Мастацтва выхавання маленькіх патрыётаў

У Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэце прайшоў фінал І Міжнароднага конкурсу аўтарскіх метадычных распрацовак у сферы дашкольнай педагогікі “Мастацтва выхавання”. Мерапрыемства было арганізавана Інстытутам педагогікі і псіхалогіі ў рамках VI Усерасійскага фестывалю навукі і ХІ Фестывалю навукі ў Маскве пры інфармацыйнай і тэхнічнай падтрымцы адукацыйнага асяроддзя “НаШа Буся”.

У спаборніцтвах удзельнічалі педагогі з Масквы і Маскоўскай вобласці, Санкт-Пецярбурга, Карэліі, Якуціі, Беларусі, Казахстана.

Конкурс арыентаваны на сістэматызацыю і абагульненне інавацыйнага педагагічнага вопыту ў кірунку дашкольнай адукацыі, распаўсюджванне аўтарскіх метадычных распрацовак у асяроддзі прафесіяналаў і бацькоў, якія ўсведамляюць значнасць дашкольнай педагогікі. Як расказала кіраўнік конкурснага журы ад Беларусі дацэнт кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка Вераніка Мікалаеўна Пунчык, усяго на конкурс было даслана 228 работ. З Беларусі было адпраўлена 39 аўтарскіх распрацовак педагогаў з 17 устаноў адукацыі, у якіх рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі”. Навуковы кіраўнік праекта дацэнт кафедры педагогікі Л.М.Варанецкая аказвала кансультацыйную падтрымку канкурсантам.

Педагогі дасылалі на конкурс канспекты заняткаў па патрыятычным і сямейным выхаванні, сцэнарыі спартыўных свят і фізкультурных заняткаў, тэатральныя інсцэніроўкі, заняткі-вандроўкі і экскурсіі, заняткі па даследчай дзейнасці з дзецьмі, па азнаямленні з раслінным светам, па адукацыйным кірунку “Дзіця і грамадства” і іншых відах дзіцячай дзейнасці. Вось некаторыя іх тэмы: “Пяць памочнікаў чалавека”, “Птушкі — нашы сябры… Вітаем птушак!”, “Беларускі ручнік”, “Як хлеб на стале з’явіўся”, “У гасцях у бабулі-загадулі на Масленіцу”, “Дзе жыву сёння я”, “Горад майстроў”, “Падарожжа ў Белавежскую пушчу”, “Падарожжа ў Краіну Правоў”, “Сімвалы Беларусі”, “Мая Радзіма — Беларусь”, “Таямніцы даўніны глыбокай”, “Золата саломкі”.

Першы і другі туры праходзілі завочна. Дадаткова адбывалася галасаванне ў суполцы конкурсу (у сацыяльных сетках), што дало магчымасць працягнуць выпрабаванні найбольш папулярным распрацоўкам, якія па ацэнцы экспертаў не прайшлі ў другі тур. Такім чынам, народным журы было выратавана 4 работы. У фінал выйшла 85 работ, у тым ліку 15 — з Беларусі. Але ў вочным фінальным туры, які праходзіў у Маскве, разглядалася 41 работа, сярод іх — тры работы з Беларусі. Фіналісты прадстаўлялі свае аўтарскія метадычныя распрацоўкі ў форме самапрэзентацыі (да 7 хвілін) у пяці секцыях, якія адпавядалі кірункам прадметных галін, прадугледжаных стандартамі дашкольнай адукацыі Расіі (пазнавальнае развіццё, мастацка-эстэтычнае, маўленчае развіццё, сацыяльна-камунікатыўнае і фізічнае развіццё), і адказвалі на пытанні журы.

