Матылёк як сімвал

- 11:29Навіны рэгіёнаў

У Гомельскім гарадскім нацыянальным дзіцячым садзе — школе № 68 “Аціква” адбыўся двухдзённы семінар для педагогаў устаноў адукацыі краіны, дзе вядзецца работа па выкладанні мовы нацыянальнай меншасці — іўрыту — і нацыянальным выхаванні на аснове беларускай і яўрэйскай культур.

Да ўдзелу ў семінары таксама былі запрошаны педагогі, якія працуюць у сістэме нефармальнай яўрэйскай адукацыі ў суполках Беларусі. На адкрытых тэматычных занятках настаўнікі Гомельскага ВПК прадэманстравалі сучасныя формы і метады работы з дзецьмі рознага ўзросту, прэзентавалі работу ўстановы.

Другі дзень семінара быў прысвечаны выключна мерапрыемствам, якія настаўнікі і выхавальнікі арганізоўвалі разам з дзецьмі, а таксама майстар-класам педагогаў.

У рамках семінара адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы плакатаў, якая стала часткай праекта “Матылёк. Дзеці Халакосту”, створанага пры падтрымцы праграмы “Халакост і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый”, Мемарыяльнага музея Халакосту ў Х’юстане і пры садзейнічанні Прадстаўніцтва ААН у Беларусі.

— Праект створаны ў памяць аб 1,5 мільёна дзяцей, якія загінулі ў гады Халакосту, — тлумачыць дырэктар установы Наталля Краўчанка. — Выстава носіць асветніцкі характар, паколькі нават зараз, праз шмат гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, існуе антысемітызм. Адкрываючы яе, мы ставілі мэтай далучыць новае пакаленне маладых людзей да захавання памяці аб загінуўшых і адначасова прывіць ім веды аб важнасці выканання правоў чалавека.

Дарэчы, да ўдзелу ў праекце “Матылёк. Дзеці Халакосту” далучыліся не толькі вучні і выхаванцы гарадскога нацыянальнага вучэбна-педагагічнага комплексу, але і навучэнцы розных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі абласнога цэнтра.

Пры наведванні выставы кожны ўдзельнік семінара атрымліваў у падарунак матылька, вырабленага дзецьмі з каляровай паперы, які павінен служыць сімвалам суперажывання і надзеі, сацыяльнай адказнасці і павагі да этнічнай разнастайнасці.

Наталля ЛУТЧАНКА.