Матэматыка — для розуму, а вязанне — для душы

- 14:35Адукацыйная прастора

Кажуць, што пад Новы год здараюцца цуды. І яны сапраўды здараюцца, калі моцна захацець. Шукаючы героя для навагодняга нумара газеты, я хацела знайсці не проста цікавага настаўніка, а чалавека з адметным хобі. І мне пашчасціла. Я пазнаёмілася з настаўніцай матэматыкі гімназіі № 22 Мінска Яўгеніяй Георгіеўнай Сухарукавай, якая вяжа проста шыкоўныя рэчы.

Яўгенія Георгіеўна ў педагогіцы з 1982 года. Са статусу студэнткі БДУ яна адразу перайшла ў статус педагога. Магчыма, гучыць банальна, але настаўніцай матэматыкі яна стала таму, што вельмі любіла гэты прадмет. Разам з тым, калі прыйшоў час выбіраць, вагалася паміж матэматыкай і літаратурай. “Літаратуру люблю ў той жа ступені, што і матэматыку, але апошняя ўсё ж перамагла”, — заўважыла з усмешкай Яўгенія Георгіеўна.

Мая сённяшняя гераіня — паспяховы педагог. Яна здолела не проста перадаць вучням сваю любоў да матэматыкі, але і дапамагла ім дабіцца поспехаў у гэтым няпростым прадмеце. Вучні Яўгеніі Георгіеўны пастаянна перамагаюць на рознага ўзроўню алімпіядах па матэматыцы, паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах, атрымліваюць высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні. Дарэчы, некалькі гадоў назад настаўніца была ўдастоена гранта Мінгарвыканкама за праект “Сістэма работы з высокаматываванымі вучнямі пры падрыхтоўцы да алімпіяд і інтэлектуальных конкурсаў па вучэбным прадмеце “Матэматыка”.

Яўгенія Георгіеўна падчас нашай размовы не раз падкрэслівала, што ёй проста шанцуе з вучнямі. Але ж роля настаўніка намнога большая, чым шанцаванне. Калі педагог прыходзіць у клас, каб адсядзецца ці яму проста нецікава працаваць, то пра поспех і матывацыю дзяцей можна забыць. Вучнёўскі патэнцыял раскрываецца толькі дзякуючы настаўніку. Навучэнцы Яўгеніі Георгіеўны вельмі любяць матэматыку не толькі таму, што здольныя да гэтага прадмета, але і таму, што ў педагога вочы свецяцца цікавасцю. І не толькі да матэматыкі.

У 2017 годзе Я.Г.Сухарукава заняла 3-е месца на гарадскім конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2017” у намінацыі “Класны кіраўнік”. “Было няпроста змагацца з маладымі і крэатыўнымі калегамі, але мне, напэўна, дапамог вопыт, бо класнае кіраўніцтва — неад’емная частка маёй прафесійнай дзейнасці”, — адзначыла Яўгенія Георгіеўна.

А неад’емнай часткай асабістай прасторы маёй гераіні з’яўляецца вязанне. Прычым невядома, што з’явілася раней — любоў да матэматыкі ці да вязання. Пруткі Яўгенія Георгіеўна ўзяла ў рукі ў школьныя гады. Тады маленькая Жэня з вялікім натхненнем засвойвала розныя ўзоры. Трэба адзначыць, што натхненне засталося і зараз, а новыя ўзоры вывучаюцца з такім жа энтузіязмам.

“Я заўсёды любіла вязаць. Некалі, у часы татальнага дэфіцыту, уменне вязаць проста ратавала, бо дапамагала апранаць усю сям’ю. Пасля некаторы час я не вязала, а цяпер, калі дзеці выраслі і з’явіліся ўнукі, я зноў узялася за пруткі і кручкі.

Вяжу ў вольны час амаль кожны дзень, бо не разумею, як можна нічога не рабіць Акрамя таго, вязанне вельмі дапамагае пераключыцца са школьных будняў, са штодзённых клопатаў у больш спакойны жыццёвы рытм. Мне падабаецца вязаць што-небудзь складанае, незвычайнае, а пасля абавязкова дарыць гэта. Так прыемна бачыць, як, напрыклад, карыстаюцца маімі пакрываламі. Мае сяброўкі любяць такія падарункі!

А яшчэ я вельмі шчаслівая бабуля, бо ў мяне ўжо чацвёра ўнукаў! Слаўныя дзеткі: разумныя і добрыя. Адзін унучак захапляецца жабкамі, дык я яму спецыяльна світар з жабкамі і чаротам звязала. Другі ўнук любіць машынкі і веласіпеды, таму ў падарунак атрымаў світар з жакардавым узорам (адна палоска — веласіпеды, другая — машынкі). Для ўнучкі вяжу прыгожыя капялюшыкі і сукенкі. Дзяўчынка ж!” — расказала Яўгенія Георгіеўна.

Унукі натхнілі настаўніцу і на вязанне цацак. Мяркую, што дракончык і жабка сталі іх любімымі цацкамі. Гардэроб самой Я.Г.Сухарукавай таксама час ад часу папаўняецца ўласнымі рэчамі — шалямі, камізэлькамі, кардыганамі, прычым звязанымі не толькі пруткамі, але і кручком. Дарэчы, у Яўгеніі Георгіеўны добра атрымліваецца і тэхніка ірландскага вязання кручком. Хачу адзначыць, што вучні настаўніцы разглядаюць яе вязаныя шэдэўры з такой жа цікавасцю, як і прыклады матэматычных задач, прычым некаторыя дзеці імкнуцца разгадаць коды звязаных узораў.

Яўгенія Георгіеўна — вопытная вязальшчыца, таму калі, напрыклад, убачыць недзе вязаную рэч, то адразу разумее, як яна была зроблена. Тут настаўніцы дапамагае і матэматыка, і добрая памяць. Калі яна пачынае вязаць новы ўзор, ёй дастаткова акінуць позіркам, каб зразумець прынцып і разлічыць колькасць нітак. “Я вельмі хутка вяжу, як аўтамат. Мой рэкорд — расход 200 грамаў нітак за дзень. Увогуле за дзень можна лёгка звязаць капялюшык для ўнучкі”,— заўважыла настаўніца.

Падчас гутаркі з Яўгеніяй Георгіеўнай я пераканалася, што вязанне і матэматыка цесна звязаны, бо калі вы не можаце разлічыць петлі, то, напэўна, з матэматыкай у вас складаныя адносіны. А пакапаўшыся ў інтэрнэце, выявіла, што вязаннем займаюцца многія матэматыкі ў розных кутках планеты, прычым робяць гэта не толькі для душы, але і для навукі.

Так, доктар матэматычных навук Дайна Тайміня вырашыла стагадовую праблему неэўклідавай геаметрыі па візуалізацыі гіпербалічных плоскасцей. Гіпербалічныя плоскасці маюць дачыненне да неэўклідавай геаметрыі, якую традыцыйна цяжка візуалізаваць. Матэматыку ўдалося зрабіць гэта з выкарыстаннем вязаных тканін. Сваю першую мадэль гіпербалічнай плоскасці яна звязала кручком у 1997 годзе, каб выкарыстоўваць у студыйным курсе неэўклідавай геаметрыі. З тых часоў Д.Тайміня звязала больш за сотню геаметрычных мадэлей.

А галандскі матэматык Хінке Асінга звязала мадэль хаосу. Цяпер адзіны ў свеце вязаны хаос круціцца пад столлю ў кабінеце матэматыкаў ва ўніверсітэце Брысталя.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.