Прадстаўнікі нашай краіны атрымалі дыпломы пераможцаў. Так, дыплом I ступені — у галоўнага спецыяліста аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі спорту і турызму адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Наталлі Віктараўны Пралыгінай. Яна прадстаўляла ДЦРР № 214 Мінска, дзе працавала раней, з канспектам заняткаў “У гасцях у бабулі-загадулі на Масленіцу”. Дыпломам II ступені адзначаны намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД Веткі Гомельскай вобласці Алена Васільеўна Пічуха і музейны работнік Веткі Ларыса Дзмітрыеўна Раманава за канспект заняткаў па патрыятычным выхаванні “Птушкі — нашы сябры… Вітаем птушак!”. Дыплом III ступені — у загадчыка ДЦРД № 26 Мінска Ліліяны Генадзьеўны Стрэльскай, намесніка загадчыка гэтай установы Анжалікі Станіславаўны Чамко, а таксама ў выхавальніка цэнтра Наталлі Пятроўны Сідаровіч за канспект заняткаў “Золата саломкі”.

“Сёння адчуваю сапраўдны гонар за педагогаў, якія годна прадставілі нашу краіну на міжнародным узроўні, — падкрэслівае Людміла Мікалаеўна. — Яны выступалі ў Маскве ў нацыянальных строях, з нацыянальнымі атрыбутамі. Пра нас не проста даведаліся калегі з-за мяжы, яны вельмі зацікавіліся метадычнымі распрацоўкамі беларускіх педагогаў. Дарэчы, адна з задач, якую канкурсанты з Беларусі вырашаюць сёння ў рамках сваёй інавацыйнай работы па патрыятычным выхаванні дашкольнікаў, заключаецца ў распрацоўцы адпаведных метадычных дапаможнікаў і іх укараненні ў практыку. Гэтую ж задачу яны вырашалі і пры падрыхтоўцы да конкурсу”.

Адметнасцю конкурсу, метадычнай інавацыяй стала правядзенне вэбінара з выхаванцамі ясляў-сада № 204 Мінска, падчас якога малышы выступалі ў ролі своеасаблівых незалежных экспертаў.

З інавацыйнымі распрацоўкамі канкурсантаў можна азнаёміцца на сайце “НаШа Буся” (http://www.nashabusia.com).

Працягваем размову аб новаўвядзеннях у дашкольнай адукацыі з навуковым кіраўніком рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі” дацэнтам БДПУ імя Максіма Танка Людмілай Мікалаеўнай Варанецкай. У сферу навуковых інтарэсаў маёй суразмоўніцы ўваходзяць праблемы выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту, у прыватнасці пытанні народнай педагогікі, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці і патрыятычнага выхавання.

“Другі год у розных куточках нашай краіны ў 17 установах дашкольнай адукацыі рэалізоўваецца згаданы інавацыйны праект. Работа па ім будзе доўжыцца да 2018 года, — падкрэсліла Людміла Мікалаеўна. — Чаму патрыятычнае выхаванне надзвычай важнае для дзяцей? У маім разуменні, патрыятызм — гэта натуральнае адчуванне кожнага чалавека, які ведае, хто ён, дзе яго карані, зацікаўлены ў вывучэнні гісторыі сваёй краіны, дасягненняў людзей, якія яе праславілі, і які хоча рэалізаваць свой патэнцыял на Радзіме. Патрыятызм праяўляецца тады, калі, напрыклад, на пытанне, якім відам спорту ты займаешся, дзіця адказвае: “Баскетболам”, — і дадае, што хоча гуляць за каманду “Цмокі” нашай краіны.

Часта ў нашым грамадстве паняцце “патрыятызм” выкарыстоўваецца побач са словазлучэннем “абарона Радзімы”, асацыіруецца са службай у арміі, са зброяй і міжнацыянальнымі канфліктамі. Але не толькі са зброяй у руках можна захоўваць інтарэсы сваёй краіны. Гэта можа рабіць кожны з нас, калі будзе штодня якасна выконваць сваю работу. Патрыёт ніколі не возьме ў рукі зброю, каб забіць чалавека толькі па той прычыне, што ён, напрыклад, прадстаўнік іншай нацыі, культуры. Але да такіх дзеянняў могуць прыводзіць памылкі ў патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі. Важна навучыць дзяцей адчуваць мяжу паміж любоўю да свайго народа і шавінізмам, расізмам, нацыяналізмам.

“Я беларус!” — наколькі складана бывае нам сказаць пра сябе так? Часта мы робім гэта з агаворкай, маўляў, я яшчэ крыху рускі, эстонец і г.д. А ці ведаем мы дакладна, адкуль паходзім, ці ўзгадаем сваіх продкаў хаця б да пятага калена? Мы можам расказаць пра многія гістарычныя падзеі і факты, можам назваць вядомых грамадскіх і палітычных дзеячаў, але ўласныя карані ведаем слаба. Тым не менш моцная сям’я, у гэтым я ўпэўнена, будуецца не толькі на дабрабыце, але і на моцных каранях. Беларусь на працягу ста гадоў пачынаючы з 1812 года жыла без вялікіх войнаў, і пры жаданні кожны зможа адшукаць пэўную інфармацыю пра сваю сям’ю за гэты перыяд часу ў радаслоўных кнігах, якія часткова захаваліся ў цэрквах, касцёлах, архівах”.

Задачы патрыятычнага выхавання для дашкольнікаў вызначаны вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, а кірункі такой работы могуць быць рознымі. Гэта ў першую чаргу вывучэнне гісторыі Беларусі, веды аб сімвалах і славутасцях нашай краіны, дзяржаўных і народных святах, людзях, якія праславілі краіну, беларускіх народных промыслах і мастацтве, народнай творчасці. Па кожным з гэтых напрамкаў вызначаны свае задачы, змест работы педагогаў і магчымыя вынікі.

Спецыялісты могуць акцэнтаваць увагу на адным з кірункаў работы, напрыклад, развіваць музейную дзейнасць або ладзіць народныя святы, рэалізоўваць сацыяльныя праекты. Так, калектывы ДЦРД № 26 і № 214 Мінска могуць падзяліцца вопытам работы інавацыйных пляцовак па развіцці музейнай педагогікі. У яслях-садзе № 19 Наваполацка ў адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца культурна-гістарычныя матэрыялы этнічнага пакоя. У ДЦРД Ашмян ёсць напрацоўкі па ўзаемадзеянні дашкольнай установы, сям’і і соцыуму па патрыятычным выхаванні дзяцей. У яслях-садзе вёскі Кракаўкі Ашмянскага раёна — багаты вопыт работы па выкарыстанні ІКТ у выхаванні маленькіх патрыётаў.

Работа па патрыятычным выхаванні на базе інавацыйных пляцовак праводзіцца з дзецьмі ад аднаго да шасці гадоў, у тым ліку з малышамі ў групах кароткачасовага знаходжання. Для кожнай узроставай групы Людміла Мікалаеўна распрацавала змест работы педагогаў у адпаведнасці з вучэбнай праграмай, прапісала, што павінны ведаць дзеці пра сябе і сваю краіну. Дашкольніку важна ўсведамляць, што ён жыве ў соцыуме, што яго мама і тата не проста ходзяць на работу, а прыносяць карысць грамадству. Дзіцяці неабходна ведаць, у якім горадзе ці вёсцы жыве яго сям’я, што такое Радзіма, што значыць любоў да яе, чым яно можа быць карысна сваёй краіне і што яна можа даць яму. Важна паступова пашыраць прастору любові, у якой жыве дашкольнік, асэнсаванне таго, што любіць можна не толькі блізкага чалавека.

Педагогі ўстаноў, якія працуюць па праекце “Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі”, распрацоўваюць канспекты заняткаў, гульні, метадычныя рэкамендацыі, сумесныя праекты са школамі, бібліятэкамі, музеямі, дамамі культуры, сцэнарыі мерапрыемстваў з удзелам бацькоў. Яны вучацца пісаць навуковыя артыкулы, справаздачы, аналітычныя даведкі, рабіць дыягностыку.

