Яшчэ ў пачатку красавіка на сумесным пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Прэзідыума Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі было прынята рашэнне аб сумесных мерах у сувязі з няпростай санітарна-эпідэміялагічнай сітуацыяй. Адразу ж пачалася актыўная рэалізацыя гэтых мер, якая працягваецца і зараз. Пра пэўныя канкрэтныя дзеянні “Настаўніцкай газеце” расказалі ў галіновым прафсаюзе.

Ад фонду да валанцёраў
Ужо ў 20-х чыслах красавіка фонд дапамогі быў сфарміраваны ў памеры больш за 900,6 тысячы руб. На набыццё сродкаў засцярогі, іншыя мэты было выдаткавана 308 029 руб., на аказанне дапамогі членам прафсаюза — 150 968 руб. (для больш чым 2 тысяч чалавек). У фонд падтрымкі работнікаў арганізацый аховы здароўя было пералічана 25 600 руб. На дабрачынны рахунак Рэспубліканскага камітэта прафсаюза аховы здароўя работнікі прафорганаў педагагічнай галіны пералічылі больш за 16 425,67 руб. І гэта, зразумела, не канчатковыя лічбы.
Пастаянная работа праводзіцца і ў рэгіёнах. Так, Чыгуначны райкам прафсаюза Гомеля набыў маскі, пальчаткі, дэзсродкі для работнікаў ясляў-садоў №№ 137 і 161 горада, сярэдняй школы № 8 на суму 314 руб. У іншых раёнах прафсаюзныя арганізацыі таксама дапамагалі і дапамагаюць членам свайго прафсаюза, медыкам. Усяго яшчэ ў мінулым месяцы абласная арганізацыя галіновага прафсаюза аказала спонсарскую дапамогу Гомельскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў аховы здароўя для набыцця неабходных сродкаў на 6400 руб.
Светлагорскі індустрыяльны каледж рэалізуе валанцёрскі праект па вырабе медыцынскіх павязак для работнікаў Светлагорскай ЦРБ. А прафсаюзны камітэт студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны з мэтай прапаганды нашэння медыцынскіх масак і павышэння ўвагі студэнтаў да выканання правіл бяспекі ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” запусціў флэш-моб #улыбнисьглазамиchallenge.
Валанцёры прафсаюзнага атрада “Добрае сэрца” Мазырскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа аказваюць пасільную дапамогу ў куплі і дастаўцы медыкаментаў і прадуктаў харчавання пажылым людзям.
Са сродкаў Гродзенскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза ў цэлым за красавік выдаткавана каля 200 руб. на аказанне спонсарскай дапамогі Гродзенскай абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы для набыцця сродкаў медыцынскага прызначэння. Са сродкаў раённых, Гродзенскай гарадской арганізацый, ППА, якія выходзяць на Гродзенскі абласны камітэт галіновага прафсаюза, за красавік выдзелена на набыццё сродкаў засцярогі і іншыя мэты 18 430,43 руб., на аказанне матэрыяльнай дапамогі — 4 833,26 руб.
Закуплены сродкі абеззаражвання для ўсяго калектыву работнікаў (140 чалавек) Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы, аказана матэрыяльная дапамога супрацоўнікам у сувязі з лячэннем у стацыянары і ў сувязі з выхаваннем дзіцяці-інваліда.
Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі Гродна набываюць дэзынфіцыруючыя сродкі, пальчаткі, маскі, прылады для дазіравання для дзіцячых садоў №№ 95, 57, 70, 71, 105, 56, 28, школ №№ 34, 36, 13, 11, 15 і інш. Аказана матэрыяльная дапамога ветэранам працы для набыцця сродкаў засцярогі. Прафкамы арганізавалі маніторынг і аператыўную сувязь з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і працы, непрацуючымі пенсіянерамі і інвалідамі для своечасовага аказання ім неабходнай дапамогі: забеспячэння прадуктамі харчавання, лекамі.
Сабраць, вырабіць, перадаць
На Бабруйскім заводзе біятэхналогій НАН Беларусі, што ў Магілёўскай вобласці, забяспечана поўная занятасць: разумеючы ўсю складанасць сітуацыі, усе — ад рабочых да інжынерна-тэхнічных работнікаў — працуюць кругласутачна. Завод выпускае антысептычны гель для рук, распрацаваны ў 2015 годзе.
Усяго за некалькі тыдняў на заводзе наладзілі вытворчасць і навучылі персанал, цяпер лінія працуе на поўную магутнасць. У суткі завод выпускае 7 тысяч літровых флаконаў гэтай прадукцыі. У яе складзе 65% этылавага спірту, які з’яўляецца асноўным дзеючым рэчывам для знішчэння мікробаў і вірусаў, сярод дабавак — гліцэрына, загушчальнік і парфумерны складнік.
Акрамя закупкі сродкаў засцярогі, многія арганізацыі асвоілі пашыў масак уласнымі сіламі. Так, Каменская дапаможная школа-інтэрнат вырабіла 500 масак для медыкаў 2-й паліклінікі Бабруйска (даныя на 20 красавіка). Акрамя масак, цэнтр творчасці “Эверэст” Магілёва распрацаваў лякалы для пашыву ахоўных касцюмаў, пашыты касцюмы для 5-й паліклінікі.
У пярвічных прафсаюзных арганізацыях сфарміраваны спісы найбольш уразлівай катэгорыі работнікаў, якім па іх просьбе аказваецца адрасная дапамога ў выглядзе матэрыяльных выплат і закупкі харчовых пакетаў. Створаны валанцёрскія групы, якія наведваюць пенсіянераў.
Работнікі Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, як і іншыя іх калегі, далучыліся да акцыі “Справімся разам!” для падтрымкі работнікаў арганізацый аховы здароўя, якія ўдзельнічаюць у аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з захворваннем COVID-19.
З прафсаюзнага бюджэту пералічаны сродкі Рэспубліканскаму камітэту прафсаюза работнікаў аховы здароўя, аказана дапамога ўнітарнаму прадпрыемству “Брэсттурыст”, спонсарская дапамога для набыцця сродкаў дэзынфекцыі і сродкаў гігіены Кобрынскаму раённаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру, Брэсцкай СДЮШАР прафсаюзаў па акрабатыцы і бадмінтоне, набыты дэзынфіцыруючыя сродкі і сродкі гігіены (пальчаткі, маскі, сродкі для рук).
На дабрачынны рахунак Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя па даных на 20-я чыслы красавіка пералічана 1014,3 руб.
Віцебскі абкам галіновага прафсаюза перадаў маскі дзіцячаму дому Віцебска, Сенненскай школе-інтэрнату для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Грашовыя сродкі пералічаны ў фонд пры прафсаюзе аховы здароўя ў рамках акцыі “Справімся разам!”.
Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі арганізавалі пашыў ахоўных касцюмаў для медыцынскіх работнікаў. Так, Дубровенскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі пашыў ахоўныя касцюмы для супрацоўнікаў Дубровенскай цэнтральнай бальніцы.
У кожнай пярвічцы Мінскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі (1149 ППА), згодна з каштарысам даходаў і выдаткаў прафсаюзнага бюджэту, запланаваны фонд дапамогі. За кошт сродкаў фонду забяспечваецца першачарговае аказанне матэрыяльнай дапамогі членам прафсаюза ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам, хваробай, лячэннем, аплатай медыцынскага абслугоўвання ў лячэбных установах, а таксама набыццём дэзынфіцыруючых і абеззаражвальных сродкаў, сродкаў аховы органаў дыхання і інш. Члены галіновага прафсаюза Мінскай вобласці на дабрачынны рахунак БРК прафсаюза аховы здароўя пералічылі больш як 10 000 руб.
Маладзечанская раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі прыняла ўдзел у дабрачыннай акцыі “Мы з вамі! Дзякуй за працу!” шляхам пералічэння грашовых сродкаў на дабрачынны рахунак Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы. Не менш актыўныя і іншыя прафсаюзныя арганізацыі вобласці.
З 1 да 20 красавіка Мінская гарадская арганізацыя прафсаюза закупіла 26 049 штук ахоўных масак для твару, 1077 літраў змываючых і абеззаражвальных сродкаў, 10 450 пар пальчатак, 6380 штук антыбактэрыяльнага гелю для рук, у тым ліку гаркам прафсаюза перадаў у Мінсксанаўтатранс 900 масак, ППА камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама — 100 масак, 10 літраў антыбактэрыяльнага гелю для рук.
Гарадскі прафсаюз аказаў матэрыяльную дапамогу, закупіў прадуктовыя наборы 17 ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і ветэранам працы.
Навукоўцы і студэнты
У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі стварылі свой аператыўны штаб па барацьбе з пагрозай распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, у які ўвайшлі прафсаюзныя актывісты. Яго мэта — правядзенне шырокай растлумачальнай работы ў працоўных калектывах па пытаннях дыягностыкі, лячэння і папярэджання захворвання, а таксама правядзенне комплексу супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Паказальны прыклад актывістаў Інстытута парашковай металургіі, дзе ёсць пацверджаныя выпадкі COVID-19, якія добраахвотна стварылі “санітарнае звяно” і штодня дэзынфіцыруюць інстытуцкія памяшканні.
У кожнай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сродкі прафсаюзнага бюджэту перанакіраваны ў прафсаюзную касу ўзаемадапамогі. Прафсаюзныя арганізацыі адмовіліся ад непершарадных выдаткаў і перанакіроўваюць усе вызваленыя сродкі на аказанне дапамогі тым членам прафсаюза, якія апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, таксама пярвічкі актыўна ўдзельнічаюць у акцыі ФПБ “Мы справімся!”.
Аб’яднаная галіновая прафсаюзная арганізацыі работнікаў НАН Беларусі набыла для членаў прафсаюза ахоўныя сродкі (антысептыкі, маскі і інш.), аказала матэрыяльную дапамогу некалькім дзясяткам чалавек. Для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і прафсаюзнага актыву аб’яднаны прафкам набыў сродкі для аховы органаў дыхання.
Не адстаюць і студэнты. Так, у БНТУ адзін з ключавых кірункаў — гэта забеспячэнне студэнтаў і навучэнцаў філіялаў БНТУ сродкамі індывідуальнай засцярогі (шматразовымі маскамі, аднаразовымі пальчаткамі, дэзсродкам для рук). На набыццё сродкаў індывідуальнай засцярогі было выдзелена з прафсаюзнага бюджэту больш за 13 тысяч руб. Таксама не варта забываць пра матэрыяльную дапамогу членам прафсаюза, якая аказваецца штомесяц больш чым па 10 падставах.
Пярвічка ў БДУ арганізавала размяшчэнне ў прафсаюзных сацыяльных сетках інфармацыі пра комплекс мер для забеспячэння бесперапыннага адукацыйнага працэсу ва ўніверсітэце і прафілактыкі распаўсюджвання вірусных інфекцый, у тым ліку каранавіруснай інфекцыі, рэкамендацый, памятак па прафілактыцы інфекцыі, рэкамендацый па сацыяльным дыстанцыяванні, правілах карыстання медыцынскай маскай і інш., парад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Сходы прафсаюзнага камітэта студэнтаў БДУ, камісій прафсаюзнага камітэта студэнтаў універсітэта праходзяць дыстанцыйна, з выкарыстаннем сродкаў сувязі і сэрвісаў у анлайн-рэжыме, не патрабуюць асабістай прысутнасці прафсаюзнага актыву (выкарыстоўваюцца платформа ZOOM, Viber-чат з канферэнц-сувяззю, канферэнц-сувязь ва “УКантакце”, Skype і інш.).
У адпаведнасці з Палажэннем аб фондзе дапамогі навучэнцам пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта аказана матэрыяльная дапамога 34 навучэнцам — членам прафсаюза ў суме 3705,58 руб. (на 20 красавіка).
Матэрыяльная дапамога з фонду аказана студэнтам, якія ў складзе валанцёрскага атрада ў сакавіку ажыццяўлялі работы ў небяспечных умовах па тэхнічнай уборцы інтэрнатаў БДУ ў перыяд выяўлення віруснай інфекцыі на суму 2100 руб.
Прафсаюзная арганізацыя студэнтаў універсітэта прыняла ўдзел у рэалізацыі дабрачыннага праекта “Чердачник” у дапамогу Рэспубліканскаму клінічнаму шпіталю інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава для набыцця неабходнага абсталявання, сродкаў засцярогі і лекаў у барацьбе з COVID-19 #Беларусьбезcovid.
Безумоўна, гэты пералік зробленага прафсаюзам і яго структурнымі часткамі далёка не поўны, да таго ж ён штодзень пашыраецца — у кожным рэгіёне, у кожнай пярвічцы. Няхай зараз людзям і варта прытрымлівацца фізічнай дыстанцыі, ніколі не варта забываць, што разам з любой напасцю змагацца лягчэй.
Падрыхтавала Марына ХІДДЖАЗ.
Фота прадаставіў Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі.