Матэматычныя баі для самых моцных

- 12:15Адукацыйная прастора, Рознае

З 5 па 10 снежня ў Мінску на базе гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка праходзіў XVI Рэспубліканскі турнір юных матэматыкаў.

Турнір юных матэматыкаў у Беларусі, арганізатарамі якога з’яўляюцца Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Белдзяржуніверсітэт, — гэта камандныя спаборніцтвы школьнікаў ва ўменні рашаць даследчыя задачы, наглядна і пераканаўча прадстаўляць атрыманыя вынікі, аргументавана адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях. Падчас матэматычных баёў каманды па чарзе агучваюць свае даследаванні па заданнях, якія ім прапаноўваюцца загадзя, а таксама выступаюць у ролі апанентаў перад іншымі ўдзельнікамі.
Каманды, запрошаныя на турнір, прыбылі з шасці рэгіёнаў Беларусі (Мінска, Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей), а таксама было па адной камандзе з Расіі (Санкт-Пецярбург) і Казахстана (Алматы).
Згодна з правіламі турніру, у вочнай частцы маглі прыняць удзел не больш за 20 каманд па 6 навучэнцаў у кожнай. Таму ўжо на папярэднім завочным яго этапе разгортвалася сур’ёзная барацьба паміж камандамі за выхад у асноўную частку.
Як падкрэсліў намеснік сустаршыні аргкамітэта турніру, намеснік дэкана ФПМІ БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук Барыс Валянцінавіч Задворны, колькасць заявак на ўдзел у спаборніцтвах павялічваецца: традыцыйна каля 30, а ў гэтым годзе 26 каманд афіцыйна пацвердзілі свае заяўкі і папярэдне, згодна з правіламі, даслалі рашэнні даследчых заданняў турніру, якія былі распрацаваны навукоўцамі з Мінска, Гомеля, Віцебска, Гродна і Брэста. Некаторыя заданні былі або ўвогуле новымі ў матэматыцы і да таго не рэшанымі, і навучэнцы разважалі аб іх упершыню, або ім патрабавалася прапанаваць свае кірункі даследаванняў па вядомых праблемах.
Па складанасці заданняў наш нацыянальны турнір адпавядаў міжнароднаму ўзроўню, хаця сярод задач былі і дастаткова простыя. У фінале турніру была адна з самых складаных і цікавых задач “Трохвугольнікі ў графах”, і яе аўтар супрацоўнік ФПМІ БДУ кандыдат навук Юрый Леанідавіч Арловіч адзначыў, што каманда Ліцэя БДУ рашыла яе на высокім узроўні і рашэнне дастойна апублікавання ў навуковым часопісе. Агучваў рашэнне ліцэіст Антон Варанько.
Варта адзначыць, што беларускі турнір становіцца ўсё больш вядомым. Шэсць гадоў па нашых правілах (з мінімальнымі адрозненнямі) праводзяцца міжнародныя турніры юных матэматыкаў. Удзел у іх зборнай Беларусі вельмі паспяховы — заваяваны 4 дыпломы І ступені і 2 дыпломы ІІІ ступені. Павялічваецца колькасць краін, у якіх арганізоўваюцца свае нацыянальныя турніры юных матэматыкаў (напрыклад, у Францыі, Балгарыі, Расіі, Украіне, Румыніі).
Турнірны рух набывае іншыя маштабы і ў нашай краіне: у Мінскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях праводзяцца рэгіянальныя турніры. Плануюцца спаборніцтвы і ў Віцебскай вобласці.
Ірына Аляксандраўна Каралькова, загадчыца кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, член журы рэспубліканскага турніру, адзначыла:
— У каманду Гродзенскай вобласці сёлета ўвайшлі навучэнцы 10—11 класаў гімназіі № 1 Шчучына, Астрынскай сярэдняй школы імя А.С.Пашкевіч (Цёткі) і сярэдняй школы № 1 Ашмян — усяго шасцёра ўдзельнікаў. За ўсю гісторыю турніру гродзенцы выступалі тройчы. Мы ў гэтым годзе правялі ў вобласці турнір для навучэнцаў 5—7 класаў і вырашылі падрыхтаваць зборную старшакласнікаў на рэспубліканскія спаборніцтвы. Сярод крытэрыяў, па якіх журы ацэньвала рашэнне задач, — навуковасць падыходу, уменне абгрунтоўваць і даказваць, аргументавана, лагічна прадстаўляць свой пункт погляду, правільна задаваць пытанні саперніку, бачыць слабыя бакі яго адказаў і г.д. Вучань 10 класа гімназіі №1 Шчучына Андрэй Асанаў быў адзначаны журы. Магчыма, ён паспрабуе свае сілы пры адборы ў зборную каманду Беларусі для ўдзелу ў міжнародным турніры юных матэматыкаў.
45 працэнтаў удзельнікаў турніру былі ўзнагароджаны дыпломамі рознай ступені. Каманда (№ 1) Ліцэя БДУ і каманда (№ 1) гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага атрымалі дыпломы І ступені. Дыпломы ІІ ступені — у каманды (№ 2) гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага, каманды з Санкт-Пецярбурга і ў зборнай Гродзенскай вобласці. Дыпломы ІІІ ступені — у навучэнцаў гімназіі № 29 Мінска, гімназіі № 51 Гомеля, у зборнай устаноў адукацыі Мінска (каманда № 2) і зборнай устаноў адукацыі Салігорска.
У склад журы і камітэта, які сёлета распрацоўваў задачы, уваходзілі 9 дактароў і 19 кандыдатаў навук, у тым ліку прадстаўнікі Расіі і Францыі. Старшынёй журы турніру быў доктар навук, прафесар, загадчык аддзела дыферэнцыяльных ураўненняў Інстытута матэматыкі НАН Беларусі Яўген Канстанцінавіч Макараў. Падчас узнагароджання пераможцаў ён выступіў з ацэнкай выступленняў каманд. Павіншавалі пераможцаў прарэктар па вучэбнай рабоце БДУ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Аляксей Леанідавіч Толсцік і галоўны спецыяліст Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Алена Мікалаеўна Сенчанка.
Турнір спансіравалі СП ЗАТ “Навучсофт” і СТАА “Сістэмныя тэхналогіі”, ІТ-арганізацыі, якія актыўна ажыццяўляюць пошук і дадатковае навучанне таленавітай моладзі, здольнай да навуковай дзейнасці.
Па выніках турніру будуць выбраны кандыдаты ў зборную каманду Беларусі для ўдзелу ў VII Міжнародным турніры юных матэматыкаў, які адбудзецца ў ліпені 2015 года ў Балгарыі. Адна з умоў пры адборы — добрае валоданне англійскай мовай, якая з’яўляецца агульнапрынятай мовай такіх спаборніцтваў. Важным этапам пры падрыхтоўцы да міжнароднага турніру стане ўдзел нашых каманд у ІІІ адкрытым Санкт-Пецярбургскім турніры ў сакавіку 2015 года.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.