Матчына школа: вопыт і інавацыі

На базе дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці  № 98 Гродна ўжо 12 гадоў працуе матчына школа. Невыпадкова, што менавіта педагогі гэтай установы распрацавалі праграмна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання ва ўстанове дашкольнай адукацыі. Вопытам дзейнасці ў гэтым кірунку яны падзяліліся з калегамі на расійска-беларускім інавацыйным адукацыйным форуме.

У межах Х фестывалю навукі ва Ульянаўскай вобласці Ульянаўскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя І.М.Ульянава сумесна з установамі адукацыі Гро­дзенскай вобласці ў пачатку лютага быў арганізаваны форум “Рэалізацыя навукова-адукацыйнага патэнцыялу рэгіянальных інавацыйных пляцовак: уклад у сістэму адукацыі”. Распрацоўкі ДЦРД № 98 Гродна гучалі сярод іншых выступленняў і зацікавілі калег. Прадставіла іх намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ДЦРД № 98 Таццяна Толкіна.

На працягу двух гадоў педагогі на аснове работы мацярынскай школы для дзяцей ад 1,5 да 3 гадоў і вячэрняй групы, якую наведваюць дзеці 5—6 гадоў, распрацоўвалі свае комплексы інтэграцыйных заняткаў. У выніку былі падрыхтаваны тры вучэбна-метадычныя дапаможнікі: для дзяцей ад 1,5 да 3 гадоў па адукацыйных галінах “Дзіця і прырода” і “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”, для дзяцей ад 5 да 6 гадоў — “Элементарныя матэматычныя ўяўленні” і “Мастацтва”, а таксама “Дзіця і грамадства” і “Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін”. Метадычныя распрацоўкі педагогі ўкаранялі непасрэдна ў заняткі мацярынскай школы, прасцей кажучы, маленькіх наведвальнікаў групы знаёмілі з навакольным светам і займаліся развіццём іх мовы. Да ўсіх напрацовак былі складзены вучэбна-наглядныя дапаможнікі. Вынікам праекта стала і тое, што былі створаны метадычныя рэкамендацыі для педагогаў падобных груп кароткачасовага знаходжання.

Педагогам дашкольнага цэнтра сапраўды ёсць чым падзяліцца з калегамі, метадычныя рэкамендацыі напісаны на аснове назапашанага рэальнага вопыту. З пачатку стварэння матчынай школы ёй кіруе выхавальнік-метадыст Аксана Бяседзіна. Як яна расказала, такія групы стваралі па запытах бацькоў. Не ўсе малыя наведваюць дзіцячы сад, асабліва ад 1,5 да 3 гадоў, а бацькі хочуць, каб іх дзеці развіваліся. Тры разы на тыдзень мамы ці таты разам з дзецьмі прыхо­дзяць на заняткі. Прычым дарослыя не становяцца назіральнікамі, а вучацца… гуляць з дзецьмі. І для многіх становіцца адкрыццём, як шмат займальнага і цікавага можна прыдумаць, гуляючы з дзіцем, пры гэтым навучаючы яго. Праходзяць заняткі ва ўтульным, з любоўю абсталяваным памяшканні, дзе камфортна і дзецям, і дарослым.

— Спачатку дзеткі адаптуюцца да памяшкання, умоў, цацак, а потым ужо ўключаюцца ў працэс гульнявых заняткаў з педагогам, — расказала Аксана Бяседзіна. — Акрамя мяне, з імі яшчэ працуюць выкладчыкі музыкі і фізічнага выхавання. Дзеці атрымліваюць першы вопыт зносін з аднагодкамі, адаптуюцца да зносін у калектыве, у іх нават з’яўляюцца сябры. Заўважана, калі дзеці прыходзяць у дзіцячы сад пасля матчынай школы, яны хутчэй адаптуюцца.
І калі матчына школа працавала ў ДЦРД № 98 даўно, то вячэрняя кароткачасовая група для дзяцей 5—6 гадоў была адкрыта непасрэдна падчас рэалізацыі праекта. Дзеці з бацькамі прыходзяць сюды пасля закрыцця дзіцячага сада. Яны ўжо рыхтуюцца ў хуткім часе адправіцца ў школу, таму, акрамя гульняў, педагог з імі займаецца матэматыкай, вучыць грамаце, звяртае ўвагу на развіццё маўлення дзіцяці.

У выніку ў выхаванцаў мацярынскай школы з’явілася цікавасць да навакольнай рэчаіснасці, да сумесных гульняў, сітуацыйных зносін, жаданне рабіць нешта самастойна. У дзяцей вячэрняй групы сфарміравалася ўяўленне аб аб’ектах блізкага акружэння, элементарных матэматычных паняццях, развілася моўная актыўнасць, дасведчанасць.

— Паколькі практычна немагчыма знайсці метадычныя дапаможнікі для маленькіх дзетак, якія кароткачасова знаходзяцца ў дашкольных установах, нашы распрацоўкі з уключэннем гульнявых і музычных заняткаў сталі ўнікальным матэрыялам не толькі для нашай, але і для іншых да­школьных устаноў, — дадала Таццяна Толкіна. — Дапаможнікамі карыстаюцца педагогі пры падрыхтоўцы заняткаў па развіцці маўлення, матэматыцы, па азнаямленні з навакольным светам. Гэты вопыт мы прадстаўлялі на абласных, раённых семінарах і заўсёды гатовы падзяліцца напрацоўкамі з калегамі з іншых дашкольных устаноў.

Навіной інавацыйнага праекта стала інтэграцыя ў інфармацыйна-камунікацыйную прастору. Выкарыстоўваючы тэхнічныя візуальныя сродкі, педагогі-інаватары падабралі да гульнявых комплексаў адпаведныя па тэме камп’ютарныя развіццёвыя гульні, віртуальныя экскурсіі, відэаролікі і развіццёвыя мультфільмы, якія выкарыстоўвалі на гульнях-занятках і рэкамендавалі бацькам выхаванцаў для азнаямлення.

Інтэгратыўны падыход прасочваўся і ва ўзаемадзеянні з соцыумам найбліжэйшага акружэння дзяцей. У гульнявыя комплексы ўключаны экскурсіі па горадзе, мэтавыя прагулкі ў школу, Румлёўскі парк, да ракі Нёман і іншых аб’ектаў прыроды, практычныя заняткі з прадстаўнікамі МНС і іншых органаў. Такім чынам, пашыраецца адукацыйная прастора дзіцяці, яно не замыкаецца толькі ў межах сваёй групы, а выходзіць на блізкі соцыум. Чаму важна такая інтэграцыя? Нават за кароткі тэрмін дзіця атрымлівае шмат уражанняў, інфармацыі, што спрыяе яго развіццю.

— У выніку рэалізацыі праекта была вызначана аснова гульнявых інтэграваных комплексаў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. Яна дазволіла арыентавацца ў відах, структуры і змесце праграмна-метадычнага забеспячэння ў групах кароткачасовага знаходжання, — адзначыла загадчык ДЦРД № 98 Гродна Святлана Федарцова. — Прак­тычная значнасць праекта — у прадастаўленні распрацаванага комплексу спецыялістам дашкольных устаноў. Педагагічны вопыт быў распаўсюджаны не толькі паміж устаноў Гродна, вобласці і краіны, але і за мяжой. Вынікам інавацыйнай дзейнасці стала стварэнне адзінай развіццёвай прасторы дашкольнай установы, сям’і, соцыуму, накіраванай на фарміраванне дзіцяці як асобы, гатовай да жыцця.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ДЦРД № 98 Гродна.