Масты сяброўства

- 16:39Адукацыйная прастора

Сімвалічныя масты сяброўства будуе моладзь Ваўкавыска і Страшэны (Малдова). Міжнародная змена ў аздараўленчым лагеры “Рось” у Ваўкавыскім раёне, дзе адпачывалі школьнікі з дзвюх краін, так і называлася: “Мост сяброўства: крок насустрач”.

Такія крокі насустрач робяць два рэгіёны з 2009 года, калі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж гарадамі. А ў мінулым годзе абмяняліся дэлегацыямі дзяцей для адпачынку.

— Малдаўскіх гасцей мы сустракалі на Алеі гарадоў-партнёраў. Тут іх віталі старшыня Ваўкавыскага райвыканкама член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Міхайлавіч Сіцько, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталій Станіслававіч Навіцкі, — расказвае загадчык сектара выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама Святлана Іванаўна Стачук. — Тут былі падняты сцягі гарадоў-пабрацімаў — Ваўкавыска і Страшэны, якія віліся над горадам да заканчэння змены ў лагеры “Рось”.

Для малдаўскіх школьнікаў была падрыхтавана вялікая праграма знаёмства з культурай, традыцыямі, людзьмі Ваўкавыскага раёна і Гродзеншчыны. Яны пабывалі ў краязнаўчым музеі Краснасельскай сярэдняй школы, азнаёміліся з аграгарадком Вярэйкі. Цікавыя экскурсіі арганізавалі ў гарады Ліда і Зэльва, Жыровічы і Сынкавічы.

Пабывалі ў Малдове гэтым летам і ваўкавыскія школьнікі — 20 дзяцей дзесяць ліпеньскіх дзён правялі ў цэнтры адпачынку Divertis.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўпраўленнем адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама.