Мастацтва правільных рашэнняў

Віцебшчына спрадвеку славіцца талентамі. Многія з удзельнікаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у свае юныя гады ўжо змаглі заявіць пра сябе, дабіцца выдатных поспехаў у вучобе і творчасці; штогод інтэлектуальнае спаборніцтва адкрывае нам новыя імёны. Алімпіяда натхняе іх на пакарэнне новых вышынь і становіцца стымулам для самаўдасканальвання.
Вектары поспеху

У трэцім этапе алімпіяды прыняў удзел 921 навучэнец, 410 лепшых у вобласці знаўцаў сваіх прадметаў вярнуліся дадому з дыпломамі пераможцаў і прызёраў. Абласныя алімпіяды сёлета прымалі Віцебск (па астраноміі, фізіцы, матэматыцы, інфарматыцы, біялогіі, хіміі, геаграфіі, працоўным навучанні), Орша (па беларускай і рускай мовах, гісторыі, грамадазнаўстве) і Полацк (па англійскай, французскай, іспанскай і нямецкай мовах). Базай для правядзення алімпіяды па інфарматыцы, практычнага тура па біялогіі і мультымедыйнага — па геаграфіі стаў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, практычнага тура па хіміі — Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і алімпіяд па замежных мовах — Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Веды, уменні і навыкі навучэнцаў ацэньвала журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі рэгіянальных УВА, абласнога інстытута развіцця адукацыі, каледжаў, ліцэяў, школ і гімназій Віцебшчыны.
— Нашымі традыцыйнымі партнёрамі ў правядзенні прадметных алімпіяд з’яўляюцца ВДУ імя П.М.Машэрава, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі і Полацкі дзяржаўны ўніверсітэты, Віцебскі абласны ІРА. Тут працуе большасць трэнераў абласных каманд, якія займаюцца з дзецьмі на зборах і ў летніх школах. Важная роля ў выяўленні і падрыхтоўцы адораных навучэнцаў, павышэнні якасці навукова-метадычнага забеспячэння і псіхолага-педагагічнага суправаджэння выкладання вучэбных прадметаў належыць вучэбным навукова-кансультацыйным цэнтрам ВДУ, створаным на базе школ і гімназій, а таксама міжшкольным факультатывам, якія вядуць вопытныя педагогі, — расказаў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок. — Што тычыцца вынікаў, то на заключным этапе алімпіяд каманда вобласці традыцыйна займае вядучыя пазіцыі. Штогод лепшыя навучэнцы заахвочваюцца прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў — напрыклад, за мінулы год яго лаўрэатамі і стыпендыятамі сталі 115 юных талентаў. Мне асабліва прыемна адзначыць той факт, што і сёлета ў ліку пераможцаў і прызёраў абласнога этапу спаборніцтва не толькі навучэнцы прызнаных лідараў — гімназій Віцебска, Полацка, Наваполацка і Оршы, Віцебскага кадэцкага вучылішча, ліцэя Наваполацка, але і прадстаўнікі амаль усіх сельскіх раёнаў.
Дарэчы, найлепшую падрыхтоўку сярод навучальных устаноў прадэманстравала каманда гімназіі № 8 Віцебска: у абласной алімпіядзе ўдзельнічалі 58 яе навучэнцаў, 9 з іх атрымалі дыпломы І, 12 — ІІ і 19 — ІІІ ступеней. Другі і трэці радкі алімпіяднага рэйтынгу таксама займаюць віцябляне — гімназіі № 1 і № 2 (адпаведна 35 і 21 дыплом). Удала выступілі навучэнцы з Віцебска (Першамайскага і Кастрычніцкага раёнаў, адпаведна 97 і 65 дыпломаў), а таксама Полацкага раёна (47). Годна прадставілі свае навучальныя ўстановы навучэнцы Глыбоцкага (14 дыпломаў), Гарадоцкага (10), Лепельскага і Браслаўскага (па 9 пераможцаў і прызёраў). Заяўку на лідарства зрабіў Чашніцкі раён: раней дасягненні яго прадстаўнікоў на абласных алімпіядах былі досыць сціплымі, а зараз 7 дыпломаў. Станоўчую дынаміку трымаюць у апошнія гады аршанцы — на гэты раз яны атрымалі 41 дыплом. Несумненна, выхаваць таленавітага вучня можа толькі таленавіты і апантаны сваёй прафесіяй педагог, які ўмела выяўляе адораных дзяцей, развівае іх здольнасці і вядзе да новых поспехаў.
— Самую шчырую падзяку хочацца выказаць нашым настаўнікам за самаадданую працу, тую цеплыню і любоў, якую яны шчодра дораць сваім вучням, — працягвае Іван Антонавіч. — Прафесія патрабуе ад педагога не толькі ведання прадмета і методыкі выкладання, але і вытрымкі дыпламата, трэніраванасці спартсмена, крэатыўнасці вучонага, ведаў у вобласці медыцыны і псіхалогіі. Добрага, эрудзіраванага і ў той жа час арыгінальнага ў падыходах да выкладання прафесіянала не заменіць ніводзін камп’ютар. А на Віцебшчыне такіх педагогаў многа. Па выніках абласных алімпіяд найперш варта адзначыць Вераніку Лакціну (гімназіі № 1 і № 8 Віцебска) — 12 яе навучэнцаў выйшлі ў пераможцы і прызёры, гэта своеасаблівы сёлетні рэкорд. Выдатныя поспехі прадэманстравалі выхаванцы Аляксандра Шугаля (гімназія № 8 Віцебска), Алены Маруцька (гімназія № 7 Віцебска), Лізаветы Дзмітрыевай (Кіраўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа Глыбоцкага раёна), Алы Маралінай (гімназія № 1 Віцебска), Дзмітрыя Мацкевіча (Браслаўская гімназія).

Першымі звацца

Алімпіяду па матэматыцы традыцыйна прымае Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж.
— Летась каледж быў гаспадаром заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. У гэтым годзе ўдзельнікаў абласнога этапу спаборніцтваў на веданне “царыцы ўсіх навук”, як заўсёды, тут чакаў гасцінны прыём, утульнасць і камфорт, за што вялікі дзякуй калектыву навучальнай установы і яе дырэктару Тамары Гарбуз, — падзялілася ўражаннямі намеснік старшыні журы абласной алімпіяды па матэматыцы Таццяна Талькова. — Для гасцей былі арганізаваны экскурсія па каледжы і нават выстава-продаж вырабаў яго навучэнцаў, так што многія матэматыкі вярнуліся дадому з эксклюзіўнымі сувенірамі.
Як звычайна, алімпіяда праходзіла ў два туры; як звычайна, журы паказала ў рабоце ўзор зладжанага каманднага стылю. Дарэчы, каманда падабралася досыць маладая — сярэдні ўзрост членаў журы склаў каля 40 гадоў, — але на якасць работы, адказнасць, зладжанасць дзеянняў гэта паўплывала толькі станоўча. Па словах старшыні журы дацэнта кафедры геаметрыі і матэматычнага аналізу ВДУ імя П.М.Машэрава Сяргея Шлапакова, практычна ўсе юныя знаўцы матэматыкі выявілі добрыя веды — і гэта нягледзячы на вельмі няпростыя заданні. Пераможцамі сталі “першыя сярод роўных”: дыпломы І ступені ў Яны Васілеўскай (гімназія № 1 Віцебска, настаўніца Галіна Платонава), Мікалая Захарэвіча (Лужкоўская сярэдняя школа Шаркоўшчынскага раёна, настаўніца Зоя Крыўко), Ганны Мясаедавай (гімназія № 8 Віцебска, настаўніца Таццяна Пазнякова), а таксама ў Івана Катугіна, Уладзіміра Якушкіна, Яўгена Шулякоўскага, Вольгі — вучняў пераемніка геніяльнага Міхаіла Волкава Аляксандра Шугаля (гімназія № 8 Віцебска). Акрамя таго, у фінале Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы будуць спаборнічаць яе мінулагоднія пераможцы і сёлетнія прызёры абласнога этапу — Дзяніс Кротаў, Андрэй Назарчук (гімназія № 8 Віцебска, настаўнік Аляксандр Шугаль) і Дзмітрый Кошалеў (сярэдняя школа № 28 Віцебска, настаўніца Наталля Плют). Нельга не ўзгадаць і поспех сямікласніка Дзмітрыя Мяншых (гімназія № 5 Віцебска, настаўніца Тамара Бязлюдава), які выступаў за 8 клас і заняў 3 месца.

Інтэлектуальны паядынак і сустрэча сяброў

Алімпіяды па фізіцы праходзілі побач — у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы лёгкай прамысловасці. Акрамя каманд раёнаў і гарадоў Віцебшчыны, у спаборніцтвах прынялі ўдзел госці — каманда з Масквы пад кіраўніцтвам дацэнта фізічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксея Якуты і асістэнта фізічнага факультэта МДУ Ксеніі Фёдаравай. Яны, дарэчы, з Віцебшчынай знаёмыя досыць добра.
— У мінулым годзе мы ўдзельнічалі ў заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, — паведаміў Аляксей Якута. — Добры вопыт, і сёлета мы збіраемся яго паўтарыць; пакуль жа спрабуем сілы ў абласным туры. А ўвогуле ў Беларусі бываем часта: тройчы ў год у Лепельскім раёне праводзіцца ўсерасійская вялікая фізічная школа, туды прыязджаюць дзеці і лепшыя выкладчыкі з усёй Расіі. Несумненна, мы запрашаем і беларусаў. Вучым дзяцей і, акрамя таго, ездзім з экскурсіямі па Віцебскай вобласці, іншых рэгіёнах. Так што ў Віцебск мы прыязджаем не тое што як дадому, але адчуванне вельмі блізкае. На алімпіяду ў Беларусь прывозім 9-10-класнікаў — тых дзяцей, хто вялікіх поспехаў на алімпіядах пакуль не мае, але, на нашу думку, павінен іх мець, іншымі словамі, кандыдатаў у пераможцы. І сёлета нашы надзеі апраўдваюцца.
І нядрэнна апраўдваюцца. Як адзначыў старшыня журы загадчык кафедры агульнай фізікі і астраноміі ВДУ імя П.М.Машэрава Іларыён Галуза, нягледзячы на тое, што заданні складаліся паводле беларускай праграмы, масквічы паказалі значна больш высокія вынікі ў параўнанні з мінулым годам. Акрамя таго, Іларыён Віктаравіч канстатаваў: тэарэтычны тур праходзяць усе навучэнцы, а вось з практычным большасці справіцца цяжэй. Праблема з няведаннем прыборнай базы, неспрактыкаванасцю ў зборцы абсталявання, на жаль, усё яшчэ назіраецца. Тым не менш пераможцы гэтыя цяжкасці пераадолелі: у большасці вынікі тэарэтычнага і эксперыментальнага тураў суадносяцца ў роўнай прапорцыі. Дыпломамі І ступені адзначаны дзевяцікласнікі Мікіта Ніканаў (гімназія № 7 Віцебска, настаўніца Алена Маруцька) і Віталь Вістуноў (сярэдняя школа № 16 Полацка, настаўніца Алена Грыгор’ева), дзесяцікласнік Міраслаў Маліноўскі (Полацкая дзяржаўная гімназія № 2, настаўніца Вольга Драгун), навучэнцы выпускных класаў Юлія Мірановіч (гімназія № 5 Віцебска, настаўніца Ніка Цішчанка), Андрэй Луфераў (Полацкая дзяржаўная гімназія № 2, настаўніца Наталля Алешына).
Лепшыя навучэнцы вобласці будуць прадстаўляць Віцебшчыну на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Поспехаў вам, землякі! Мы верым у вашу перамогу!

Таццяна БОНДАРАВА.