Матывацыя, прадуманы комплекс мер і надзейныя партнёры

- 15:45Рознае, Якасць адукацыі
Ва ўмовах сістэмнай мадэрнізацыі вытворчасці прамысловасці краіны неабходны граматныя кадры, якія валодаюць сучаснымі тэхналогіямі. Запатрабаванасць рабочых кадраў і спецыялістаў з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй пастаянна ўзрастае. Але пад уплывам шэрага адмоўных тэндэнцый (з якіх у першую чаргу варта прыгадаць дэмаграфічны крызіс, павелічэнне працоўнай міграцыі, матываванасць пераважнай большасці абітурыентаў на атрыманне вышэйшай адукацыі) на рынку працы і адукацыйных паслуг назіраецца дысбаланс паміж попытам і прапанаваннем. Адным з наступстваў гэтай сітуацыі з’яўляецца зніжэнне колькасці выпускнікоў 9 і 11 класаў, якія паступаюць ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Тым не менш некаторыя з іх паспяхова спраўляюцца з адвечнымі праблемамі набору абітурыентаў і падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых кадраў. Сярод такіх устаноў можна назваць Аршанскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж.
Сацыяльнае партнёрства як аргумент эфектыўнасці

— Наша дзейнасць арыентавана на падрыхтоўку кадраў для перапрацоўчай прамысловасці, а ў ёй, як вядома, якасць прадукцыі ў пераважнай ступені вызначае сыравіна. У дачыненні да кадраў, якія рыхтуе каледж, гэтае правіла таксама дзейнічае: каб паспяхова працаваць і развіваць вытворчасць, сёння працадаўца сам павінен вызначаць якасць абітурыентаў — будучых работнікаў свайго прадпрыемства, — лічыць дырэктар каледжа Генадзь Сіняўскі. — Той прыйдзе на прадпрыемства, хто яшчэ да заканчэння вучобы ведае сваё будучае рабочае месца, імкнецца працаваць менавіта там. Найперш гэта тычыцца мэтавага набору. У гэтым плане сувязі з мясцовымі прадпрыемствамі ў нас наладжаны, як і з партнёрамі з іншых рэгіёнаў. У асноўным паступаюць іншагароднія — у нас толькі 28 студэнтаў з Аршанскага раёна. Шырока прадстаўлены Талачынскі, Дубровенскі раёны Віцебскай, Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці, Гродна, Брэст — з гэтых рэгіёнаў традыцыйна прыязджаюць да нас вучыцца. Чаму? Мы аналізавалі статыстыку і высветлілі: асноўная прычына — сямейныя дынастыі! Тыя, хто заканчваў нашу навучальную ўстанову, накіроўваюць сюды сыноў і дачок — гэта ўстойлівая тэндэнцыя. З мінулага года, пасля арганізаванай па ініцыятыве ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама міжгаліновай рэспубліканскай нарады, узаемадзеянне з заказчыкамі кадраў значна актывізавалася. Напрыклад, упершыню па мэтавым наборы да нас паступілі навучэнцы з Гомеля і Мазыра, Калінкавіч. Але ў выбары ўстановы адукацыі ці не галоўную ролю адыгрывае рэнтабельнасць прадпрыемства. Прафесійныя намеры выпускніка школы ў найбольшай ступені дыктуюць памер будучай зарплаты і сацыяльны пакет. Канечне, сказанае не зніжае ролю навучальнай установы: тое, наколькі мы прэстыжныя сёння на адукацыйнай прасторы Беларусі, наколькі якасныя веды даём, які спектр адукацыйных паслуг і магчымасці культурнага адпачынку прадастаўляем, таксама мае вырашальнае значэнне.
Вопыт каледжа пераконвае: арганізацыя падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў павінна быць заснавана на прынцыпах сацыяльнага партнёрства. На ажыццяўленне гэтай мэты трэба накіроўваць унутраныя рэсурсы як навучальнай установы, так і ўсіх зацікаўленых бакоў — галіновых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, органаў улады і кіравання адукацыяй, педагагічнага калектыву, навучэнцаў і іх бацькоў.
— Вельмі дзейсны сродак прафарыентацыі — рэклама навучэнцаў, — працягвае Генадзь Анатольевіч. — Пра каледж, сацыяльна-бытавыя ўмовы, якім цікавым жыццём мы жывём, якую прафесію і перспектывы атрымліваем — усё гэта найлепш расказваюць равеснікам навучэнцы. Ці не эфектыўны, напрыклад, такі аргумент на карысць паступлення: “Ведаеш, сябар, а я быў на практыцы ў Брэсце, прыехаў — прывёз 6-7 мільёнаў зарплаты!”. Лічбы адчувальныя, хаця зразумела, што практыка — толькі старт. Да таго ж у нас 100-працэнтнае працаўладкаванне, а па мясным профілі на аднаго выпускніка прапаноўваецца 3-4 месцы ў рэспубліцы. Акрамя рабочых розных спецыяльнасцей для перапрацоўчай прамысловасці, прадаўцоў, слесараў халадзільнага абсталявання (якія ў нашай галіне вельмі важныя), рыхтуем і тэхнолагаў.

Здароўе перш за ўсё

Прыярытэтнымі напрамкамі ў арганізацыі вучэбна-выхаваўчай прасторы на першай ступені навучання ў каледжы з’яўляюцца стварэнне здароўезберагальнага асяроддзя, актыўная выхаваўчая работа з навучэнцамі і практычнае азнаямленне з асновамі прафесіі.
— Наш выпускнік павінен мець трывалыя веды і практычныя навыкі па спецыяльнасці, быць здольным хутка адаптавацца да ўмоў вытворчасці і ў працоўным калектыве, выконваць працоўныя заданні і нарматывы, рэалізоўваць у прафесійнай дзейнасці свае здольнасці і творчы патэнцыял. Але гэтаму ёсць дзве неабходныя ўмовы — здароўе і выхаванасць, — упэўнены Генадзь Сіняўскі. — У каледжы адкрыты медыцынскі цэнтр з сучаснымі стаматалагічным і гінекалагічным кабінетамі. Тыя, хто да нас паступае, за першыя два месяцы праходзяць паглыблены медыцынскі агляд у васьмі спецыялістаў — так мы атрымліваем дакладныя звесткі аб стане здароўя кожнага навучэнца. У абавязковым парадку лечым зубы — на жаль, гэта многім неабходна. Калі нашы хлопцы потым прыходзяць у ваенкамат, а далей накіроўваюцца на службу ў армію, да нас даходзяць водгукі медкамісій: кажуць, дзіўна, з гэтай навучальнай установы прыходзяць падрыхтаваныя навабранцы, нам не трэба займацца нават санацыяй. Гінекалагічны кабінет мае не меншае значэнне — у нас жа 67 працэнтаў дзяўчат вучыцца, а гэта будучыня дзяржавы, да захавання іх здароўя нельга падыходзіць фармальна і абыякава! Увогуле трэба данесці да свядомасці навучэнцаў простую ісціну: трэба не змагацца з хваробай, а яе папярэджваць. Своечасова выявіш збой у рабоце арганізма — і хопіць лёгкай тэрапіі; запушчаная хвароба лечыцца значна складаней. А калі чалавек здаровы, ён лёгка ўспрымае веды. (Трэба сказаць, што медыцынскі цэнтр абслугоўвае і мясцовае насельніцтва. — Заўв. аўт.)
Другі напрамак рэалізуецца праз далучэнне навучэнцаў да культурна-масавых мерапрыемстваў. У каледжы праводзіцца вялікая гуртковая работа, навучэнцы атрымліваюць магчымасць шматгранна развівацца ў культурным плане. Прадугледжана наведванне і вывучэнне ўсіх знакамітых мясцін Оршы, яе ваколіц, арганізуюцца паездкі па Віцебскай вобласці, Беларусі і за яе межы (у прыватнасці, нядаўна навучэнцы пабывалі на экскурсіі ў Мірскім замку).
— Вялікую работу праводзім па прафарыентацыі — я маю на ўвазе супрацоўніцтва з іншымі навучальнымі ўстановамі, — зазначае дырэктар. — Так, з Даўгаўпілскім медыцынскім каледжам сябруем на працягу 5 гадоў. Нядаўна ў нас зноў пабывала іх дэлегацыя. Медыцына не наш профіль? А хто зацвердзіў, што кантакты павінны развівацца толькі паміж галіновымі ўстановамі адукацыі? Якую б прафесію ні атрымала дзіця — тое, якой асобай яно стане ў прафесіі, залежыць ад педагога. Задача выхаваць “у здаровым целе здаровы дух” спрадвеку аб’ядноўвае настаўніцтва, гэта мэта сустрэч, рэспубліканскіх і міжнародных нарад, семінараў, канферэнцый, якія мы праводзім. Зараз актывізуем партнёрства з Ніжнім Ноўгарадам. Аднак тут крыху іншая мэта: хацелася б прывабіць расійскіх абітурыентаў вучыцца ў нас. Будзем рухацца на Усход і, адпаведна, абменьвацца вопытам.

Калі любоў да працы — не абстракцыя

Работа з навучэнцамі ў каледжы мае сістэмны характар і ярка выражаную цыклічнасць. Традыцыйна ў першыя два месяцы восені навучэнцы адпраўляюцца на сельгасработы.
— У нас выдатныя адносіны з Талачынскім кансервавым заводам, куды нашы дзеці выязджаюць збіраць яблыкі ў садзе, — расказвае Генадзь Анатольевіч. — Гэтая традыцыя падтрымліваецца ўжо на працягу чатырох гадоў. Наш сельгасатрад, дарэчы, летась заняў другое месца ў абласным спаборніцтве сярод сельгаскаледжаў. Усе навучэнцы, якія ўдзельнічалі ва ўборачнай кампаніі, акрамя заробленых грошай з прэміяльным фондам, атрымалі яшчэ дадатковую прэмію. Выдатны зачын — а мы ў спаборніцтве першы год удзельнічалі!
Кастрычнік заканчваецца — у каледжы пачынаюць кіпець спартыўныя страсці. Дзяўчаты з Аршанскага ДПТК па выніках спартакіяды ў мінулым годзе былі другія ў вобласці; ёсць тут моцныя каманды па баскетболе, валейболе.
— Спортам ахоплены ўсе: спаборнічаюць у тым жа футболе, баскетболе, а яшчэ шахматах, шашках, іншых відах спорту — паміж паверхамі ў інтэрнаце, старшыя курсы з малодшымі, — зазначае галоўны завадатар, дырэктар каледжа. — Між тым не трэба і пра вучобу забывацца — дружна садзімся за парты. Пасля канікулярнага зімовага часу ў нас пачынаецца сістэма практык, але фактычна практыкі ў нас праходзяць на працягу года (на Аршанскім мясакансервавым камбінаце і брэндавых холдзінгавых кампаніях, якія займаюцца харчовай перапрацоўкай). Зарабляем нядрэнныя грошы, потым з іх выдзяляюцца сродкі на зарплату майстрам вытворчага навучання і развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Папярэдняе размеркаванне не за гарамі, традыцыйна пачынаем яго ў сакавіку. Да гэтага часу ўсе заяўкі ўжо сабраны, дзеці свае пажаданні таксама выказваюць. Пры наяўнасці запыту іх стараемся ўлічыць у першую чаргу. Наш абітурыент у асноўным з вёскі. Гэта дзеці, якія прывыклі да працы, а ў перапрацоўчай прамысловасці яна складаная і фізічна цяжкая, таму нашы навучэнцы і выпускнікі маюць высокую каціроўку ў рэспубліцы. У заключэнне хачу дадаць: пра тое, што праблемы прафесійнай адукацыі выкліканы толькі аб’ектыўнымі, непераадольнымі фактарамі, можна пачуць часта. Яно так, але калі ў прыватным парадку звярнуцца да нашай практыкі… Не магу сказаць, што ёсць горшыя і лепшыя працоўныя месцы — дрэнных сёння нашым выпускнікам проста не прапануюць. Як, дарэчы, не бывае і дрэнных навучэнцаў: у нас адсутнічаюць адлічэнні і крымінальныя правапарушэнні. І, відаць, няма і непераадольных цяжкасцей — патрэбна толькі матывацыя, прадуманы комплекс мер і надзейныя партнёры, каб паспяхова з імі справіцца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.