“Мая задача як навуковага кіраўніка — дапамагчы педагогам ва ўдасканаленні прафесійных кампетэнцый, у тым ліку праз выступленні на вучэбных курсах, семінарах-практыкумах і майстар-класах, — гаворыць Людміла Мікалаеўна. — Адным з важных вынікаў праекта стануць аўтарскія дапаможнікі па патрыятычным выхаванні, складзеныя педагогамі-наватарамі. У рамках інавацыйных пляцовак пройдзе апрабацыя гэтых дапаможнікаў. Сёння мы імкнёмся да папулярызацыі сваёй дзейнасці, да павышэння цікавасці ў калег з іншых устаноў да паняццяў “патрыятызм”, “народная педагогіка”, “нацыянальная самасвядомасць” і іншых. У перспектыве ўстановы, якія прымалі ўдзел у інавацыйнай дзейнасці, змогуць стаць рэсурснымі цэнтрамі ў сваіх раёнах, гарадах, вобласці”.

***

Некалькі слоў аб вопыце работы інавацыйнай пляцоўкі па патрыятычным выхаванні на базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 214 Мінска, дзе ў аснову адпаведнай работы пакладзены аўтарскія распрацоўкі педагога Наталлі Віктараўны Пралыгінай (дапаможнікі “Гульні з лялькай”, “Беларускамоўны дзень у старшай групе”, “Вянок гульняў”, “Гутаркі-размовы пра родную старонку” і іншыя).

У цэнтры сёння дзейнічае этнаграфічны міні-музей “Беларуская хатка”, ладзяцца пастаноўкі ў беларускім тэатры “Батлейка”, арганізоўваюцца конкурсы творчых работ: “Кніжка-малышка”, “Мой родны горад і я”, “Беларуская лялька”. Наладжана супрацоўніцтва з сем’ямі: праводзяцца народныя святы для дзяцей з удзелам бацькоў, спартыўныя святы з элементамі фальклору для дзяцей старшай групы і бацькоў, сумесныя мерапрыемствы “У сямейнай гасцёўні”, забавы, конкурсы, вечарыны, экскурсіі, мастацка-пазнавальная віктарыны. Бацькі таксама актыўныя ўдзельнікі творчых конкурсаў і праектаў “Беларусь — мая Радзіма”, “Радавое дрэва”, “Беларуская нацыянальная страва”. Педагогі праводзяць для іх кансультацыi па тэмах “Мова продкаў i нашчадкаў”, “Выхоўваем маленькага грамадзяніна” і г.д.

Разам з дзецьмі ў ДЦРД № 214 арганізоўваюцца заняткі “Сімвалы Беларусі”, “Вандроўка па знакамітых мясцінах Беларусі”, “Беларускі ручнік”. З мэтай развіцця ў малышоў навыкаў беларускамоўнага маўлення, фарміравання ўяўленняў пра родны край педагогі ўстановы распрацавалі серыю дыдактычных гульняў “Дыдактычны гадзіннік”. Цікавыя метады і прыёмы работы апрабоўваюцца з выхаванцамі падчас экскурсій у музей сярэдняй школы № 92 Мінска.

Людміла Мікалаеўна Варанецкая ўпэўнена, што работу па патрыятычным выхаванні трэба пачынаць з дзецьмі малодшых груп і прытрымлівацца прынцыпу інтэграцыі зместу ў розных відах дзейнасці. Для гэтага неабходна павышаць узровень прафесійных здольнасцей педагогаў па арганізацыі розных форм работы з дзецьмі па патрыятычным выхаванні. Мая суразмоўніца расказала і аб праблемах, якія неабходна вырашаць у найбліжэйшы час. У першую чаргу трэба пераадолець незацікаўленасць з боку бацькоў гэтым пытаннем. Адчуваецца недахоп практыка-арыентаванай метадычнай літаратуры па патрыятычным выхаванні дашкольнікаў. Пажадана таксама, каб музеі і тэатры Мінска, школьныя музеі, якія ажыццяўляюць дзейнасць па азнаямленні дзяцей з нацыянальнай культурай і традыцыямі беларускага народа, больш дакладна арыентаваліся на псіхалогію самых маленькіх наведвальнікаў, рабілі выезды ў дашкольныя ўстановы.

Надзея ЦЕРАХАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *