Мастацтва выцінанкі вачыма дзяцей

- 11:39Навіны рэгіёнаў

Вытанчанаму, бязважкаму і дзівоснаму па сваёй прыгажосці мастацтву выцінанкі вучыць дзяцей выхавальнік ясляў-сада № 2 Магілёва Алена Аляксандраўна Сільванкова. У свой час гэты незвычайны занятак не толькі зацікавіў яе, але і стаў сапраўдным хобі. Спецыяліст захапілася сама, а сёння далучае і сваіх падапечных да народных традыцый упрыгожвання з паперы.

— Гэты від прыкладнога дэкаратыўнага мастацтва з’явіўся яшчэ ў старажытным Кітаі, — робіць экскурс у гісторыю Алена Аляксандраўна. — У той час набыць паперу маглі сабе дазволіць толькі вельмі заможныя людзі, таму ідэя выразання ажурных узораў і фігур увасаблялася на падручных матэрыялах — засушаным лісці, кары дрэў, тканіне. На беларускай зямлі выцінанка атрымала шырокае распаўсюджванне ў XIX стагоддзі. Гэта быў самы просты і танны спосаб упрыгожыць свой дом. Для стварэння мудрагелістых сурвэтак, фіранак, насценных карцін, акладаў для абразоў патрэбны былі толькі папера, нажніцы і фантазія майстра. Дарэчы, майстроў, якія ўмела выразалі з паперы, шанавалі і паважалі не менш, чым тых, хто прыгожа вышываў ці вязаў карункі, бо далёка не кожны, хто ўзяў у рукі нажніцы, мог стварыць цудоўны ўзор.

Пад кіраўніцтвам Алены Аляксандраўны на базе ўстановы дашкольнай адукацыі арганізаваны заняткі па вырабе выцінанкі ў рамках адукацыйнай паслугі “Творчая майстэрня”. У працэсе знаёмства дзяцей з гэтым відам мастацтва педагог не толькі развівае ў іх сенсорнае і эстэтычнае ўспрыманне, але і ў свабоднай гульнявой форме ўкладвае пэўныя веды: адкуль узялася выцінанка, як яе можна выкарыстоўваць у штодзённым жыцці, чаму людзі сталі захапляцца гэтым мастацтвам, якія віды выцінанкі існуюць, як папяровыя ўзоры і фігуры дапамагаюць выхоўваць пачуццё прыгожага. І гэта заўсёды знаходзіць водгук у сэрцах малых. Напрыклад, яны шчыра здзіўляюцца, калі даведваюцца, што выразаныя да Новага года сняжынкі — гэта таксама адзін з прыкладаў выцінанкі.

— На сваіх занятках я паказваю дзецям розныя віды выцінанак, а таксама спосабы іх выкарыстання ў інтэр’ерах, афармленні друкаванай прадукцыі і нават у мультыплікацыі, — дзеліцца вопытам Алена Аляксандраўна. — Так, дзеці з задавальненнем глядзяць мультфільм “Беларускія прыказкі і прымаўкі”, дзе ўсе малюнкі выкананы ў тэхніцы выцінанкі.

Дашкольная ўстанова актыўна ўзаемадзейнічае і абменьваецца вопытам з іншымі ўстановамі адукацыі. Так, выхаванцы гуртка выцінанкі наведалі з экскурсіяй Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. З імі пагутарыла выкладчыца Святлана Станіславаўна Лункевіч-Адамовіч, якая расказала дзецям пра знакамітых беларускіх майстроў выцінанкі Яўгенія Сахуту і Вячаслава Дубінку, якія ўнеслі значны ўклад у адраджэнне традыцый гэтага старадаўняга мастацтва. Таксама яна паказала выхаванцам дзіцячага садка свае работы ў тэхніцы выцінанкі, а таксама работы навучэнцаў каледжа.

— Дзеці наглядна ўбачылі, наколькі розным бывае ад зін і той жа від мастацтва, — падкрэсліла Алена Аляксандраўна. — Так, калі скласці паперу папалам, гэта будзе сіметрычная альбо люстраная выцінанка, калі скласці яе гармонікам — рапортная, кутком — разеткавая альбо замкнёная. Дыферэнцыруецца выцінанка і ў залежнасці ад выразанага ўзору і арнаменту: ёсць геаметрычныя выцінанкі ў выглядзе квадрата, прамавугольніка, ромба, крыжа, зоркі; раслінныя, на якіх намаляваны кветкі, лісце, дрэвы; анімалістычныя — з выявамі птушак і жывёл.

Дзеці разам з выхавальнікам упрыгожваюць сваімі работамі памяшканні і вокны дзіцячага сада, фотарамкі, віншавальныя паштоўкі, афармляюць кніжкі-малышкі, робяць прыгожыя вырабы для сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў. Прычым кожны раз эксперыментуюць з матэрыялам, выкарыстоўваючы як звычайную паперу, так і сурвэткі, гафрыраваную паперу, фольгу.

— Выцінанка — гэта сапраўдны занятак для душы, які прыносіць задавальненне і педагогу, і дзецям, — упэўнена Алена Аляксандраўна. — Дзеці, з якімі мы займаемся на працягу года, становяцца больш уседлівымі і ўспрымальнымі да мастацтва, развіваюць фантазію і прасторавае мысленне, праяўляюць непадробную цікавасць да гэтага незвычайнага захаплення.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.