Мастацтва гаварыць на замежнай мове

Шосты год запар навучэнцы ўсіх раёнаў Гомельскай вобласці сабраліся ў гімназіі № 71 Гомеля, каб атрымаць шмат эмоцый і яркіх уражанняў, а галоўнае — прадэманстраваць высокі ўзровень развіцця камунікатыўных навыкаў і рэагаваць на гаворку апанента, арыгінальна і творча падыходзіць да вырашэння нестандартных сітуацый. Так, штогод праходзіць абласны конкурс па замежных мовах “Мастацтва гаварыць”, у якім сёлета прынялі ўдзел 63 найлепшыя прадстаўнікі 7—11 класаў школ і гімназій Гомельскай вобласці, якія прадэманстравалі выдатнае валоданне англійскай, нямецкай, французскай і іспанскай мовамі.

Мэтай правядзення гэтага конкурсу з’яўляецца развіццё творчага, крэатыўнага патэнцыялу навучэнцаў, фарміраванне іх камунікатыўнай кампетэнцыі, падтрыманне матывацыі да вывучэння замежных моў, набыццё навучэнцамі вопыту публічнага выступлення.
Першапачаткова конкурс праводзіўся толькі па англійскай і нямецкай мовах. У мінулым годзе з улікам вялікай папулярнасці мерапрыемства ў палажэнне былі ўнесены змены, і цяпер у конкурсе прымаць удзел могуць дзеці, якія вывучаюць французскую і іспанскую мовы, што, безумоўна, спрыяе папулярызацыі і прыцягванню ўвагі да гэтых цудоўных меладычных замежных моў.
Радасны настрой усім удзельнікам, іх педагогам, бацькам і членам журы перад пачаткам конкурсных мерапрыемстваў падарыла ўрачыстае адкрыццё, якое суправаджалася песнямі, танцамі і інсцэніроўкамі на ўсіх замежных мовах.
Абласны конкурс уключае тры туры: абарона мультымедыйнага эсэ па тэмах “Кніжны кірмаш” і “Усё пра моду” (тэмы штогод мяняюцца), дэбаты і творчае заданне, якое патрабуе хуткага і арыгінальнага камунікатыўнага вырашэння.
Усе ўдзельнікі конкурсу прадэманстравалі арыгінальнасць, творчы падыход да стварэння і абароны сваіх мультымедыйных эсэ. На суд журы навучэнцы 9 класа падалі цудоўныя прэзентацыі пра гісторыю развіцця моды, лепшых сусветных дызайнераў, моду розных пакаленняў і субкультур, а таксама розныя атрыбуты і аксесуары жаночага і мужчынскага адзення, а васьмікласнікі расказалі пра свае любімыя кнігі, пісьменнікаў і жанры літаратуры.
Самым складаным, на думку навучэнцаў, з’яўляецца другі тур, па ўмовах якога дзеці па жэрабю аб’ядноўваюцца ў пары і на працягу трох хвілін павінны абараніць або абвергнуць сфармуляванае выказванне або прыказку незалежна ад сваіх поглядаў, пасля чаго пачаць сапраўдную дыскусію, імкнучыся лагічна і аргументавана даказаць свой пункт гледжання. Цікавыя ідэі і аргументацыі выказвалі навучэнцы, даказваючы або абвяргаючы наступныя прыказкі і выказванні: “Скажы мне, хто твой сябар, і я скажу, хто ты”, “Лепш нарадзіцца шчаслівым, чым багатым”, “Спорт — гэта здароўе”, “Трэба падарожнічаць, каб пазнаць свет”, “Інтэрнэт — сродак зносін моладзі” і г.д.
Заключным і самым арыгінальным конкурсным турам з’яўляецца творчы, дзе навучэнцы павінны былі прадэманстраваць усю арыгінальнасць, творчасць і нестандартнасць мыслення. Так, у гэтым годзе навучэнцы без папярэдняй падрыхтоўкі павінны былі прарэкламаваць незвычайныя рэчы (9 клас — незвычайны капялюшык, а 8 клас — арыгінальную кнігу), каб членам журы захацелася іх купіць.
Кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, Гомельскага дзяржаўнага абласнога і гарадскога ліцэяў, павінны былі ацэньваць адпаведнасць зместу выступленняў удзельнікаў тэме конкурсу, лагічнасць і звязанасць выказванняў, аргументаванасць прамовы, а таксама пераканаўчасць, арыгінальнасць, уменне прыцягнуць увагу аўдыторыі, лексічнае напаўненне гаворкі, багацце слоўнікавага запасу, рознатыповасць выказванняў, якія выкарыстоўваюцца, правільнасць граматычных форм і канструкцый, фанетычны бок і выразнасць маўлення, уменне ўдзельнікаў трымацца перад публікай, артыстызм, міміку, жэсты. Увага таксама ўдзялялася ўменню задаваць пытанні і адказваць на іх.
У складанай і напружанай барацьбе 29 удзельнікаў з 16 раёнаў вобласці былі прызнаны пераможцамі і ўзнагароджаны дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені.
Пакідаючы сцены гімназіі № 71 Гомеля, удзельнікі конкурсу забіралі з сабой радаснае пачуццё перамогі — перамогі не толькі ў конкурсе, але ў першую чаргу перамогі над сабой, паколькі яны ўсе — лепшыя прадстаўнікі сваіх раёнаў, якім быў давераны высокі гонар паказаць, што навучэнцы ўмеюць ладзіць зносіны на замежнай мове і робяць гэта з вялікім задавальненнем.
І надышоўшы 2015 год гэта зноў прадэманструе!

Ксенія МАРЧАНКОВА,
метадыст вучэбна-метадычнага аддзела гуманітарных дысцыплін
Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.