Матуліны лёсы, матуліны слёзы

Папулярны тэрмін “выхаванне бацькоў” прадугледжвае далучэнне татаў і мам вучняў да сумеснай дзейнасці з цэнтрам дадатковай адукацыі, школай, іншай арганізацыяй для пашырэння педагагічнага поля і выхаваўчай прасторы сям’і. Мэтанакіраваная работа ў гэтым кірунку вядзецца музеем “Маці і лёсы” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна, які ажыццяўляе сваю дзейнасць на базе падлеткавага клуба па месцы жыхарства № 1 “Іскрынка”.

А пачыналася ўсё восем гадоў назад з музейнага пакоя. На той момант у Гродне пражывала больш за 50 жанчын, сыны якіх загінулі ў мірны час пры выкананні воінскага і службовага абавязку. Гэтыя жанчыны, маці і жонкі, як ніхто іншы, мелі патрэбу ў жывых зносінах, увазе і клопаце. Усю работу па падборы матэрыялу і афармленні экспазіцыі музейнага пакоя “Доблесць. Гонар. Слава” выканалі навучэнцы нашага цэнтра. Больш за сотню экспанатаў перадалі ў музейны пакой родныя і блізкія загінуўшых маладых людзей: сачыненні, малюнкі, вершы, напісаныя ў школьныя гады, лісты з арміі, публікацыі ў прэсе, фатаграфіі, знакі воінскага адрознення, фуражку, кіцель, граматы. Адкрыццё музейнага пакоя адбылося ў 2007 годзе напярэдадні Дня маці пры ўдзеле прадстаўнікоў Гродзенскага гарвыканкама, абласнога камітэта салдацкіх маці. 27 красавіка 2010 года музейнаму пакою быў прысвоены статус музея.Разам з абласным камітэтам салдацкіх маці, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага гарвыканкама, ГА “Белая Русь”, аддзелам адукацыі, спорту і турызму і адміністрацыяй Ленінскага раёна Гродна наш цэнтр праводзіць для гэтых жанчын калядныя і велікодныя сустрэчы, мерапрыемствы да Дня маці і Дня жанчын. Традыцыйным стаў урачысты прыём вучняў у БРПА. Частыя госці — ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і грамадскія дзеячы горада. Ладзяцца і мерапрыемствы, накіраваныя на вывучэнне гераічных старонак гісторыі малой радзімы, баявых і працоўных подзвігаў землякоў, партызанскага руху ў Беларусі, укладу беларускага народа ў перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта інфармацыйныя гадзіны, тэматычныя экскурсіі, брэйн-рынг, прававы часопіс, літаратурная старонка, вернісаж малюнкаў.
У 2009 годзе была створана другая экспазіцыя “Люстэрка мамінай душы”, якая расказвае пра ўзмацненне ролі сям’і, павышэнне статусу мнагадзетнай сям’і. Матэрыялы экспазіцыі — стэнды з інфармацыяй пра сям’ю Шчука, у якой выхоўваецца 9 дзяцей; пра жанчын, узнагароджаных ордэнам Маці; пра сем’і, якія сталі фіналістамі конкурсу на лепшую мнагадзетную сям’ю Ленінскага раёна Гродна. Двойчы на год (да Дня маці і Дня сям’і) ладзяцца творчыя выставы мнагадзетных сем’яў. Тут можна азнаёміцца з кошыкамі, лялькамі, абрусамі, вязанымі сурвэткамі, упрыгажэннямі з пацерак — адным словам з тым, што захапляе дзяцей і дарослых, дае падставу ганарыцца сваімі роднымі.Музей не застаецца ў баку ад развіцця інфармацыйных тэхналогій. На сайце “Спектра” плануецца стварыць віртуальны музей “Маці і лёсы”, дзе кожны наведвальнік зможа азнаёміцца ў рэжыме анлайн з усімі экспанатамі, убачыць відэасюжэты з музейных мерапрыемстваў.

Марыя РУДАЯ,
кіраўнік музея, загадчык аддзялення дадатковай адукацыі
падлеткавага клуба № 1 “Іскрынка”.