Матывацыйны менеджмент кіраўніка

- 11:02Людзі адукацыі

“Сапраўднай формулай поспеху кіраўніка, на мой погляд, з’яўляецца прафесійна выбудаваны матывацыйны менеджмент, — лічыць загадчык ясляў-сада № 239 Мінска Таццяна Аляксандраўна Кузьміч. — А гэта і фарміраванне каманды аднадумцаў, і ўменне ствараць умовы для яе паспяховай і выніковай работы, калі кожны супрацоўнік мае магчымасць для самарэалізацыі ў працэсе дасягнення сумесна вызначаных мэт”.

Таццяна Кузьміч — з сям’і педагогаў. З адзнакай у 1992 годзе скончыла Мінскае педагагічнае вучылішча № 2 па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”, у 2000 годзе — БДУ па спецыяльнасці “Практычная псіхалогія”, таксама з адзнакай. Паспявала вучыцца і займацца выхаваннем дзвюх дачок. Яе педагагічны шлях пачаўся з пасады педагога-псіхолага, затым стала намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці. Пасля была вучоба ў АПА па спецыяльнасці “Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, пазашкольнага выхавання і навучання”. У 2009 годзе Таццяна Кузьміч узначаліла яслі-сад № 239 Мінска.

Стаўшы кіраўніком, Таццяна Аляксандраўна ў душы засталася педагогам. І педагагічную функцыю рэалізуе спаўна, працуючы з моладдзю, прымаючы ўдзел у прафесійных конкурсах. У 2015 і 2018 гадах Таццяна Кузьміч стала ўладальнікам прэміі Мінгарвыканкама. Яна перамагала ў Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” (2015 год), гарадскім інтэрнэт-конкурсе “Лепшы сайт устаноў адукацыі Мінска” (1-е месца, 2016 год), гарадскім вочна-дыстанцыйным конкурсе “Адукацыйныя інтэрнэт-гарызонты ў намінацыі “Афіцыйны сайт як эфектыўны рэсурс выхаваўчай работы” (1-е месца) і ў намінацыі “Лепшы тэматычны сайт” (1-е месца, 2017 год), дыстанцыйным конкурсе “Лепшы сайт установы адукацыі” з міжнародным удзелам (1-е месца, 2018 год). І гэта не выпадкова, паколькі галоўным распрацоўшчыкам дызайну, адміністратарам, а таксама адказным за запуск новых інтэрнэт-праектаў ва ўстанове з’яўляецца Таццяна Аляксандраўна.

Установа пад кіраўніцтвам Таццяны Кузьміч развіваецца стабільна і мае ў сваім актыве шэраг дасягненняў раённага, гарадскога і рэспубліканскага ўзроўняў. Удзел у конкурсах дае магчымасць кожнаму педагогу ўстановы рэалізоўваць свой творчы патэнцыял. Аднак вышэйшы пілатаж Таццяны Аляксандраўны — умелая арганізацыя калектыўнай працы, у працэсе якой раскрываюцца лепшыя якасці кожнага супрацоўніка. Важна толькі разгледзець іх, дапамагчы ў далейшым развіцці, высвеціць, а не зацямніць новыя імёны.

“Метадычная работа ў нашай установе па павышэнні прафесійнага ўзроўню педагогаў мае дыферэнцыраваны характар, — падкрэсліла Таццяна Кузьміч. — Класічныя формы работы мы дапоўнілі нестандартнымі, якія разлічаны на крэатыўных і творчых супрацоўнікаў. Ацэньваем дзейнасць кожнага педагога пры падвядзенні вынікаў і ўзнагароджваем лепшых. Сярод крытэрыяў эфектыўнасці педагагічнай дзейнасці — наведвальнасць групы выхаванцамі, колькасць пропускаў без прычын і захворванняў, удзел педагогаў у конкурсах і праектах установы, работа з бацькамі, арганізацыя прадметна-развіццёвага асяроддзя групы, імкненне выхавальнікаў да самаадукацыі і інш.

Матывацыйны менеджмент дазваляе ў поўнай меры задзейнічаць магчымасці ўсіх супрацоўнікаў, якія працуюць як адна каманда. Пры гэтым кожны ўдзельнік працэсу разумее і размяжоўвае паняцці “вынік” і “ўклад”. У першую чаргу, гэта адносіцца да творчай групы — педагогаў, якія здольны аператыўна, эфектыўна і якасна вырашаць пастаўленыя перад імі канкрэтныя задачы. Сёння мне як кіраўніку няма неабходнасці аддаваць распараджэнні. Дастаткова толькі арыентаваць супрацоўнікаў на актуальныя задачы, якія стаяць перад калектывам.

Укараненне сучасных падыходаў да пабудовы эфектыўнага ўзаемадзеяння ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і — яшчэ адзін важны арыенцір у маёй рабоце. Дні супрацоўніцтва, дзень дублёра, дзень пазітыву, інтэрнэт-праекты, фестывалі, квест-гульні і шашачныя турніры — спіс рэалізаваных праектаў можна працягваць. Галоўныя стратэгіі, якія выкарыстоўваем ва ўстанове, — стратэгія ўзгодненасці і ўключэння ў адукацыйны працэс. У рабоце з папячыцельскім саветам самы важны крытэрый — галоснасць, поўная справаздачнасць і калегіяльнае вырашэнне ўсіх пытанняў”.

Для арганізацыі адукацыйнага працэсу з выхаванцамі педагогі выкарыстоўваюць інтэрактыўную дошку, мультымедыйныя ўстаноўкі і караткафокусныя праектары. Праводзяцца заняткі з выхаванцамі па Lego-канструяванні з выкарыстаннем 3D-мадэлявання, па праектнай і даследчай дзейнасці. Ва ўстанове развіваецца сетка платных адукацыйных паслуг звыш базавага кампанента па кірунках “Харэаграфія”, “Замежная мова”, “Дзіцячы фітнес”, “Майстэрня тэхнічнага канструявання (Lego-канструяванне)”, “Творчая майстэрня: дзіцячы дызайн”. Напрацаваны станоўчы вопыт у адаптацыйнай групе “Кроха” для дзяцей, якія не наведваюць установу.

На працягу трох гадоў выхаванцы ясляў-сада № 239 Мінска з’яўляюцца пераможцамі раённага агляду-конкурсу даследчых работ “Я — даследчык”.

У 2014 годзе яслі-сад № 239 Мінска стаў пераможцам Рэспубліканскага конкурсу “Бяспечнае дзяцінства”. Установа з’яўляецца пераможцай гарадскога агляду-конкурсу “Формула сада” (у 2011 і 2015 гадах) і гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс развіцця сталіцы” (у 2015 і 2018 гадах). З 2016 года ўстанове прысвоены статус рэсурснага цэнтра па фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці ў выхаванцаў. Толькі ў рамках работы цэнтра па фарміраванні АБЖ у дзяцей дашкольнага ўзросту за апошнія два гады разам з сацыяльнымі партнёрамі ўстанова рэалізавала больш за 10 праектаў, сярод якіх “Прышпіліш — не згубіш”, “Бяспечная дарога”, “Бяспечныя педалі” разам з валанцёрамі Беларускага клуба аўтамотатурызму, “Асновы першай дапамогі з Генры і Алесяй” — з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа, праект “Мая вуліца” — разам з супрацоўнікамі УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама і інш. Можна гаварыць аб пераходзе ўстановы ад мадэлі сацыяльнага партнёрства да мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння.

Яслі-сад № 239 Мінска з’яўляецца базавай пляцоўкай АПА і МГІРА ў рамках праграмы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Педагагічны калектыў ясляў-сада пяты год утрымлівае пазіцыю лідара ў рэйтынгу дашкольных устаноў адукацыі Партызанскага раёна. У 2016 годзе яслі-сад занесены на раённую Дошку гонару ў намінацыі “Адукацыя”. Лагічным працягам поспехаў установы стала перамога ў гарадскім конкурсе “Лепшая ўстанова адукацыі — 2018”. Вытокі дасягненняў — камандная работа ўсяго калектыву, жаданне ўкараняць усё новае, а таксама давер да ініцыятывы і творчых знаходак маладых педагогаў.

“Змены ў нашым жыцці — з’ява непазбежная, — адзначае Таццяна Аляксандраўна. — Мы не можам проста назіраць за тым, што адбываецца навокал, неабходна развівацца самім, спрабаваць новае, нягледзячы на цяжкасці. Удзел у конкурсах значна пашырыў прафесійнае кола маіх асабістых інтарэсаў і зносін, даў разуменне і сур’ёзны штуршок для работы над сабой і сваім стылем кіраўніцтва. З гэтай мэтай у ліпені 2018 года я паступіла ў сеткавую магістратуру “Экспертыза якасці дашкольнай адукацыі” БДПУ імя Максіма Танка і РДПУ імя А.І.Герцэна (Санкт-Пецярбург). Важнае значэнне ў нашым калектыве надаецца развіццю сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы, прадметна-развіццёваму асяроддзю, добраўпарадкаванню тэрыторыі ясляў-сада, якую часта параўноўваюць з аазісам прыгажосці. Тым не менш я і мае калегі перакананы, што галоўнае не будынак установы, а ініцыятыва, ідэі і праекты, якія захапляюць, аб’ядноўваюць педагогаў, бацькоў і дзяцей. У гэтым кірунку плануем рухацца і далей”.

Надзея ЦЕРАХАВА.