Мацярынская школа: карысна і дзецям, і бацькам

- 14:09Навіны рэгіёнаў
На занятках у мацярынскай школе

У яслях-садзе № 5 горада Івацэвічы Брэсцкай вобласці  пачала працаваць мацярынская школа для дзяцей ад 1,5 да 2 гадоў, якія не наведваюць дашкольную ўстанову.

— Асноўная мэта мацярынскай школы — псіхолага-педагагічная асвета маладых бацькоў і забеспячэнне псіхалагічнага здароўя будучых выхаванцаў нашай установы, — расказала загадчыца ясляў-сада Р.М.Баранава. — На занятках у мацярынскай школе педагогі знаёмяць маладых бацькоў з узроставай псіхалогіяй, асаблівасцямі развіцця і выхавання дзяцей, навучаюць практычным прыёмам і метадам выхавання, навучання і аздараўлення дзяцей, аказваюць псіхалагічную дапамогу малышам у перыяд адаптацыі да ўмоў дашкольнай установы.

На занятках у мацярынскай школе Мацярынская школа ў яслях-садзе працуе па мадэлі кароткачасовага знаходжання дзяцей і іх бацькоў у спалучэнні з атрыманнем кансультацыйнай дапамогі. Асноўная форма работы — індывідуальныя заняткі і заняткі ў невялікіх падгрупах.
Група сумеснага знаходжання дзяцей і бацькоў працуе адзін раз у тыдзень на працягу 1—1,5 гадзіны ў залежнасці ад патрэб бацькоў. З дзецьмі займаюцца педагог-псіхолаг, музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання, выхавальнікі і медыцынскі работнік.
З мэтай вывучэння запытаў бацькоў і больш блізкага знаёмства з сем’ямі, вызначэння ўзроўню педагагічнай культуры бацькоў, іх кампетэнтнасці ў пытаннях фізкультурна-аздараўленчай работы з дзецьмі былі праведзены анкетаванне і бліц-апытанне, вынікі якіх дапамаглі вызначыць тэматыку індывідуальных і падгрупавых кансультацый.
— Мы ўпэўнены, што заняткі ў мацярынскай школе дапамогуць бацькам арганізаваць правільнае выхаванне дзяцей, якое будзе садзейнічаць іх усебаковаму развіццю, — адзначыла Р.М.Баранава.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

hryshkevich@ng-press.by