Мастацтва без слоў Уладзіміра Слабодчыкава

У верасні знакаміты беларускі скульптар, загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар Уладзімір Слабодчыкаў атрымаў дзве ганаровыя ўзнагароды: плацінавы медаль ад Французскага акадэмічнага таварыства мастацтва, навук і літаратуры і званне “Народны мастак Беларусі”. Уладзімір Іванавіч больш за 30 гадоў працуе ў акадэміі і за гэты час падрыхтаваў мноства таленавітых майстроў, якія апошнія дзесяцігоддзі ствараюць гісторыю айчыннай скульптуры. Абмяркуем з ім, як настаўнікі ўплываюць на прафесійнае станаўленне творчай асобы, чаму студэнтаў у першую чаргу варта выхоўваць патрыётамі і да якой працы ён рыхтуе сваіх выпускнікоў.

— Уладзімір Іванавіч, віншую вас з ганаровай узнагародай! Што для вас званне “народны”?

— Яно вельмі ганаровае, прыемнае і ў той жа час адказнае, таму што трэба рабіць яшчэ лепш, чым рабіў. Званне “народнага” заўсёды выклікае асацыяцыі з нашымі класікамі Янкам Купалам і Якубам Коласам, а тут раптам і ты аказваешся далучаным да іх. Адразу пачалася пераацэнка сваіх магчымасцей, сіл, узніклі думкі, а ці варты ты гэтага звання?..

Мастакі ў большасці сваёй індывідуалісты і думаюць пераважна пра свае асабістыя праблемы, імкнуцца даносіць іх да гледача. Але ў мяне як прафесара акадэміі ёсць больш спосабаў перадачы свайго мастацтва, у тым ліку сваіх ведаў, студэнтам, якія чакаюць маёй дапамогі. Увогуле выкладаць я пачаў з 25 гадоў, адразу пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (сёння — БДАМ) у 1975-м, таму педагогікай займаюся гадоў 45, і ўвесь гэты час я перадаю свае ідэі, прафесійныя навыкі маладому пакаленню. Спачатку я працаваў выкладчыкам у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І.Ахрэмчыка (зараз — Рэспубліканскі каледж мастацтваў імя І.Ахрэмчыка.) больш за 15 гадоў, а потым прыйшоў выкладаць у БДАМ. І вось ужо тры дзясяткі гадоў у мяне адзін маршрут: раніцай — у акадэмію, а пасля яе — у майстэрню.

— У акадэміі вы выкладаеце з 1989 года. Чаму ў першую чаргу вучыце сваіх студэнтаў, якая самая галоўная задача педагога ў мастацтве?

— Першая задача любога педагога — захаваць і раздзь­муць кожную маленькую творчую іскрынку. У той жа час у акадэміі вялікая ўвага ўдзяляецца выхаванню, каб нашы студэнты былі сапраўднымі грамадзянамі, патрыётамі, любілі свой край, заўважалі і цанілі адметнасці нашага народа і культуры. А для гэтага мы пастаянна нагадваем ім, што наша культура роўная сярод іншых, што яна моцная і займае дастойнае месца сярод іншых культур свету. Таму, калі коратка, галоўная задача выкладчыка, настаўніка — выхаванне высокага прафесіянала і патрыёта.

Зразумела, выкладаем мы і асновы прафесіяналізму. На скульптурных прадметах вучым і як каркас зрабіць для скульптуры, і як ляпіць, і як з глінай, каменем, дрэвам, металам працаваць, а яшчэ вучым студэнтаў адэкватна ўспрымаць рэчаіс­насць, думаць, бо потым свае думкі ў сваіх работах яны панясуць гледачам. Гавораць, што скульптура — гэта мастацтва без слоў. Аднак калі ўкласці ў яго душу, яно становіцца зразумелым усім народам. Увогуле кожны мастак у пэўнай меры — выхавальнік духоўнасці і маральнасці, і тое, што закла­дзена ў яго душы, ён потым перадасць народу ў сваіх творах.

— У акадэмію, як правіла, паступа­юць падрыхтаваныя абітурыенты, якія скончылі гімназію-каледж імя Ахрэмчыка ці мастацкае вучылішча імя Глебава і маюць ужо пэўныя творчыя по­гляды. Ведаю, што вы кожнаму дапамагаеце яшчэ больш раскрыцца. Як вам гэта ўдаецца?

— Акадэмія мастацтваў — найвышэйшая ступень навучання мастака, таму са­праўды бяром толькі падрыхтаваных лю­дзей, якія ўпэўнены, што хочуць займацца менавіта мастацтвам. Да нас прыхо­дзяць маладыя людзі, якія імкнуцца атрымаць яшчэ больш ведаў, таму і ўзровень выкладчыка павінен быць настолькі высокі, каб ён быў цікавы студэнтам. Бо ты або набудзеш вучняў, або згубіш. І вось каб быць цікавым, прыхо­дзіцца і самому пастаянна працаваць у майстэрні, шукаць новыя ідэі і формы. Дарэчы, студэнты заўсёды адчуваюць, ці знаходзішся ты сам у творчым стане. Калі яшчэ мы вучыліся, то момант пазнання і інфармацыйны паток былі меншыя, чым цяпер. А таму нам, педагогам, зараз пастаянна трэба быць у тонусе, у курсе ўсіх па­дзей, і ве­даць значна больш за праграму, як і любому настаўніку ў школе.

Наш вучэбны працэс — гэта сумесь тэорыі і практыкі. Я не аматар умешвацца ў работы сваіх студэнтаў, таму што гэта момант этычны, складаны, не ўсім студэнтам гэта падабаецца. Хоць часам лепш адразу прагаварыць пэўныя моманты, каб студэнт унёс неабходныя карэктывы. Пры гэтым важна памя­таць, што работу можна крытыкаваць, але не прыніжаючы яе аўтара. Калі ж ацэньваем студэнцкія творы, часам нават 10-бальнай шкалы не хапае. Мы, бывае, і “+” дабаўляем да адзнакі, напрыклад “8+” або “9-“ (усмі­хаецца), таму што момант ацэнкі вельмі складаны. Бывае, твор тэхнічна менш цікавы, затое багацейшы духоўна, і як тады ацаніць… Але на нашай кафедры звычайна калегіяльна выстаўляюцца балы і кожнаму студэнту тлумачыцца, чаму пастаўлены такі бал, а не іншы. Іспыт па скульптуры мы называем праглядам, работы выносяцца на ўсеагульны агляд, і студэнты маюць магчымасць параўнаць і прааналізаваць работы.

— Выкладаючы скульптуру і кампазіцыю, вы аддаяце перавагу класіцы ці сучасным метадам і падыходам?

— Канечне, у акадэміі перавага аддаецца акадэмічнаму падыходу. Мы стараемся захаваць школу, якая склалася дзякуючы А.Бембелю, Г.Мурамцаву, А.Анікейчыку. Калі я прыйшоў на кафедру ў 90-я гады, мы разам з калегамі вырашылі не мяняць акадэмічныя задачы навучання і толькі крыху дабавіць да іх сучасных. Аснова ж застаецца акадэмічнай — гэта значыць рэалізм у скульптурным адлюстраванні.

— Але сучаснае мастацтва не стаіць на месцы і часам набывае нечаканыя і незвычайныя формы. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Станоўча, таму што і мае работы розныя, ёсць чыста рэалістычныя, чыста ўмоўныя, і партрэтныя. Тут галоўнае — вырашыць пастаўленую задачу, важны сам вынік, а якім чынам ён будзе дасягнуты — іншае пытанне. Мы стараемся даць прафесійную класічную адукацыю, а далей нашы выпускнікі вольныя ў творчасці і сваіх пошуках.

— Уладзімір Іванавіч, у акадэмію мастацтваў, як мы ўжо гаварылі, звычайна прыходзяць падрыхтаваныя студэнты, але ваша гісторыя — унікальная, бо вы трапілі ў БДТМІ, можна сказаць, толькі дзякуючы свайму таленту, амаль без папярэдняй падрыхтоўкі…

— Так. Наша асяроддзе заўсёды стварае пэўныя перадумовы. Я вучыўся ў звычайнай школе ў вёсцы Даўгінава Вілей­скага раёна, і мой першы настаўнік звярнуў увагу на мае мастацкія здольнасці. Пасля мой бацька, які і сам быў мастаком-аматарам, прымушаў маляваць мяне ў класе 2—3-м. А ў класе 8-м я і сам захацеў маляваць і вырашыў паступаць у тэатральна-мастацкі інстытут. Сур’ёзна ляпіць пачаў толькі на падрыхтоўчых курсах. Калі нам на экзамене задалі зляпіць кампазіцыю, я і слова такога не ведаў (усміхаецца).  Але мне неяк пашанцавала набраць неабходную колькасць балаў для паступлення. А калі б мяне не прынялі, то хто ведае, як склаўся б лёс, магчыма, пайшоў бы ў архітэктары.

— Вы працавалі і з дрэвам, і з каменем, алюмініем, бронзай. А які матэрыял дапамагае вам найбольш поўна перадаваць свае ідэі?

— Ідэя заўсёды вызначае матэрыял, у якім будзеш увасабляць яе. Работа з каменя выглядае моцнай, нават магутнай, калі ж трэба зрабіць нешта вытанчанае, лірычнае, то лепш узяць бронзу. Я спачатку вельмі шмат працаваў з дрэвам, таму што яно цёплае. Мне неяк трапіліся вялікія бярвёны ліпы, і я выразаў скульптуру лялечнікаў. Потым быў перыяд, калі я захапіўся шамотам — вогнетрывалай глінай, абпаленай да страты пластычнасці. Затым быў алюміній, які даў магчымасць ства­раць выцягнутыя касмічныя постаці. І, канечне, бронза — класічны матэрыял, у якім выконваюцца паркавыя работы, помнікі, таму што бронза набліжана да чалавечага цела. Сёння, праўда, і пластык можна адлі­ваць пад бронзу для атрымання лёгкіх фігур, і менш выкарыстоўваецца гіпс, а больш — гумовыя формы.

— Стварэнне скульптуры займае шмат часу. Але ў вас сотні работ. Ніколі не падлічвалі іх?

— Каля 350 работ, але гэта сапраўды шмат для скульптур. Бо, напрыклад, калі ствараецца вялікі помнік, то як на распрацоўку эскіза ідзе каля года, так і на яго выкананне. А ёсць жа рэчы, якія расцягваюцца на дзесяцігоддзі.

— А ці ёсць скульптура, якой вы асабліва даражыце?

— Так, напрыклад, “Зімовыя прыцемкі”, якую я зрабіў у 1988-м, дарэчы, яна захоўваецца ў калекцыі Траццякоўскай галерэі. А 6-метровы твор “У лодцы” стаіць у Кітаі ўжо 20 гадоў. Вельмі хацеў і ў Мінску паставіць яе, але пакуль не знайшоў магчымасці. Увогуле ідэя лодак заўсёды мяне цікавіла, таму што лодка — такі аб’ект, які рухаецца не толькі па вадзе, але і па часе. У мяне шмат работ, звязаных з імі.

— Паколькі загаварылі пра вашу творчасць, не магу не запытацца пра вашы планы.

— Планаў шмат. Ёсць жаданне выставіцца, бо апошняя выстава маіх работ “Сублімацыя формы” адбылася ў 2018 го­дзе. Да таго ж зараз працую над памятным знакам “Жывая памяць удзячных пакаленняў”, якая будзе ўсталявана ў сталічным парку Перамогі. Я называю гэтую кампазіцыю “Лістамі”, бо на яе стварэнне мяне натхнілі трохвугольныя пісьмы майго баць­кі з вайны. Унікальнасць гэтага праекта ў тым, што тры аднолькавыя помнікі бу­дуць размешчаны ў 3 гарадах: Мінску, Брэсце і Маскве.

Увогуле скульптура — гэта мая скура, мае косці і кроў, гэта ўсё маё жыццё. Без скульптуры я не ўяўляю свайго існавання. Увесь час думаю пра яе, бачу ўсюды, хацеў бы вылепіць, адліць кожны кавалачак. Але наш час абмежаваны, таму імкнуся буда­ваць планы, якія я магу ажыццявіць.

— Уладзімір Іванавіч, у мяне засталося яшчэ адно заключнае пытанне: да чаго, да якой працы акадэмія рыхтуе сваіх выпускнікоў?

— Заказы будуць розныя: помнікі, мемарыяльныя знакі, рэльефныя малюнкі, станковая скульптура для інтэр’ера, паркавая скульптура — і ўсё гэта трэба ўмець рабіць. Штогод у нас выпускаецца 5 чалавек, гэта нямнога для Беларусі, а наша задача ў тым, каб скульптурнае асяроддзе было не толькі ў Мінску, але і па ўсёй рэспубліцы. Да таго ж мы стараемся падрыхтаваць настолькі моцных прафесіяналаў, каб яны маглі годна выступаць на міжнароднай арэне. І варта падкрэсліць, што беларуская школа цікавая і запатрабаваная не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.

Вольга АНТОНЕНКАВА.