Матываваць і наймальніка, і работніка да пастаяннага прафесійнага росту

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапануе ўдасканаліць сістэму перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў, паведамілі ў прэс-службе ФПБ.

Гэтая тэма абмяркоўвалася на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, якое прайшло ў штаб-кватэры федэрацыі. “Вытворчасці, якія праходзяць мадэрнізацыю, безумоўна, маюць патрэбу ў тым, каб работнікі пастаянна павышалі сваю кваліфікацыю. У сувязі з гэтым мы ставім перад нашымі сацыяльнымі партнёрамі пытанне аб неабходнасці ўдасканалення сістэмы бесперапыннага навучання. Сёння неабходна матываваць і наймальніка, і работніка да пастаяннага прафесійнага росту. Ад гэтага залежыць непасрэдна прадукцыйнасць працы, а значыць і эфектыўнасць работы прадпрыемства і заработная плата работніка”, — адзначыў старшыня ФПБ Міхаіл Орда.

У якасці прыкладу быў прыведзены вопыт многіх вядучых кампаній у сферы ІТ, дзе работнікам літаральна прапісваецца дарожная карта развіцця: калі, дзе і чаму ён можа навучыцца, як гэта будзе ўплываць на яго кар’ерны рост і заработную плату. “Такую сістэму неабходна ўкараняць ва ўсіх сферах і на ўсіх вытворчасцях. Гэта можна рэалізаваць і праз стварэнне спецыяльных цэнтраў перападрыхтоўкі пры вядучых прадпрыемствах краіны, і праз удасканаленне работы галіновых інстытутаў павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Адпаведныя прапановы мы маем намер закласці ў новае генеральнае пагадненне, над якім цяпер вядзецца работа”, — падкрэсліў Міхаіл Орда.

У час пасяджэння савета ўрад, аб’яднанні наймальнікаў і прафсаюзаў абмеркавалі пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі за пяць месяцаў гэтага года, развіцця рынку працы і садзейнічання занятасці насельніцтва.

Як адзначылі ў ФПБ, напружанасць на рынку працы знізілася. Колькасць вакансій на 39,6 працэнта большая, чым у мінулым годзе. У сувязі з гэтым бакі прадоўжаць работу па недапушчэнні звальнення работнікаў з-за ліквідацыі арганізацыі, скарачэння колькасці штату без далейшага працаўладкавання.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *