Якія выплаты прадугледжаны для маладога спецыяліста, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Грашовая дапамога ў памеры месячнай стыпендыі
На працягу месяца з дня прыбыцця ў арганізацыю выплачваецца грашовая дапамога ў памеры месячнай стыпендыі, прызначанай студэнту ў апошнім перад выпускам семестры. Калі ён яе не атрымліваў, выплата будзе разлічана зыходзячы з памераў сацыяльнай стыпендыі.
Стымулюючыя выплаты
На працягу тэрміну абавязковай работы ўстанаўліваюцца стымулюючыя выплаты выпускнікам вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў, якія прыбылі на работу ў бюджэтныя арганізацыі, падначаленыя і якія адносяцца да сферы дзейнасці міністэрстваў:
- адукацыі і культуры — у памеры ад 20 да 45 працэнтаў ад акладу;
- спорту і турызму — ад 10 да 50 працэнтаў ад акладу;
- аховы здароўя — ад 20 да 50 працэнтаў ад акладу;
- працы і сацыяльнай абароны — 10 працэнтаў ад акладу.
Аднаразовая дапамога пры ўмове фактычнага
пераезду ў іншую мясцовасць
Выплачваецца ў памеры месячнай тарыфнай стаўкі (тарыфнага акладу), акладу, службовага акладу па новым месцы работы на самога выпускніка і на кожнага члена сям’і, які пераязджае, у памеры адной чацвёртай дапамогі на самога работніка (выпускніка).
Прадугледжана гэтая дапамога пры ўмове, што пасля размеркавання на работу выпускнік прыехаў у населены пункт, які не з’яўляўся месцам яго жыхарства да паступлення ва ўстанову адукацыі.
Выхавальніца дзіцячага сада № 2 Клічава Вікторыя Міхалап распачынае шлях у прафесію пасля мэтавага навучання. Дзяўчына рыхтуецца да працоўных будняў
Пры гэтым таксама пакрываюцца:
- кошт праезду выпускніка і членаў яго сям’і (муж, жонка, дзеці і бацькі мужа і жонкі, якія знаходзяцца на іх утрыманні і пражываюць разам з імі) на тых жа ўмовах, што і пры накіраванні работніка ў службовую камандзіроўку;
- выдаткі па правозе маёмасці чыгуначным, водным і аўтамабільным транспартам (агульнага карыстання) у колькасці да 500 кілаграмаў на самога работніка (выпускніка) і да 150 кілаграмаў на кожнага члена сям’і, які пераязджае (па пагадненні бакоў могуць быць аплачаны выдаткі па правозе большай колькасці маёмасці);
- сутачныя за кожны дзень знаходжання ў дарозе ў адпаведнасці з заканадаўствам аб службовых камандзіроўках.
Грашовая дапамога на наём жылля
Абавязковымі гэтыя выплаты не з’яўляюцца. Калі наймальнік прымае такое рашэнне, то самастойна вызначае іх памер, а таксама парадак і ўмовы кампенсацыі.
Да ўвагі! У маладых спецыялістаў ёсць магчымасць атрымання льготнага крэдыту на набыццё спажывецкіх тавараў беларускай вытворчасці.
Па матэрыялах сайта Міністэрства працы і сацыяльнай абароны
падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