Матуліны напевы

- 13:28Адукацыйная прастора

Даследчы праект “Матуліны напевы”, над якім працуюць вучні гімназіі Мсціслава пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алены Алегаўны Ешчанка, пашырае свае межы і робіць першыя асветніцкія крокі. Выпушчаны каляндар з калыханкамі і аўтарскімі малюнкамі да іх стаў своеасаблівым сімвалам Года малой радзімы.

— У апошнія гады ў нашым грамадстве абудзілася цікавасць да культуры продкаў, — расказвае Алена Алегаўна. — Многія зараз імкнуцца адрадзіць і захаваць народныя традыцыі, абрады. На ўроках беларускай літаратуры мы неаднойчы знаёміліся з народнымі песнямі, але, на мой погляд, недастаткова. Аднойчы я вырашыла праспяваць сваім вучням некалькі калыханак, якія захаваліся ў маёй памяці з дзяцінства. Так абудзілася цікавасць у навучэнкі 11 класа Таццяны Дубікоўскай, якая зрабіла малюнкі да іх. Потым дзесяцікласніца Валерыя Майсеенка пачала збіраць і запісваць калыханкі, якія ёсць на Мсціслаўшчыне. Гэта і стала пачаткам нашага цікавага праекта “Матуліны напевы”.

Нельга не згадзіцца з тым, што веданне твораў фальклору — паказчык узроўню агульнага развіцця чалавека, яго культуры. На жаль, многія вучні не ведаюць дзіцячых калыханак на беларускай мове. Школьная праграма прадугледжвае знаёмства з беларускімі народнымі песнямі, але калыханкі асобна не вывучаюцца. Аднак іх тэксты захоўваюцца ў генетычнай памяці беларусаў і лёгка ўзнаўляюцца дзякуючы простым вобразам і кампазіцыі.

Калыханкі з’яўляюцца часткай фальклору, адлюстраваннем народных звычаяў. Вобразы, створаныя народнай фантазіяй, дапамагаюць пазнаёміць дзяцей з навакольным светам. Лексічныя, марфалагічныя, словаўтваральныя і сінтаксічныя асаблівасці тэкстаў накіраваны на стварэнне спецыфічнага рытму, які дапамагае закалыхаць дзіця.

Варыянтаў калыханак вельмі многа. Кожная маці, спяваючы калыханку, дадае нешта сваё, мяняючы тэкст і ўтвараючы новы варыянт.

— Многія фалькларысты збіралі, запісвалі тэксты калыханак, — гаворыць навучэнка 11 класа Таццяна Дубікоўская. — Цікавым адкрыццём стала тое, што наш знакаміты зямляк Максім Гарэцкі, беларускі пісьменнік і фалькларыст, запісваў калыханкі ад сваёй маці. Да тэкстаў калыханак савецкі кампазітар Аляксандр Ягораў падабраў мелодыі. Яны ўвайшлі ў склад зборніка “Песні”. Таксама збіралі калыханкі не менш вядомыя нашы землякі Іван Насовіч і Георгій Юрчанка. Дзякуючы запісам фалькларыстаў, калыханкі захаваліся да нашых дзён. Вельмі добра, што мы маем магчымасць іх вывучаць і спяваць.

Безумоўна, калыханкі на роднай мове гучаць натуральна, яны лёгка запамінаюцца. Пачуеш першыя радкі — і ў памяці сама сабой узнаўляецца ўся калыханка, якую ты чуў калісьці ад матулі. Іх тэксты выклікаюць цікавасць не толькі ў простых людзей, але і ў творцаў, з’яўляюцца крыніцай натхнення мастакоў.

Такія праекты спрыяюць больш шырокаму распаўсюджванню беларускага фальклору і даюць магчымасць выкарыстоўваць матэрыялы не толькі на ўроках беларускай літаратуры, класных гадзінах, але і ў штодзённым жыцці.

Наталля ПРАТАСЕВІЧ,
кіраўнік навуковага аб’яднання “Гімназіст” гімназіі Мсціслава.
Фота аўтара.