Класны калектыў можна падзяліць на слабапаспяваючых, сярэдніх і адораных вучняў. Слабапаспяваючымі вучні становяцца па наступных прычынах: “хоча вучыцца, але не можа”, “можа, але не хоча”, “не хоча і не можа”.
Праблему першай групы вучняў можна растлумачыць адсутнасцю ў дзіцяці магчымасці засвоіць вучэбную праграму з-за сваіх фізічных і разумовых здольнасцей, другой групы — тым, што вучань слаба валодае навыкамі самастойнай работы, у яго адсутнічае цікавасць да асобных прадметаў, праблему трэцяй групы — напружанымі адносінамі з аднакласнікамі, недасканаласцю арганізацыі вучэбнай дзейнасці, нецікавымі ўрокамі, адсутнасцю індывідуальнага падыходу. Усім навучэнцам неабходна матывацыя.
Матывы навучання падзяляюцца на сацыяльныя, пазнавальныя, унутраныя, знешнія. Сацыяльныя матывы — гэта адказнасць, усведамленне сацыяльнай значнасці вучобы, мэтанакіраванае імкненне заняць дастойную пазіцыю ў грамадстве. Пазнавальныя матывы — жаданне аволодаць новымі ведамі, уменнямі, навыкамі. Унутраныя матывы — атрыманне ад дзейнасці, ад яе вынікаў, імкненне да поспеху, асэнсаванне неабходнасці вучобы для жыцця ў будучыні, вучоба як магчымасць зносін. Знешнія матывы — адзнакі, выкананы абавязак, вучоба для прэстыжу, лідарства, матэрыяльныя ўзнагароды, пазбяганне пакарання з боку бацькоў.
Матывацыяй абумоўліваецца мэтанакіраванасць дзейнасці, яе арганізаванасць і ўстойлівасць. Інтарэсы, жаданні, намеры, задачы і мэты іграюць інструментальную ролю ў сістэме матывацыйных фактараў.
У фарміраванні вучэбнай матывацыі асабліва значным з’яўляецца зацікаўленасць (інтарэс). Інтарэс дзіцяці да навакольнага свету і канкрэтнага прадмета служыць неабходнай перадумовай навучання. Пры наяўнасці ўстойлівай зацікаўленасці аблягчаецца працэс развіцця ў навучэнца кагнітыўных (пазнавальных) функцый і жыццёва важных уменняў. У вучня, які адчувае зацікаўленасць вывучаемай тэмай, узнікае жаданне праводзіць доследы, пашыраць свой кругагляд шляхам набыцця новай інфармацыі.
У Сапоцкінскай сярэдняй школе творчай групай настаўнікаў праводзіліся мікрадаследаванні па выяўленні матывацыі вучняў.
Мікрадаследаванне 1. Матывацыя дзейнасці вучня на ўроку і стварэнне ўмоў для яго развіцця. Мэта — выявіць узровень матывацыі дзейнасці вучняў; ацаніць дзейнасць настаўніка па фарміраванні станоўчай матывацыі; вызначыць узровень матывацыі і выпрацаваць рэкамендацыі па яе павышэнні.
У ходзе анкетавання вучняў школы было выяўлена наступнае. На пытанне “На якім уроку бывае цікава?” вучні адказалі: беларуская літаратура і музыка (84%), руская мова (75%), “Чалавек і свет” (72%), англійская мова (67%); усім вучням (100%) падабаецца атрымліваць добрыя адзнакі, бацькі прымушаюць вучыцца 58% апытаных вучняў; вучацца з пачуццём адказнасці 67% вучняў, 85% апытаных вучняў імкнуцца даведацца больш, чым патрабуе настаўнік.
Мікрадаследаванне 2. Узаемадзеянне вучня і настаўніка на ўроку з пазіцыі развіццёвага навучання. Мэта — выявіць суадносіны форм і метадаў работы настаўніка з патрабаваннямі развіццёвага навучання; ацаніць характар узаемадзеянняў; вызначыць патрэбнасці вучняў, выпрацаваць рэкамендацыі па рэгуляванні і карэкцыі вучэбных заняткаў.
Пры правядзенні мікрадаследавання па вызначэнні стану і характару ўзаемадзеяння настаўніка і вучня ў працэсе вучэбна-пазнавальнай дзейнасці ў выніку анкетавання настаўнікаў і вучняў была выяўлена адпаведнасць па наступных пазіцыях:
* вучні сустракаюць настаўніка добразычліва,
* матывацыя да вучэбнай дейнасці ажыццяўляецца праз пастаноўку мэт урока,
* мэты заняткаў адпавядаюць рэальным вучэбным магчымасцям вучняў,
* характар вучэбнай дзейнасці канструктыўны,
* паміж вучнямі і настаўнікамі склаўся ліберальны стыль зносін.
Мікрадаследаванне 3. Анкетаванне настаўнікаў, мэта якога — вывучэнне ўзроўню авалодання настаўнікам асноўнымі метадамі матывацыі і стымулявання дзейнасці вучняў.
Падчас анкетавання настаўнікаў нашай школы было выяўлена наступнае:
* сярод эмацыянальных метадаў матывацыі пераважалі такія, як заахвочванне і стварэнне сітуацыі поспеху, стымулюючае ацэньванне,
* сярод пазнавальных метадаў матывацыі найбольшая колькасць балаў прысуджана пазнавальнаму інтарэсу і апоры на жыццёвы вопыт вучняў, стварэнне праблемнай сітуацыі, заахвочванне да пошуку альтэрнатыўнага рашэння, выкананне творчых заданняў,
* сярод валявых метадаў матывацыі пераважаюць: прад’яўленне вучэбных патрабаванняў, інфармаванне аб абавязковых выніках навучання, рэфлексія,
* сярод сацыяльных метадаў матывацыі пераважаюць: пошук кантактаў і супрацоўніцтва, развіццё жадання быць карысным грамадству, стварэнне сітуацыі ўзаемадапамогі, зацікаўленасць у выніках калектыўнай работы, узаемаправерка.
Аналізуючы суадносіны розных груп метадаў матывацыі і стымулявання вучэбнай дзейнасці вучняў, можна зрабіць выснову, што ў рабоце настаўнікаў школы пераважаюць валявыя метады матывацыі — 81%, эмацыянальныя метады склалі 72%, сацыяльныя — 70%, пазнавальныя — 69%.
Па выніках мікрадаследаванняў творчая група настаўнікаў і метадычны савет школы выпрацавалі рэкамендацыі па павышэнні матывацыі вучняў і настаўнікаў. У выніку нашай дзейнасці якасць навучання (5—10 балаў) у школе ў бягучым годзе павысілася на 1,5% (у параўнанні з мінулым навучальным годам).
Павысілася колькасць вучняў трэцяй ступені навучання, якія занялі прызавыя месцы на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (у 2013/2014 навучальным годзе 6 дыпломаў: 1 дыплом І ступені, 3 дыпломы ІІ ступені, 2 дыпломы ІІІ ступені, у 2014/2015 — 8 дыпломаў: 2 дыпломы І ступені, 2 дыпломы ІІ ступені, 4 дыпломы ІІІ ступені).
На трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды ў гэтым навучальным годзе вучаніца 10 класа атрымала дыплом ІІІ ступені па грамадазнаўстве (настаўнік — Н.М.Колбік).
У 2013/2014 навучальным годзе на раённым этапе алімпіяды па вучэбных прадметах вучні ІІ ступені навучання атрымалі 14 дыпломаў (5 вучняў заваявалі дыпломы І ступені, 4 вучні — дыпломы ІІ ступені, 5 вучняў — дыпломы ІІІ ступені).
На раённым конкурсе даследчых работ навучэнцаў “Першыя крокі ў навуку” вучні школы занялі 5 прызавых месцаў: 1 вучань атрымаў дыплом ІІ ступені, 4 вучні — дыпломы ІІІ ступені.
Настаўнікі школы вядуць актыўную работу па далучэнні вучняў да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных прадметных конкурсах. Высокіх вынікаў дасягнулі вучні школы ў конкурсах “Каласок”, “Вавёрка”, “Жураўлік”, “Буслік”, “Кенгуру”, “Зубраня”.
Свой вопыт работы настаўнікі школы трансліруюць на абласных (Н.Я.Сушко, А.С.Янулевіч) і раённых семінарах (У.Г.Грынцэвіч, Л.С.Рожыц, Е.П.Касцюшка, П.А.Філітовіч). Такім чынам, мэтанакіраванае сістэматычнае прымяненне розных форм і прыёмаў развіцця вучэбнай матывацыі ў навучэнцаў умацоўвае жаданне дзяцей авалодваць ведамі і фарміруе ў іх устойлівы інтарэс да большасці вывучаемых прадметаў. Вучань — гэта не посуд, які можна напоўніць, а свечка, якую трэба запаліць і зрабіць ўсё для таго, каб яна не патухла.
Жадаю ўсім калегам пакарэння новых вяршынь з дапамогай моцнай унутранай матывацыі.
Люцына РОЖЫЦ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Сапоцкінскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.