Мастацтва жыць

Робячы шчаслівымі іншых, мы самі становімся не менш шчаслівымі. Як адчуваць шчасце і дарыць яго іншым, вас абавязкова навучаць у сценах сярэдняй школы № 4 Клімавіч.

У рамках месячніка прафілактыкі суіцыдальнай рызыкі педагог-псіхолаг установы адукацыі Юлія Аляксандраўна Архангельская правяла тэматычны тыдзень “Мастацтва жыць. Як быць шчаслівым?”. Кожны дзень быў яркім і насычаным акцыямі, конкурсамі, гульнямі.

З самага пачатку тыдня Юлія Аляксандраўна і класныя кіраўнікі пастараліся стварыць у школе атмасферу шчасця, радасці і пазітыву. Гэтаму паспрыяла акцыя “Лесвіца жыцця”: на школьных сценах з’явіліся яркія і маляўнічыя афарызмы, цытаты, выказванні пра жыццё. На працягу ўсяго тыдня працавала выстава малюнкаў “Краіна фантазій”, дзе вучні пры дапамозе пэндзля і фарбаў, алоўкаў і фламастараў адлюстравалі свае мары і фантазіі. У аўторак прайшла акцыя “Дрэва шчасця і радасці”. Навучэнцы, педагогі пісалі на стыкерах у форме сэрца выказванні пра шчасце і радасць і прымацоўвалі іх на дрэва. А ў сераду прайшла не менш запамінальная акцыя “Куфар радасці”. Кожны, хто жадаў атрымаць хаця б кропельку шчасця, падыходзіў да скрыначкі і выцягваў запіску з пажаданнямі, прызначанымі менавіта яму. Акрамя таго, у гэты дзень прайшла гульня “Следапыт”. Навучэнцам было прапанавана адказаць на шэраг пытанняў. Ацэньвалася хуткасць, правільнасць, кемлівасць. Усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны дыпломамі па намінацыях. А ў чацвер сумеснымі намаганнямі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу быў створаны “Псіхалагічны партрэт школы “Самы-самы”. На сценах у фае былі размешчаны плакаты з назвамі намінацый. Усе жадаючыя маглі напісаць імёны, прозвішчы сваіх аднакласнікаў, сяброў, настаўнікаў, усіх тых, каго яны лічаць самымі-самымі.

Не засталіся па-за ўвагай і педагогі школы, для іх была праведзена акцыя “Чароўны кошык жаданняў”. Настаўнікі выцягвалі фант з жаданнямі і прыводзілі яго ў дзеянне на працягу дня. Яркім завяршальным акордам тыдня стала акцыя “Смайлік-фэш”. У фае першага паверха на перапынках працаваў “Цэнтр смайлікаў”. Усім жадаючым прапаноўвалася намаляваць на твары ўсмешку або сонейка выбраным колерам гуашы.

Застаецца толькі пажадаць: малюючы на жыццёвым палатне, не саромейцеся і не бойцеся дадаваць туды яркія фарбы!

Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.