Матыватар для педагогаў і вучняў

З чаго пачынаецца школа? Вы не памыліцеся, калі скажаце, што любая школа пачынаецца з дырэктара. Менавіта дырэктар падобны да рэжысёра, які ставіць спектакль, хаця сам часам не з’яўляецца на сцэне. Яго роля больш творчая, чым адміністрацыйная. Яго ўпэўненасць у поспеху акрыляе і зараджае аптымізмам, прымушае паверыць у свае сілы.

Цвёрдасць, дысцыпліна, уменне хутка пры­маць правільныя кіраўніцкія рашэнні — усё гэта нельга назваць цалкам жаночымі якасцямі. Аднак менавіта такія здольнасці сапраўднага кіраўніка дазволілі дабіцца поспеху і заваяваць прызнанне і павагу ў педагогаў, бацькоў і навучэнцаў.

Дырэктар Наталля Валяр’янаўна Валынец многа гадоў назад вырашыла ­стаць настаўнікам. Яе мара ажыццявілася пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага. І яна стала не проста настаўнікам, а настаўнікам, які пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства, свой педагагічны талент. А 20 гадоў назад Наталлі Валяр’янаўне даверылі новую школу — школу № 14 Наваполацка. З той пары яна нязменны лідар, а школа з кожным годам становіцца прыгажэйшай і лепшай.

Двадцаць гадоў — гэта многа ці мала? Напэўна, для любога чалавека гэта не проста перыяд у жыцці, а вялікі шлях, поўны ўзлётаў і падзенняў, радасцей і нягод, перамог і няўдач. Але што значыць для нашага кіраўніка школы гэты прамежак часу? Гэта пастаянная і мэтанакіраваная работа па выхаванні дзяцей, самаўдасканаленні і фарміраванні адзінай адукацыйнай прасторы.

Без перабольшання можна сказаць, што школа для нашага дырэктара — гэта яе жыццё, яе прызванне. З пачатку кіраўніцтва Наталля Валяр’янаўна будавала сваю школу, праяўляла сваё майстэрства і найлепшыя якасці адміністратара, што дазволіла педагагічнаму калектыву вырасці згуртаванай камандай, здольнай вырашаць любыя пытанні навучання і выхавання падрастаючага пакалення.

Працуючы пад кіраўніцтвам Наталлі Валяр’янаўны, настаўнікі становяцца прафесіяналамі ў сваёй справе. Зносіны з такім дырэктарам вучаць многаму: яна шчодра дзеліцца сваімі ідэямі, дапамагае настаўнікам стаць сапраўднымі педагогамі, мудрымі і цярплівымі ў сваёй прафесіі. Наталля Валяр’янаўна ўмела арганізоўвае адукацыйны працэс, правільна ажыццяўляе кіраўніцтва педагагічным калектывам, эфектыўна прымяняе розныя метады матывацыі калектыву.

І так ужо дваццаць гадоў. Жыццё рухаецца па адным і тым жа коле, але ў ім ёсць свой сэнс. Выдатныя арганізатарскія здольнасці, веданне псіхалогіі людзей дапамагаюць Наталлі Валяр’янаўне захапіць педагагічны калектыў агульнай справай. Яна не баіцца ўкараняць новае ў адукацыйны працэс, таму навучальная ўстанова паспяхова асвойвае новыя педагагічныя тэхналогіі, ­удзельнічае ў розных адукацыйных і творчых праектах. Пры гэтым Наталля Валяр’янаўна стараецца, каб лепшыя традыцыі школы абавязкова захоўваліся.

Душэўнасць і прастата — яе адметныя асаблівасці. Камунікабельнасць дырэктара, уменне мець зносіны, прыязнасць выклікаюць шчырую павагу ў тых, з кім ёй даводзіцца працаваць. Яна валодае нязгасным маральным імпульсам, над­звычайным адчуваннем новага, умее бачыць гэтае новае ў мностве розных сітуацый і заўсёды гатова дапамагчы маладым.

Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Гэтыя словы маюць самае непасрэднае дачыненне да дырэктара нашай школы. Гаварыць пра гэтага чалавека можна бясконца. Так, яна можа быць жорсткай, але толькі па заслугах (без гэтага ж нельга ніводнаму кіраўніку). Так, не бывае людзей без недахопаў, але калі ўжо мерка­ваць пра чалавека, то правільна было б пакласці на шалі і доб­рыя якасці, і недахопы. Толькі тады можна атрымаць рэальную карціну, рэальны партрэт чалавека. Ці не праўда? Важна не быць абыякавым да сваёй работы. Душой хварэць за ўсё на свеце, ва ўсё ўнікаць. Тады твой настрой як кіраўніка адчуваюць і дзеці, і настаўнікі.

Наталля Валяр’янаўна ­ўзнагароджана граматамі гарадскога выканаўчага камітэта, Савета дэпутатаў, Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.

Вельмі тонка і трапна пра настаўніка сказаў вядомы пісьменнік Сіман Салавейчык: “Ён артыст, але яго слухачы і гледачы не апладзіруюць яму. Ён скульптар, але яго працу ніхто не бачыць. Ён урач, але пацыенты рэдка дзякуюць яму за лячэнне і далёка не заўсёды хочуць лячыцца. Дзе ж яму ўзяць сілы для штодзённага натхнення? Толькі ў самім сабе, толькі ва ўсведамленні велічы сваёй справы”. Гэтыя словы найлепшым чынам характарызуюць Наталлю Валяр’янаўну.

Ірына ГРЫНЁВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 14 Наваполацка.