Мастацтва бачыць свет

- 14:00Навіны рэгіёнаў

У Гомельскім дзяржаўным мастацкім каледжы пабывала член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Таццяна Абель, якая праводзіць сустрэчы з працоўнымі калектывамі ўстаноў адукацыі.

Каледж быў створаны ў 1989 годзе як філіял Мінскага мастацкага вучылішча імя А.К.Глебава. З 1997 года ён рэарганізаваны ў Гомельскае мастацкае вучылішча, а з 2011­-га перайменаваны ў Гомельскі дзяржаўны мастацкі каледж. Цяпер тут асвойваюць жывапіс, дызайн і дэкаратыўна­-прыкладное мастацтва 161 чалавек.  Іх вучаць 19 выкладчыкаў. Як расказала дырэктар установы Алена Зейбек, арганізацыя адукацыйнага працэсу па дысцыплінах спецыяльнага цыкла ажыццяўляецца на базе 19 спецыялізаваных вучэбных аб’ектаў:

— Гэта майстэрні малюнка, жывапісу, колеразнаўства, кампазіцыі, праектавання, тэхналогіі матэрыялаў, якія абсталяваны мальбертамі, падстаўкамі для натурных пастановак, стэлажамі для сушкі работ, сафітамі. У дастатковай колькасці прадстаўлены дэманстрацыйныя сродкі навучання: керамічны посуд, вырабы з лазы, гафт, тканыя вырабы, а таксама гіпсавыя мадэлі і наборы муляжоў. Пры кожнай майстэрні ёсць дапаможныя памяшканні. Навучэнцам, якія прыехалі ў Гомель з іншых гарадоў, прадастаўляецца месца ў інтэрнатах іншых устаноў адукацыі.

Падчас сустрэч з парламентарыем работнікі каледжа гутарылі аб падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Абмяркоўваліся асноўныя тэн­дэнцыі ў развіцці спецыяльнай адукацыі. Таццяна Абель расказала пра сваю парламенцкую дзейнасць і акцэнтавала ўвагу на асноўных законапраектах, якія разглядаліся на чарговай сесіі парламента.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.