выстаяць і выжыць.

Адна з самых знакамітых карцін Міхаіла Савіцкага — “Партызанская мадонна (Мінская)”, напісаная ў 1978 годзе. У яе цэнтры вобраз жанчыны і дзіцяці. Гэта вобразы вечнасці, міру і жыцця, якое працягваецца, нягледзячы на ваенныя дзеянні. Побач з палатном сучасны трыпціх “Апаленае дзяцінства” юнай мастачкі са Жлобіна Карыны Бараноўскай, якая таксама звяртаецца да вечнага сімвала жыцця — мацярынства. Яна паказала жанчыну, якая ўзнімаецца над дзецьмі, глядзіць на іх, бядуе, бо не ў сілах дапамагчы ім.

А ў творы “Маё нараджэнне” мастака Леаніда Шчамялёва ўзнімаецца тэма зараджэння новага жыцця. Побач работа “Ніколі больш…” Марыі Васільевай і Дар’і Мірановіч з  Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яна расказвае пра лёс дваіх закаханых, якіх разлучыла вайна. На карціне адлюстраваны дзве фігуры: дзяўчыны і салдата, паміж якімі абвугленыя руіны. А зверху вышыты радкі — зварот салдата: “Мілая, не ведаю, ці прачытаеш ты калі-небудзь гэтыя радкі. Але я цвёрда перакананы, што гэта мой апошні бой…”. Карціна нібы нагадвае, колькі такіх маладых салдат засталося на полі бітвы. У той жа час, гледзячы на работу, вельмі хочацца верыць, што гэтыя маладыя людзі абавязкова сустрэнуцца пасля вайны і ў іх будзе цудоўная будучыня.

Верасень 1943 года стаў гістарычным для Беларусі. У гэты перыяд пачалося вызваленне беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У канцы жніўня 1944 года былі вызвалены ўсе беларускія гарады. Вялікай і значнай падзеяй для нашай краіны з’яўляецца святкаванне дзён вызвалення нашых гарадоў. Для Мінска гэта дата 3 ліпеня. Яна ж у сюжэце і назве карціны Валянціна Волкава “Мінск 3 ліпеня 1944 года”, якую ён пісаў на працягу 10 гадоў. А побач работа выхаванца Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Мірона Рымкевіча “Вызваленне”, на якой паказаны танк, які сімвалізуе як вызваленне Мінска, так і далейшае вызваленне ўсёй краіны. Работа выклікае радаснае пачуццё, а зорнае неба нагадвае святочны салют — у гэты момант хочацца радавацца і святкаваць Перамогу і Вызваленне.

Завяршаецца экспазіцыя карцінай Мая Данцыга “Мой горад старажытны, малады” і работай Веранікі Смірновай з НЦМТДіМ. На абодвух творах наш сучасны, яркі, дынамічны, з вялікай гісторыяй Мінск.

Акрамя таго, у анлайн-версіі праекта выяўленчы рад дапоўнены 9 вершамі ў выкананні навучэнцаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі — пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Салют Перамогі!”, прысвечанага 75-годдзю Вялікай Перамогі. Дарэчы, у ім прынялі ­ўдзел каля 8 тысяч творчых работ. А зараз у выставачнай зале цэнтра прадстаўлена выніковая экспазіцыя конкурсу, якая складаецца з больш як 340 лепшых жывапісных і дэкаратыўна-прыкладных работ і фатаграфій. “Гэтую выставу можна наведаць як анлайн на YouTube-канале цэнтра, так і афлайн, прытрымліваючыся санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, — падкрэсліла дырэктар цэнтра Надзея Васільчанка. — Наша творчае спаборніцтва дазволіла юным беларусам праявіць сябе і свае эмоцыі ў розных формах, у тым ліку ў вершах і прозе”.

У цэлым жа Надзея Васільеўна заўважыла, наколькі сугучныя эмоцыі як мэтраў, так і дзяцей — удзель­нікаў праекта “Дыялог пакаленняў: Мастацтва. Перамога. Жыццё”: “Каштоўная кожная работа, асабліва тым, як юныя мастакі змаглі адчуць пачуцці нашых знакамітых творцаў, калі тыя працавалі над сваімі работамі. Упэўнена, калі нашы дзеці стварылі такія цудоўныя работы, — значыць, яны разумеюць цану подзвігу. Я лічу, што гэты праект варта было б паказаць і ў іншых гарадах Беларусі”.

Праект “Дыялог пакаленняў: Мастацтва. Перамога. Жыццё” атрымаўся па-сапраўднаму кранальным, тым больш у гэтыя святочныя дні. Глядзіш на работы як знакамітых мастакоў, так і юных творцаў, і неяк само па сабе ўзнікае пачуццё гордасці — за тое, што нашы продкі перамаглі ў той жудаснай вайне і, дзякуючы іх подзвігу, мы сёння маем мірнае жыццё, і, канечне, за наша падрастаючае пакаленне, якое працягвае памятаць і шанаваць герояў Вялікай Айчыннай вайны. На жаль, пакуль Нацыя­нальны мастацкі музей закрыты, але ён павінен зноў адчыніць свае дзверы ў канцы мая. І як толькі гэта адбудзецца, абавязкова схадзіце туды разам са сваімі дзецьмі, выхаванцамі, вучнямі і пабачце на свае вочы гэты праект, які нікога не пакіне раўнадушным. А пакуль яшчэ раз усіх вас са святам! Няхай жыццё, падоранае нам Перамогай, будзе шчаслівым і напоўненым поспехамі. Цаніце кожны дзень і беражыце мір на Зямлі!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.