Матывацыі не займаць

- 10:37World Skills, Апошнія запісы

Паралельна з правядзеннем чэмпіянату свету ў Казані працягваюцца дзелавыя і сяброўскія сустрэчы паміж прадстаўнікамі адукацыі розных краін свету. Наша дэлегацыя гэтымі днямі працягвала сустракацца з расійскімі калегамі, абмяркоўваць значнасць правядзення чэмпіянатаў WorldSkills, развіцця супрацоўніцтва ў галіне адукацыі з іншымі краінамі і ў тым ліку з Расійскай Федэрацыяй.

Рэктар Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта І.В.Войтаў адзначыў, што ўніверсітэт вельмі цесна кантактуе з навучальнымі ўстановамі Казані, у прыватнасці з універсітэтам тэхналагічнага профілю. Сумесна рэалізуецца шмат навукова-даследчых праектаў, якія тычацца развіцця лясной гаспадаркі, праводзіцца абмен выкладчыкамі і студэнтамі. Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт удзельнічаў у расійскім праекце, які быў прысвечаны выданню падручнікаў тэхналагічнага профілю новага пакалення. Таксама ўніверсітэт вядзе супрацоўніцтва з казанскімі навучальнымі ўстановамі і прадпрыемствамі па нафтахімічным кірунку, у тым ліку і па здабычы нафты. Развіццё гэтага кірунку мае вялікае дзяржаўнае значэнне і звязана з забеспячэннем нафтавымі прадуктамі нашай краіны. Ігар Вітальевіч паведаміў, што ў час знаходжання беларускай дэлегацыі ў Казані плануецца падпісанне дагавораў з Казанскім федэральным універсітэтам і Казанскім аграрным універсітэтам. Заключэнне гэтых дакументаў будзе звязана з развіццём лясной гаспадаркі, у чым беларускі ўніверсітэт мае істотны вопыт і гатовы падзяліцца з расійскімі калегамі. Ігар Вітальевіч Войтаў не абмінуў тэму дня — правядзенне сусветнага чэмпіянату WorldSkills, у якім удзельнічаюць выхаванцы ўніверсітэта. Увогуле, студэнты ўніверсітэта маюць вялікія заслугі ў нацыянальных і міжнародных чэмпіянатах у цяслярскай і сталярнай справе. Таксама ва ўніверсітэце сфарміравана экспертная група з ліку выкладчыкаў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку канкурсантаў па шэрагу кампетэнцый дрэваапрацоўчай прамысловасці.

— Я прыехаў падтрымаць сваіх студэнтаў на чэмпіянаце ў Казані, якія выступаюць у трох кампетэнцыях: хлебапячэнне, кулінарнае майстэрства, рэстаранны сэрвіс, — падключыўся да размовы М.А.Кіркор, рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. — Па ўсіх гэтых кампетэнцыях нашы студэнты паказваюць вельмі добрыя вынікі і праславіліся на нацыянальных і міжнародных спаборніцтвах. Мы ствараем для прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў самыя спрыяльныя ўмовы, каб яны станавіліся прафесіяналамі міжнароднага ўзору.

Максім Аляксандравіч паведаміў, што ва ўніверсітэце збіраюцца пашыраць маштабы руху WorldSkills з улікам пажаданняў саміх студэнтаў. У найбліжэйшы час будзе развівацца падрыхтоўка па іншых кампетэнцыях. На гэты раз рэктар магілёўскага ўніверсітэта збіраецца падпісаць дагавор аб супрацоўніцтве з Казанскім аграрным універсітэтам, у якім будуць пераважаць пункты па акадэмічнай мабільнасці студэнтаў двух універсітэтаў па спецыяльнасці перапрацоўкі харчовай сыравіны.

— Наш універсітэт мае істотныя здабыткі ў развіцці харчовай прамысловасці і гатовы ўдасканальваць сваю дзейнасць пры ўзаемадзеянні з іншымі ўніверсітэтамі. Максім Аляксандравіч высока ацаніў рух WorldSkills, які прадастаўляе магчымасці развіваць у прафесійнай падрыхтоўцы практычны складнік, матываваць моладзь да прафесійнага майстэрства і тым самым узнімаць на больш высокую ступень прафесійную адукацыю ў нашай краіне.

П.В.Огер, намеснік генеральнага дырэктара Мінскага завода колавых цягачоў, падкрэсліў значнасць цесных кантактаў з установамі прафесійнай адукацыі па падрыхтоўцы кадраў. Гэты завод з кожным годам пацвярджае менавіта такія адносіны з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі і выступае яго надзейным партнёрам у развіцці руху WorldSkills.

— Гэты чэмпіянат — выдатнае адлюстраванне таго, які спецыяліст патрэбен сёння нашай вытворчасці, — адзначыў Павел Віктаравіч. — Яшчэ адзін плюс такіх спаборніцтваў — выкарыстанне вопыту замежных краін у развіцці прафесійнай падрыхтоўкі, рэалізацыя міжнародных тэндэнцый. І, безумоўна, цесная сувязь адукацыі і вытворчасці. Таму наш завод і далей будзе актыўна ўдзельнічаць у прафесійнай падрыхтоўцы кадраў для нашай эканомікі.

Дэкан машынабудаўнічага факультэта БНТУ А.І.Сафонаў паведаміў, што машынабудаўнічы факультэт універсітэта выступае лідарам у спаборніцтвах WorldSkills, і студэнты ўніверсітэта выдатна выступаюць у розных кампетэнцыях чэмпіянатаў нацыянальнага і сусветнага ўзроўняў.

— Яшчэ нядаўна гэты рух лічыўся прэрагатывай прафесійна-тэхнічнай школы, і, па сутнасці, яна была першапраходцам у развіцці WorldSkills у нашай краіне, — адзначыў Андрэй Іванавіч. — Але ж, як пакавае час, гэты рух патрэбен вышэйшай адукацыі як матывацыйны стрыжань для падрыхтоўкі сучаснага інжынера. WorldSkills дазваляе спалучыць тэорыю, практыку, навуку і тым самым выйсці ў падрыхтоўцы спецыялістаў на максімальны вынік.

Афіцыйны партнёр кампаніі Festool В.В.Казак расказаў, што арганізацыя  цесна супрацоўнічае з навучальнымі ўстановамі па ўкараненні новых сучасных тэхналогій у дрэваапрацоўчай прамысловасці і непасрэдна ў вырабе мэблі. Акрамя таго, праводзяцца вучэбныя семінары, скіраваныя на апераджальную падрыхтоўку кадраў, укараненне інавацыйных методык. У рабоце гэтай кампаніі выпрацоўваюцца новыя падыходы ў прафарыентацыйнай рабоце сярод моладзі з улікам міжнародных тэндэнцый, якія прадастаўляе WorldSkills.

Ала КЛЮЙКО, Казань.
Фота аўтара.