Матэматык, які танцуе

- 12:51Адукацыйная прастора

Навучэнец баранавіцкай гімназіі № 1 Уладзіслаў Кашчэнка стаў пераможцам адразу дзвюх міжнародных матэматычных алімпіяд. Вынікі іх былі падведзены ў канцы верасня. Перамога ў квадраце, прычым такога маштабу — для Баранавіч сенсацыя, ды і для рэспублікі няшэрагавая падзея.

Іранская геаметрычная алімпіяда (IGO) уваходзіць у лік самых прэстыжных матэматычных турніраў свету. Яе ўдзельнікамі ў гэтым годзе сталі каля 5500 школьнікаў з 56 краін свету.

— Алімпіяда праходзіла ў пісьмовай форме і ўключала 5 заданняў, на выкананне якіх было адведзена 4,5 гадзіны, — расказвае дырэктар гімназіі, выдатнік адукацыі, заслужаны настаўнік рэспублікі Мікалай Мікалаевіч Шырко. — Потым з кожнай краіны адбіраліся 4 лепшыя вынікі на кожным узроўні — дзеці, якія іх паказалі, прынялі ўдзел у міжнародным конкурсе.

У прасунутым (аdvanced) узроўні складанасці Беларусь заваявала чатыры з чатырох магчымых узнагарод. Адну з іх, бронзавую, атрымаў Уладзіслаў, тры астатнія — сталічныя навучэнцы.

Здавалася, што яшчэ жадаць гімназісту, які дасягнуў сур’ёзнай для яго гадоў вышыні? Але ў адзін з апошніх дзён верасня працавіты і мэтанакіраваны Уладзіслаў шматразова прымножыў свой вынік, стаўшы пераможцам Літоўскай матэматычнай алімпіяды. Яшчэ ў пяцігадовым узросце Улад умеў складаць і аднімаць у галаве трохзначныя лікі. Аднак на алімпіядах уменне хутка лічыць не такое важнае. Калькулятарам тут скарыстацца не ўдасца, аднак самі падлікі, па словах пераможцы, займаюць не так многа часу і сіл. Значна складаней, праявіўшы кемлівасць і глыбокія веды, знайсці стратэгічны ключык да рашэння задачы.

— Каб стаць пераможцам, трэба не проста хацець увайсці ў топ-15, неабходна параўноўваць сябе з лепшымі і імкнуцца стаць такімі, як яны, — раскрывае сакрэты поспеху дзесяцікласнік.

— Уладзіслаў з тых навучэнцаў, якія дакладна ведаюць, чаго хочуць, — гаворыць дырэктар гімназіі. — Ён максімаліст, і, як паказвае практыка, менавіта такія асобы, якія жывуць па прынцыпе “ўсё ці нічога”, дабіваюцца многага.

Улад уваходзіць у лік наймацнейшых юных матэматыкаў краіны: па колькасці набраных балаў на алімпіядзе рэспубіканскага ўзроўню ён, уладальнік дыплома І ступені, трэці.

— Звычайна тыя, каму лёгка даецца матэматыка, ідуць у праграмісты. Але я, нягледзячы на тое, што паспрабаваў разам са сваім сябрам, Германам Несцерам, які вучыцца на гейм-дызайнера, ствараць гульні, у будучыні хацеў бы стаць менавіта матэматыкам.

Хаця гэта далёка не адзіны вучэбны прадмет, па якім гімназіст паказвае глыбокія веды. У мінулым навучальным годзе на гарадской алімпіядзе ён заваяваў дыпломы І ступені як па матэматыцы, так і па інфарматыцы, ІІ — па фізіцы, ІІІ — па англійскай мове.

Бацька дзесяцікласніка трымае пчальнік, а маці — настаўніца матэматыкі.

— Наталля Эдуардаўна — выпускніца нашай гімназіі, — не без гордасці заўважае Мікалай Шырко.

Няцяжка здагадацца, што менавіта яна заклала добры фундамент, удзяліўшы многа ўвагі падрыхтоўцы сына да матэматычнай алімпіяды ўжо ў 4 класе.

— Тады мы за выхадныя маглі прарашаць цэлы зборнік задач, — гаворыць гімназіст.

Ёсць тут, безумоўна, уклад і настаўніцы гімназіі Людмілы Лебедзевай. Але аснова — гэта праца самога гімназіста, які перад алімпіядамі ўдзяляў матэматыцы па дзевяць гадзін у дзень, ды і зараз адводзіць ёй не менш за пяць.

— Любы матэматык пацвердзіць: да 8 класа перамагае той, хто лепш схоплівае, а пасля — той, хто больш працуе. Аднак я ніколі не займаюся вывучэннем прадмета праз сілу, калі няма настрою.

У лагеры БДУ “Брыганціна”, які аб’ядноўвае адораных дзяцей, баранавіцкі гімназіст пазнаёміўся з вядучым навуковым супрацоўнікам Матэматычнага інстытута імя В.А.Сцяклова Расійскай акадэміі навук Аляксандрам Ігаравічам Буфетавым, які не толькі расказваў школьнікам пра стваральніка тэорыі мностваў Г.Кантара, але і даў дзецям магчымасць адкрыць для сябе струнныя квартэты Бетховена. Прафесар мяркуе, што далучэнне да творчасці вялікага музыканта займае сваё месца сярод жыццёвых этапаў кожнага чалавека. Улад таксама неабыякавы да мастацтва. У вольны час ён выступае ў складзе заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля бальнага танца “Фіеста”.

Варта адзначыць, што Улад, выступаючы на міжнародным узроўні, паказаў выдатнае веданне не толькі дакладнай навукі, але і англійскай мовы, бо свае матэматычныя работы, высока ацэненыя журы, ён афармляў на мове міжнародных перамоў. Па словах юнака, вырашыў паспрабаваць для сябе. Пры той базе, якую дала настаўніца гімназіі Хрысціна Ланкевіч, гэта было нескладана. На англійскай мове даступна маса кніг па матэматыцы, іх гімназіст таксама выкарыстаў пры падрыхтоўцы.

Віталь ГЕРЦАЎ.
Фота аўтара.