Матэматычны квэст

У наш час масавых забаў становіцца ўсё больш праблематычна чымсьці зацікавіць і здзівіць. Магчыма, у сувязі з гэтым у сучаснай школе ўсё большую папулярнасць набывае квэст-рух. Слова “квэст” у перакладзе з англійскай мовы азначае “пошук, гульня, канкрэтнае дзеянне”. У школьнай практыцы яно ўжываецца для абазначэння інтэлектуальнай гульні, падчас якой удзельнікі праз пераадоленне цяжкасцей (пошук прадметаў, рашэнне лагічных задач, галаваломак) павінны дасягнуць пастаўленай мэты.

У мінулым навучальным годзе ў рамках прадметнага тыдня мы з калегамі вырашылі правесці матэматычны квэст. Вынік пераўзышоў усе чаканні. Нават вучні, якія раней актыўнасцю не адрозніваліся, на ўсіх этапах квэсту праяўлялі надзвычайную зацікаўленасць. У наступных этапах квэсту ахвотных удзельнічаць было намага больш, чым звычайна. Таму калектыў нашай гімназіі ўсё часцей стаў звяртацца да гэтай формы пазакласных мерапрыемстваў.

У бягучым навучальным годзе ў якасці выніковага мерапрыемства для вучняў старэйшага звяна ў план тыдня матэматыкі мы зноў уключылі квэст. Формай правядзення выбралі квэст-ключ. Былі сфарміраваны дзве каманды з вучняў 10 і 11 класаў. Для кожнай каманды — асобны стылістычна аформлены кабінет. Партрэты вялікіх навукоўцаў-матэматыкаў з біяграфічнымі даведкамі і інфармацыяй аб іх адкрыццях давалі магчымасць прасачыць развіццё матэматычнай навукі са старажытных часоў да нашых дзён.

Эмацыянальны ўсплёск — пачатак гульні. Нечаканасцю стала тое, што, зайшоўшы ў кабінет, дзе іх чакалі назіральнікі, удзельнікі аказаліся зачыненымі на ключ. Перад камандамі стаяла задача знайсці ключ і першымі выбрацца з кабінета. Паштоўка з першай падказкай паказала кірунак пошуку. Шэсць этапаў — гульнёвыя заданні з рашэннем сур’ёзных матэматычных задач — праляцелі вельмі хутка.

Запамінальным стаў заключны этап гульні. Патэлефанаваўшы па расшыфраваным нумары арганізатара гульні, дзеці атрымалі апошнюю падказку:

Ребята, вы почти у цели,

Немного путь ваш был дремуч,

Тела пусть ваши ослабели,

Испив воды, найдете ключ.

Якое ж было здзіўленне, калі даведаліся, што ключ знаходзіцца ў 6-літровай бутэльцы з вадой! І тут было знойдзена рашэнне: адшукаўшы схаваны магніт, падлеткі змаглі дастаць з бутэлькі запаветны ключ і выбрацца з памяшкання.

Каб квэст прайшоў паспяхова, педагогі павінны падрыхтавацца: трэба да дробязей прадумаць усе этапы гульні, апрабаваць тэхнічныя моманты, каб пазбегнуць нечаканых выпадковасцей.

Квэст не толькі спрыяе развіццю ў вучняў пазнавальнай цікавасці да вывучэння прадмета, але і фарміруе ўменне працаваць у камандзе, правільна размяркоўваць абавязкі паміж яе членамі, вырашаць навучальныя задачы ў нестандартнай сітуацыі, прымяняць веды з іншых галін навук. Вопыт, набыты ў падобных мерапрыемствах, спатрэбіцца вучням у вучэбнай і творчай дзейнасці, стане залогам паспяховай сацыялізацыі ў будучыні. Як гаварыў А.С.Макаранка, “толькі тая гульня мэтазгодная, у якой дзіця актыўна дзейнічае, самастойна мысліць, будуе, камбінуе, пераадольвае цяжкасці”.

Таццяна АШЭЙЧЫК,
настаўніца матэматыкі гімназіі № 1 Іўя.